– Даруйце, мы больш не будзем, – пачуў я ад аднаго з іх.
Пахваліў, што дайшло, што зразумелі. І паколькі ў іх быў час, як я зразумеў, то прапанаваў ім паслухаць адну жудасную гісторыю, што адбылася ў маім дзяцінстве. Яна таксама пра чорнага ката. Хаця, магчыма, больш пра людзей, пра іх жорсткасць.
Як цяпер помню – было лета 1957 года. Я з бацькамі-настаўнікамі жыў тады ў вёсцы Іскань Быхаўскага раёна. І побач з нашай хатай пачалі будаваць клуб. Будаўнікі былі з суседніх вёсак, не мясцовыя, і мне, дзесяцігадоваму падшыванцу, было цікава назіраць, як дужыя хлопцы склюдавалі бёрны, засякалі вуглы. Было шмат трэсак, і нам, малечы, дазвалялася браць іх і цягаць дахаты. Што мы наперабой і рабілі. Менш цікавіла нас, як будаўнікі рабілі падмурак. Да пэўнага, прабачце, часу. Разінуўшы раты, мы, трэскацягальнікі, назіралі, як пад дружны рогат сваіх напарнікаў адзін з будаўнікоў прынёс аднекуль чорнага ката і сілком утрымліваючы яго, пачаў замуроўваць у падмурак. Жывога. Як не біўся кот, як не змагаўся за сваё жыццё, яго лёс быў вырашаны.
Потым у гэты клуб я хадзіў гартаць газеты і часопісы, гуляць у шашкі і даміно, а калі падрос, танчыў з дзяўчатамі, а тое здарэнне з катом ніколі не выходзіла з галавы. Нават і цяпер, прыязджаючы ў вёску, я гляджу на той вугал, дзе быў замураваны чорны кот. І ў мяне псуецца настрой. І хочацца вярнуцца ў дзяцінства, у тое далёкае лета 1957 года, і крыкнуць: што ж вы робіце, дзядзькі?!.. Не чапайце ката!... Ён жыць хоча!.. Жыць!.. Чуеце?! Не трэба нам вашы трэскі!.. Забярыце іх!.. Толькі адпусціце ката!..
Тады і я, і мае сябры маўчалі. За што я дакараю сябе і сёння. Хоць што з мяне, блазнюка, тады можна было ўзяць?
А што да вучняў, якія ганяліся за катом, то яны моўчкі даслухалі мяне і пайшлі. Нічога не сказалі. Павярнуліся, і пайшлі… Нетаропка. Толькі, заўважыў, яны больш глядзелі сабе пад ногі. Не думаю, што зноў выглядвалі каменьчыкі… Не думаю…
БАБУЛІН ПІРОГ
Учора Максім паехаў у вёску – пасвіць кароў. Там жыве яго бабуля па маці, і старой трэба дапамагаць. Паехаў са скрыпам, да апошняга сядзеў за капм’ютэрам, спадзяваўся: а раптам пашанцуе – бацькі не заедуць? Не пашанцавала. Там у вёсцы і мая хата, а паколькі хаджу на працэдуры ў паліклініку і адчуваю сябе не надта камфортна, папрасіў унука зазірнуць у садок і прывезці торбу яблыкаў, бо сам пакуль адвярнуцца не магу. “Бабуля пачастуе нас смачнымі пірагамі”. Набраць яблыкаў – не кароў пасвіць, таму ўнук пагадзіўся ахвотна. Тым больш ён, блазнюк, ведае: з дзедам трэба сябраваць, у дзеда кам’ютэр, і той, калі нічога не піша сам, уступае яму месца – бывае, і на ўвесь дзень.
