Выбрать главу

– Цяпер буду займацца толькі карыснай справай. А пра тое, што тут закапаны мой тарантас, прашу, таварышы леснікі, нікому ні слова. Развязаў нарэшце рукі. Хоць і шкада – машына добрая была. Капрызная, праўда, як баба…

31.

У бальнічнай палаце было шэсць ложкаў, і ўсе занятыя. Хворыя тут падоўгу не затрымліваюцца: зрабілі аперацыю на воку – паставілі штучную лінзу, ці, як мы кажам, – хрусталік, і калі ўсё добра, праз два-тры дні выпісваюць. Канвеер. Паставіць лінзу – справа не танная, калі імпартную ўзяць, то дзесьці блізка да мільёна. З усімі інструментамі і працай медыкаў. Вядома, не кожнаму па кішэні такая аперацыя, трэба ашчаджаць, бо хворыя на вочы, як правіла, пенсіянеры, людзі сталага веку.

Суседзі па палаце пра гэтага чалавека мала што ведалі. Дзед і дзед. Ціхі, маўклівы. Калі мужчыны байкі баяць, пра сябе расказваюць, ён застаецца ў баку. Ніяк не рэагуе. Корпаецца ў сваёй тумбачцы, перабірае нешта там, зрэдку выходзіць у калідор. Толькі адзін раз, калі вясковец, выпрацаваны стары, паскардзіўся, што дарагавата ўсё ж гэтая працэдуцра для пенсіянера, ён, не хаваючы іроніі, заўважыў:

– А як вы хацелі? Бясплатна? Не той час.

Вясковец нічога не адказаў: мабыць, і сапраўды так.

Некалі гэты маўклівы дзед быў вялікім начальнікам абласнога масштабу. І калі большасць хворых адкладвалі, не сакрэт, з пенсіі патроху на хрусталік, то ён – а пенсія ў яго, відаць, значна большая – звярнуўся на ранейшае месца за дапамогай.

Мо таму і маўчаў, што сорамна зрабілася перад астатнімі?

ЧОРНЫ КОТ

Сёння ранкам, ідучы праз школьны двор, сутыкнуўся з хлопчыкамі, якія выбеглі насустрач мне з-за вугла будынку, нечым, па ўсяму было відаць, дужа ўстрывожаныя … і з каменьчыкамі ў руках.

– Дзе ён, дзе? – калі яны раптам спыніліся, похапкам хапаючы прастору вакол сябе вачыма, спытаўся адзін з іх і роспачна прамовіў. – Уцёк!..

Я пацікавіўся, каго яны шукаюць. Хлопцы не адказалі. Ды ім і не было калі гэта зрабіць – з-пад кусціка з усяе моцы шмыгануў чорны кот, і арава панеслася за ім, на хаду цаляючы ў бедалагу каменьчыкамі. Трапнасцю з іх ніхто не вызначыўся, да маёй задаволенасці і радасці, кот знік у суседнім двары, і хлопцы, не ведаючы што рабіць далей з каменьчыкамі, вярталіся назад. Не перамаглі. Прайгралі. Каменьчыкі кінулі тут жа сабе пад ногі, а запэцканыя рукі выцерлі аб парткі: маці памые.

– Спяшаецеся? – пацікавіўся, бы між іншым, я ў хлопчыкаў, а сам прыкінуў, што яны вучацца ў чацвёртым-пятым класе.

Адазалі: не, не спяшаюцца. Настаўніцу некуды выклікалі пасярод урока, яны чакалі-чакалі яе і рашылі выйсці на сваежае паветра. Тут ім і падвярнуўся чорны кот.

– А што вам такога кепскага зрабіў той чорны кот, за якім вы так апантана гналіся і мецілі ў яго каменьчыкамі? – пацікавіўся я.

Вучні пераглянуліся, разводзілі рукамі, паціскалі плячыма. Адзін з іх, той самы, што са шкадаваннем вымаміў крыху раней “Уцёк!”, абыякава адказаў:

– Ды проста… А што, нельга?

Пасмялеў і другі:

– Хай не ходзіць…

– Чужая, значыць, тэрыторыя, – не адступаў і я, ішоў услед за вучнямі, якія ўжо нуль увагі на мяне, у іх свае справы.– Пачакайце. Затрымайцеся. – На маё здзіўленне, яны спыніліся. – Што ж гэта атрымліваецца, сябры мае? Сёння кату нельга гуляць па тэрыторыі школы, а заўтра паляцяць каменьчыкі у мяне? Так? Ці ў іншых? У вас што, так моцна рукі свярбяць?

Павісла паўза. Відаць, падзейнічалі мае словы, кранулі, і яны задумаліся: а мо і праўду кажа дзядзька? І яны наперабой пачалі апраўдвацца. З усяго пачутага зразумеў адно: чалавека яны б ніколі не кранулі, ну а з катом хацелі пазабаўляцца. Усяго-наўсяга. “Гэта ж кот!” На пытанне, а калі б патрапілі ў яго, паранілі ці наогул забілі, яны зрабілі такія бездапаможныя і вінаватыя міны, што і мне нічога не заставалася, як сказаць ім: больш так не рабіце, мае дарагія. Бачу, шкадуеце, што пагналіся за катом і шпурлялі ў яго каменьчыкамі. Гэта добра, што ўсё так добра скончылася.