– Прашу не абражаць. А зерне... Ты пра якое зерне? Не разумею.
– Калгаснае, – сказаў Мікіта. – Ты абрабаваў усіх нас. Гэта хоць разумееш?
– Не браў, – аднекваўся Тамаш.
– Яно само к табе ў пуню забегла-закацілася, – на выручку Мікіту паспяшаўся Хвядос.
– Я ж гэты мех закапаў у свіране, – гэта ўжо Мікіта шкумутае далей злодзея, а што Тамаш можа сцібрыць чужое, у гэтым мы з Петрыкам перакананы. – Думаў, немцы спёрлі, гады. А гэта ён гад, аказваецца. Пад носам жыве. Не з немцаў. З нашых, здаецца...
Тамаш не на жарт перапалохаўся, заглядваў у вочы то Мікіту, то Хвядосу, шукаў у іх падтрымкі і спагады:
– Вы што, людзі? Жывым – у магілу? За што? Не браў! Калгаснае зерне? Вы што – падурнелі, розуму пазбавіліся? Гэта ж турма! Астрог! Старшыня! Мікіта! Я ж у немцаў краў. У іх, супастатаў. З-пад носу цягнуў, таму што яны – ворагі, так ім і трэба, таму што іх біць і біць трэба. Калашмаціць. Я, можа, гэтым самым прыёмам падрываў іх моц. Мне, можа, за гэта яшчэ медаль прызначана... Як, га?
Тамаша спыніў Мікіта:
– Памаўчы. Якім жа чынам у цябе, калі паслухаць, мой мех апынуўся?
– Не ведаю. Поведам не ведаю. Можа, яны ў цябе, а я – у іх?
– Цьфу ты! – роспачна плюнуў Мікіта. – Уваротлівы, і сапраўды што той вужэлак.
– Чаго не ведаю, таго не ведаю. Стану на калені, – Тамаш цопнуўся на калені. – Наце. У доказ маёй невінаватасці. Што яшчэ трэба? Хвядос! Мікіта! Пашкадуйце! Не браў я калгаснае зерне! Бог сведка! Госпадзі, пашкадуй!..– І Тамаш захлюпаў носам, а потым з вачэй яго пакаціліся па шчоках слёзы.
– Падніміся, не поўзай на каленях, – узяў Тамаша за каўнер дзядзька Хвядос, дапамог таму ўстаць.
А Мікіта ўсё трос рукамі:
– Нічога не разумею. Кепскі з мяне дапытвальшчык. Зусім.
Такое прызнанне спадабалася Тамашу, ён ажно выцягнуў шыю:
– Вось-вось. І я не разумею. Можа, хто ўмысна яго мне падсунуў, мужыкі? Каб насаліць? Чаго маўчыцё?
Хвядос сказаў няўпэўнена:
– Не ведаю. Але ўсе ўлікі супраць цябе.
А Мікіта, што было моцы, зноў патрос мехам:
– Вось яна – галоўная! Ну што, будзем заяўляць?
Тамаш зноў увабраў галаву ў плечы, стаяў і не варушыўся.
– Не хацелася б мне, Тамаш, каб усё вось так... – Хвядос склаў нейкую мудрагелістую штуковіну з усіх пяці сваіх тонкіх пальцаў. – Каб усё вось так кепска. А яно, бачыш, як атрымліваецца. Горш няма, калі свае сваім перашкаджаюць, не дапамагаюць ісці роўна, а, наадварот, яшчэ і ў яміну штурхаюць. І пры гэтым выбіраюць самую глыбокую. Каб гваздануўся дык гваздануўся! Эх!..
Фу-у, што было далей! Падумаць толькі! Тамаш зусім разгубіўся, хапаў засмяглым ротам паветра, а вочы ў яго пабялелі, бы ў варанай рыбіны, ён сударгава махаў некуды рукой, і толькі траха пазней яго нарэшце прарвала:
– Маўра! Каб табе затлуміла! У хаце сядзіш! Вырадка на свет выпусціла – і ша, і за дзверы, у ціш-спакой, га?! А ты ідзі, ідзі па-слухай, што людзі гавораць! Ідзі паслухай, курыца аблезлая!..
Хвядос махнуў у мой з Петрыкам бок, каб мы гулялі падалей ад печы, дзецям няма чаго тут рабіць, дарослыя самі разбяруцца без саплівых, і мы зніклі з ягоных вачэй, а самі схаваліся паблізу – не прапускаць жа самае цікавае, не хапала яшчэ гэтага. Дурняў няма. Са схованкі нас не тое што дзядзька Хвядос, а сам Тамаш, калі захоча, не вывудзіць. А ўсё відаць і чуваць. Яшчэ, можа, тут і лепш: толькі не чмыхнуць бы носам, не выдаць сябе. А пакуль уладкоўваліся, чулі, як дзядзька Хвядос прызнаўся, што спярша не верыў, каб мех з зернем украў свой вясковец, баяўся, што маглі яны з Мікітам наламаць дроў. А тут, бачыце, у Тамаша не вытрымалі нервы, і ён пачаў лаяць Маўру... і дакараць яе за сына, значыць... Ага, вось дзе сабака закапаны, высвятляецца! Гэта яшчэ больш цікава. Так, так. Толькі б нічога не ўпусціць. Я падміргнуў Петрыку, Петрык мне, і калі Тамаш, хістаючыся, бы п’яны, пакандыбаў да сваёй хаты, мы крадком, прыгнуўшыся, шмыгнулі таксама ад печы. Куды беглі, і самі не ведалі, але калі спыніліся, зразумелі, што нам трэба быць сёння ў Дзянісавым бары.
Абавязкова!
5. У САКРЭЦЕ
Я, калі адсопся, спытаў у Петрыка, ці ўсё ён зразумеў. Той выталапіў вочы:
– А што?
– Як – што!? У цябе што, вушэй няма?
Петрык памацаў свае вялікія, бы лапухі, вушы:
– Ёсць быццам.
– Хіба не здагадаўся, чаму Тамаш пачаў сварыцца ў бок свайго двара, Маўру ўзгадаў? Не зразумею цябе, Петрык: да твайго макацёра даходзіць толькі на другія суткі. Калі не на трэція.
– Так, мабыць, – пагадзіўся Петрык і шморгнуў носам.
– Ён жа сына свайго ўспомніў нядобрым словам. Так?