Я чакаю яблыкі, якія прывязе унук. І думаю пра яго. Кім ён вырасце? Прыгадваюцца розныя непрыстойныя гісторыі пра падлеткаў, убачаныя па тэлебачанні, пачутыя ад людзей… А мне адразу падумалася: няўжо і мой унук здатны на такое? Не, што вы! Каб і мой?!.. Так падумаў бы на маім месцы кожны дзед, тым больш – кожная бабуля, натура яшчэ больш схільная да ідэалізацыі сямейных устояў. Дык хто ж тады псуе вонкавы выгляд нашых будынкаў, якія да так званых графіці мелі сёння сапраўды еўрапейскі выгляд? Адкуль такое – псаваць, крамсаць, кідаць, пляваць, кірхаць, гагатаць ў грамадскім транспарце жывёльным гогатам, ад чаго некаторым слабым здароўем людзям, упэўнены, робіцца зусім кепска?
Няўжо на такое здольны і мой унук? А калі і ён у натоўпе? Як ён паводзіць сябе, цікава? Не жыве ж ён сам па сабе. Вакол – сябры. Каманда. Дома ж яны амаль што ўсе – хоць у вуха кладзі замест ваткі, мабыць. Аднак, аднак… Адзін мой знаёмы неяк прызнаўся, што выпадкова апынуўся побач з купкай хлапчукоў на гуллівай гарадской вуліцы, сярод іх быў і ягоны сын, выдатнік, актывіст БРСМ. Майму знаёмаму было сорамна стаяць побач з хлапцамі, бо размаўлялі тыя, выкарыстоўваючы, як кажуць, толькі ненарматыўную лексіку. Праз слова – мацюк. Адборны. І кожны стараўся вымавіць тое слова як мага гучней, каб падкрэсліць акаляючым, які ён, бачце вы, герой. Пачуў тое ж самае ён і ад свайго сына. А калі парастак убачыў бацьку, перапалохаўся не на жарт: вось трапіў дык трапіў у пастку. Мой знаёмы амаль за руку вывеў сына з натоўпу, той не ўпарціўся, хоць перад сябрамі і адчуў сябе няёмка. “Гляньце, Арцём пад каўпаком!”– так, відаць, падумалі яны. Але перакананы: на месцы Арцёма кожны б стаў ягнём перад бацькам, кожны… Хаця, не пярэчу, той-сёй і паспрабаваў бы паказаць свой нораў. Ад безысходнасці. Але ненадоўга.
Мне, прызнаўся знаёмаму, у такой сітуацыі ўнука захапіць не выпадала. Але, мусіць жа, і ён не анёл. Цалкам не ручаюся. І паляваць за ім не збіраюся. Мая стрэльба – слова, і я нарэшце пагавару з ім як мужчына з мужчынам. Усё ж унуку семнаццаты год, дзесяцікласнік, цікавяцца ім дзяўчынкі і ён імі, разбіраецца ў камп’ютэры, любіць кіно, канцэрты…і вуліцу. Адным словам, нам будзе пра што пагаварыць. І абавязкова трэба расказаць яму пра сваё вясковае жыццё, якое ўнук так не любіць, усяляк стараецца ўвярнуцца, каб не паехаць да бабулі і не дапамагчы ёй па гаспадарцы. Не любіць працаваць, гультай расце? Так не сказаў бы. Ніводнага разу не адмовіў, калі прасіў што зрабіць. Хоць якая тут у нас, гарадскіх, праца для яго? Збегаць у краму ці вынесці смецце, калі нам не хочацца лішні раз апранацца? Прыпаласосіць падлогу? Падмесці? Забраць газеты ў паштовай скрынцы? Канешне ж, не параўнаць, што мы, вясковыя дзеці, рабілі. Але то – мы, яны ж жывуць сёння у іншым вымярэнні, жывуць на асфальце і ў вёсцы бываюць наскокам, а яшчэ дакладней сказаць – гасцямі. А што ты возьмеш з госця! Добра яшчэ, што ўнук адчувае сябе ўтульна ў горадзе, і пакуль – паляпаем тройчы па дрэве! – ніводнага разу ім не цікавілася міліцыя. Плюс, вядома. Але маецца ўсё ж і вялікі мінус – камп’ютэрныя гульні і іншыя забавы, якія моцна прывязалі Максіма да кватэры і значна скарацілі яго дварова-вулічны час. Жонка радуецца: не спалохай, хай сядзіць за камп’этэрам, менш па вуліцы бегаць будзе. Ну яе, вуліцу!