Выбрать главу

Я разумею жонку. Так спакайней. Хаця ж і адмаўляць двор, вуліцу нельга. Там – сябры, патаемныя мясціны дзяцінства. Там – зусім іншае жыццё, чым у чатырох сценах. Назавіце мне чалавека, якім б не хваляваўся, адпраўляючы сына альбо ўнука ў тое зусім іншае жыццё? Хоць і ненадоўга. Хоць на некалькі гадзін. Але ж іншы раз хапае і хвіліны-другой, каб пацягнуцца да таблеткі… І ад гэтага нікуды ні падзецца, на вялікі жаль. Існуюць дабро і зло, любоў і нянавісць, і з усім гэтым страчаюцца на сваім жыццёвым шляху нашы дзеці. Адны па гэты бок, іншыя – па той… Нам хочацца, каб нашы – самыя любімыя, самыя бязгрэшныя – былі заўсёды там, дзе пануе толькі ДАБРО.

...Максім прывёз – як завязаць – торбу яблыкаў. Трэба было бачыць яго вочы. Свяціўся ўвесь. Я падзякаваў. Ну, а заўтра я ўсё ж набяруся смеласці і пагавару з ім начысціню. Пра тое, як жыве, што хвалюе, непакоіць. Як наогул паводзіць ён сябе на вуліцы. Будзем есці бабулін пірог і размаўляць. Абавязкова.

Гумарэскі

ВЫЛЯЧЫЎ

Дзён колькі назад Іван Сідаравіч сабраўся аднесці кніжкі ў бібліятэку. Не здзіўляйцеся: у адрознене ад многіх іншых, ён не здрадзіў свайму ранейшаму захапленню, не паддаўся на спакусы тэлебачання, а як чытаў кнігі так і чытае. Пра інтэрнэт яму, разважаў, і зусім думаць позна: гэта ўнукаў занятак, а кніга яна і ёсць кніга.

Загрузіўшы прачытаныя томікі ў пакет, Іван Сідаравіч, атрымаўшы заадно ад жонкі заданне што купіць па дарозе з бібліятэкі – каб, па яе меркаваннях, парожнім не хадзіў – ён і выйшаў на ганак. Стаяў цёплы сонечны дзень, наўкола гулі аўтамашыны і весяліліся на пляцоўках дзеці, а на лаве, што ў пад’ездзе, сядзеў мужчына ў пакамечаным касцюме, у несамавітых акулярах, шкельцы якіх былі нават зусім розныя: одно празрыстае, другое – цёмнае. Празрыстае шкельца да таго ж было трэснута.

— Мужчына… – няўпэўнена, абапіраючыся адной рукой на лаву, а другой махаючы ў паветры, нібы намагаючыся за яго ўхапіццца, чалавек у акулярах нарэшце ўзняўся, не зводзіў позірку з Івана Сідаравіча.– Мужчына… Пачакай… Ты мяне зразумееш… Прабач, павітацца забыўся. І прадставіцца. Прадстаўляюся: я ветэрынар… жонка забрала, гадаўка, тры мільёны грошай і разам з дачкой з’ехала ў вёску… Верыш? Я ў суседнім доме жыву… Дзе аўтамагазін… І пошта…

— Гаварыце, гаварыце, – замест спачування, суха адказаў Іван Сідаравіч, а сам затрымаў усё ж хаду: ну-ну, што там у чалавека, цікава ж.

— А я ўчора, значыць, звэлхаў два парсюкі, выпіў, вядома ж, а сёння хварэю. Ты ж мужык, павінен мяне зразумець.

— Дык што вам трэба? – хоць і ведаў, што яму патрэбна, чамусьці спытаў Іван Сідаравіч і не чакаючы, пакуль той нешта прамовіць у адказ, выправіў сваю памылку – працягнуў яму адной паперкай пяць тысяч рублёў.

Мужчына анямеў. Ён хацеў знайсці словы падзякі, аднак у яго адняло, падалося, мову: ён толькі соп і крактаў. Усё ж услед гукнуў Івану Сідаравічу прапітым голасам:

— Я, зямляк, у даўгу не застануся!...

Назаўтра Іван Сідаравіч і ягоная жонка наважыліся выбрацца ў горад – сябе паказаць і на людзей паглядзець. Апрануліся ў лепшае адзенне. Выйшлі на ганак. На лаве сядзеў усё той жа мужчына ў пакамечаным касцюме, у акулярах, да дужак якіх была цяпер ужо прывязана рызінка, яна ж абшчапіла яго галаву, а замест чорнага шкельца віднелася прарэха.