Выбрать главу

Праз нейкі час у Сяргея Іванавіча надарыўся юбілей – сямідзесяцігоддзе. У канструктарскім бюро доўга не вагаліся, каго адкамандзіраваць у суседні горад, каб той ад імя калектыву павіншаваў ветэрана з днём нараджэння. Канешне ж, Ціханчыка! Усе добра помнілі, як ён абдымаў на вакзале Сяргея Іванавіча і слёзна прасіў не забываць калектыў. І мы цябе, маўляў, ніколі не забудзем, любы дружа.

Былыя супрацоўнікі скінуліся па некалькі тысяч, за якія купілі падарунак імянінніку і вымеркавалі, вядома ж, грошы на аўтобус Ціханчыку. Пажадалі таму шчаслівай дарогі.

У панядзелак Ціханчык на працу не выйшаў. З дарогі чалавек, рашылі ў канструктарскім бюро, то не выспаўся, мусіць, няхай адпачне. Усё ж на дні нараджэння быў. Не будзем турбаваць. А на наступны дзень Ціханчык гучна і ўзнёсла апавядаў усім, як добра прайшоў у Сяргея Іванавіча дзень нараджэння і як дарэчы быў ягоны візіт на гэтым мерапрыемстве.

— Калі я ўручаў падарунак юбіляру ад ўсіх вас, сябры мае, вы б толькі бачылі, як ён расчуліўся, пусціў нат скупую мужчынскую слязу. – Ціханчык ажно сам хлюпнуў носам і прамакнуў насоўкай вільгаць на вачах. – Што значыць – увага, сябры мае. Ён вам усім перадае, дарэчы, прывітанні. Жадае моцнага здароўя і поспехаў у працы.

Праз некалькі тыдняў Сяргей Іванавіч прыехаў у горад свайго юнацтва і, вядома ж, завітаў на старае месца працы. Шчырыя ўсмешкі, поціск рук, абдымкі.

— Вялікі дзякуй табе, Сяргей Іванавіч, за прывітанні, – сказаў нехта з супрацоўнікаў, – якія перадаў нам ад вас Ціханчык…

Сяргей Іванавіч зніякавеў:” Якія прывітанні? Ніякі ж Ціханчык на юбілей не прыязджаў…” Але ён не падаў выгляду. І – змоўчаў. Толькі з хітрынкай у вачах паглядзеў на Ціханчыка, які схаваў галаву за манітор камп’ютэра і стараўся не дыхаць.

СВЕТ ПЕРАКУЛІЎСЯ

Была субота, і апоўдні ў кватэры Кісяльковых затрэнькаў тэлефон. Трубку, як заўсёды, схапіла Серафіма Пятроўна.

– Што, сынуля, зноў у цябе? – не даўшы і слова прамовіць Валіку, адразу ж спыталася маці і ўся насцярожылася, напялася, нібы перад скачком з табурэта на падлогу. – Кажы, не ўтойвай, што цябе хвалюе і непакоіць, сыночак. Прызнавайся. Хто, як не я, твая мамка, павінна ведаць, як жыве мая крывіначка! Жонка, кажаш, лянуецца табе ежу гатаваць? Галадаеш? І трэба ж!.. І адкуль яна, цікава, упала на нашу, Кісяльковых, галаву? Адкуль звалілася? Ай-я-яй! І посуд прымушае цябе мыць? І посуд?! І трэба ж!.. Дык гэта ж чыста жаночая справа! Ну, пачакай у мяне, Галюня, дабяруся я да цябе!.. Пачакай!.. Ты вось што, Валік: больш строга, ага, больш строга з ёй!.. Будзь мужчынам! Пакажы характар! Так-так-так! Пацярпі, сынок, яшчэ трошкі – сёння мне некалі, а заўтра я ў госці да вас прыбуду. Я навяду парадак! Я пакажу Галюні, дзе яе месца ў сямейнай іерархіі! Не перажывай, сынуля. Не хвалюйся. Не бяры ў галаву. Час расплаты настане, Яна, бачце вы, лянуецца майму сыну, маёй крывіначцы, ежу гатаваць!.. Посуд мыць застаўляе!.. Дзе б гэта бачана, как з майго сына нейкая там Галюня так здзеквалася!.. Ой, божачкі!.. Свет перакуліўся!.. Зусім перавяліся жонкі, зусім!.. Чакай, сынуля, на выручку!..

Серафіма Пятроўна паклала трубку, надзьмула шчокі, а потым паглядзела на мужа, які сядзеў на канапе і чытаў свежую газету.

– Сядзіш? – зларадна спыталася яна. – Ну-ну, сядзі, ёлуп. А не, каб абед згатаваць, пакуль я сына суцяшала. Што, рукі ў цябе адваліліся б? Гляньце на яго – і посуд, і посуд, што пасля сняданку застаўся, так і стаіць у ракавіне! І трэба ж!.. Хоць бы пашкадаваў жанчыну! Сораму няма ў цябе зусім, мужынёчак!..

МАРАФЕТ

Луданік сядзеў на лаўцы каля пад’езда і чакаў домакіраўніка. Да апошняга ў яго была вельмі важная і тэрмінавая справа. Мужчына хваляваўся, нервова паглядаў раз-пораз на гадзіннік, а калі хто выходзіў з дзвярэй, ажно прыўставаў і выцягваў, бы гусак, злуючы, шыю: «Ці не ён? І зноў не, блазнюк! Скажаў жа: чакай, зараз выйду. Ну, і колькі чакаць можна? Ды ўжо, ага, - будзь здароў колькі сяджу тут!.. Дзе павага да кватэранаймальнікаў, у рэшце рэшт?! Хто каго корміць?!..»

Нарэшце! Спярша паказаўся жывот, а потым і сам Цітавіч.

- Ну, што там у цябе? - лыпнуў ён вачыма, буркліва папытаў у Луданіка.- Кажы хутчэй, а то мне няма калі!..

- Багата што!..- таямніча і загадкава ўсміхнуўся кватэранаймальнік, як любіў называць сябе ў размове з работнікамі домакіраўніцтва сам Луданік.- Давядзецца прайсціся па тэрыторыі, так сказаць...

- Ну, пайшлі. Толькі хутчэй, а то мяне чакаюць!..- Цітавіч зноў паглядзеў на гадзіннік.