Выбрать главу

Дзядзька Хвядос яшчэ доўга размаўляў бы, мусіць, з печчу і са мной, але я ўбачыў, што да нас ідзе Мікіта, таму падзякаваў за крупнік і пачаў прыбіраць на стале. Мікіта, як і нярэдка, грымнуў басам:

– Тамаш не заявіўся?

Хвядос вытрымаў паўзу, сказаў:

– Ды не відаць. Як у студню праваліўся.

– Праваліцца ён у студню, чакай! – таптаўся каля печы Мікіта, не знаходзячы сабе месца. – Ну, Тамаш! Ну, Тамаш!..

– Ды прыйдзе ён, прыйдзе! – супакоіў суседа дзядзька Хвядос. – Куды ж ён можа падзецца?

А Мікіта матляў у паветры вялікім кулаком:

– Не церпіцца мне тыцнуць яму ў адно месца!

– Тыцнеш, калі так ахвота. Паспееш. Усяму свой час. А вунь, дарэчы, і Тамаш. Дарэмна хваляваўся, Мікіта. Сам ідзе.

– Ды не сам: я выклікаў яго да тваёй печы, – паглядзеў на Тамаша, які тупаў паблізу, Мікіта, а потым захваляваўся, пачаў лапаць сваё адзенне, папраўляць кашулю, падцягнуў парткі. – Сам бы ён прыйшоў, адзін з тых!..

Тамаш, перш чым паказацца каля печы, зачапіўся за корч, ледзь не прачарціў зямлю носам, але захаваў раўнавагу, кагосьці аблаяў – гаспадара ці сам корч, было не зразумець – і, сапучы, прагугнявіў:

– Чакаеце? Ну вось ён я! Навошта перадавалі, каб прыбыў? Слухаю, грамадзяне начальнікі.

Мікіта прызнаўся, што гэта ён наказаў, сам, адзін, таму па ўсіх пытаннях параіў звяртацца асабіста да яго. Хоць і каля Хвядосавай печы. Тут, маўляў, зручней размаўляць. І натапырыўся на Тамаша:

– Дык, прызнавайся?

Тамаш, хоць і не палахлівы, але плечы ў яго ўздрыгнулі:

– Гэтыя дошкі... сельсавет калі гарэў... вам іх у мяне не забраць. У полымя лез. Рызыкаваў. Жыццём. Зразумелі? Во! – ён паказаў Мікіту дулю. – Не выйдзе! Не атрымаецца!

Дзядзька Хвядос параіў Мікіту:

– Пакажы і ты яму. Пакажы.

– А як жа, пакажу, пакажу! Глядзі, Тамаш! Ці не пазнаеш? Мяшок-та мой! – Мікіта выцягнуў з-пад папружкі мех, трасянуў ім у паветры. – Што скажаш, гарлапан?

Тамаш адмахнуўся, бы ад назойлівай мухі, ад таго меха:

– Дык і трасі ім перад сваім носам, калі твой!

– Не-е, я перад тваім патрасу.

Каля мяне ўжо моўчкі сеў Петрык, і мы навастрыліся глядзець далей, што будзе паміж мужчынамі. Ну-ну, давайце, працягвайце. Нам цікава. Дзядзька Хвядос падаў знак рукой, каб Мікіта дарэмна не псаваў нервы, параіў растлумачыць, што ўрэшце рэшт здарылася:

– Будзе, Мікіта, будзе. Не гарачыся. Раскажы, што і як. Спакойна. Тамаш, бачыцца мне, таксама нічога не разумее... Пра дошкі пачынае гаварыць... Так-так, дык што там у цябе? Якія прэтэнзіі?

Мікіту, мы з Петрыкам гэта добра ведалі, было цяжка спыніць, калі ён набіраў абароты. І не спыняецца, а мы што казалі! Сіпіць, бы раззлаваны гусак:

– Гэта хто нічога не разумее – Тамаш? Ён усё разумее! Толькі морду крывіць, губіну капыліць, бы конь, якога авадзень уджаліў, дурнем прыкідваецца. Дыверсант!

Пачуўшы «дыверсант», Тамаш ажно ўвабраў галаву ў плечы, а во-чы ў яго, падалося, зрабіліся зусім маленькімі, як у пеўня. Але ён адразу апрытомнеў, шырока разявіў рот, ваяўніча заявіў:

– Ну, ты! А то як шандарахну!.. Прыпісваеш мне тут непат-рэбшчыну. Падбірай словы. За гэта могуць далёка схаваць. А ў мяне дома спраў багата. Во так, анёл!

Мікіта стаяў на сваім:

– Што – «ты»! Я ж гэты мех у пуні ў цябе забраў. Маўра твая сказала, каб серп навастрыў. Шукаю яе... якраз міма праходзіў. У пуню заглянуў, а там – мех мой ляжыць, во гэты самы. Метку бачыш?

Тамаш дзеля прыліку ўзяў мех, пакруціў яго ў руках, пашкрабаў кручкаватым пальцам там, дзе метка, а потым шпурнуў яго Мікіту:

– І на маіх такая!

Мікіта плюнуў, сеў:

– Ну вось і пагавары з ім.

Пагаварыць з Тамашом узяўся дзядзька Хвядос. Ён падняў з зямлі мех, папытаў у Мікіты:

– Дык гэта той мех, у якім быў ячмень?

– Ну, той, што на насенне бераглі, – пацвердзіў Мікіта, і да Тамаша: – Навошта зерне ўкраў, злодзей?