Выбрать главу

– Прывітанне, лётчыца!

Жанчыны засмяяліся, загаманілі.

– Дзе гармонік узяў-та? – Лізавета сядзела ўжо побач з танкістам.

– Немец адзін знаёмы падарыў, – не міргнуўшы і вокам, сказаў танкіст. – Бачу, не верыш? А што? І сярод немцаў людзі ёсць. Кажуць. Я, праўда, не сустракаў. Ну дык, жанчыны, для вас! Так і быць!..

І танкіст налёг на гузікі. Гармонік, здавалася, вось-вось і сам пусціцца ў скокі. За пальцамі танкіста не ўсачыць: носяцца-слізгаюць па гузіках, як апантаныя. Ліха! Жанчыны, адна за адной, пусціліся ў пляс, і неўзабаве на двары курэў пыл, як да вайны на вясковай дарозе, калі па ёй пракапыціць статак кароў.

– Райка, пайшлі! – Лізавета тузанула дзяўчыну за руку, тая не ўтрымалася і таксама пачала мясіць свой двор босымі нагамі: чаравікі пашкадавала, разы два тупнула-гэцнула ў іх, а потым ціхенька зняла з ног.

Разам з усімі кружыла і бабка Антося, толькі яна больш фана-бэрылася, чым танцавала, пыхкала, бы самавар, а тады і зусім спы-нілася, махнула рукой і загадала:

– Гарманіст, прыпеўкі давай! Гарманіст!.. Э-эх! – І заспявала: – Не хацела выхадзіць, стаяла сцяснялася, а гармоня заіграла, я не ўтрымалася! Э-эх!

Варка часта-часта і неяк смешна затупацела кароткімі нагамі і таксама ўспомніла прыпеўку:

– Ох, вясна, вясна ідзе прама да Урала. Дзевачкі, вайна, вайна, а моладасць прапала!

– Пайшла плясаць, дома нечага кусаць – лебяда ды коркі... на нагах аборкі! – гэта ўжо Лізавета.

Я штурхануў Петрыка ў плячо:

– Ідзеш? Да печы?

Петрык зморшчыўся:

– Пачакай. Цікава ж...

Толькі нядоўга мы яшчэ тут бавіліся. Пасля таго як Раіса спела пра міленькага свайго, якога дзяўчына чакала з вайны, а маці ёй сказала, каб выбірала сабе іншага жаніха, яна шмыгнула з двара некуды на агарод, пранеслася міма нас, і тады танкіст згроб гармонік, паклаў яго на лаўку і кінуўся ўслед, папярэдне не забыўшыся сказаць жанчынам мала радаснае для іх:

– Канцэрт пераносіцца! Арцісту няма калі!..

Двор апусцеў. Толькі гармонік ляжаў на лаўцы. А што, калі раптам?.. Я не бачыў, дзе Раіса, дзе танкіст: не палезеш жа тым на вочы. Але каб танкіст не нарабіў якіх-небудзь глупстваў, я вокамгненна аказаўся каля гармоніка, узвалок яго на калені і пачаў рыпаць. На ўсю моц. Так я і дам табе, танкіст, быць з Раісай за пуняй. Не атрымаецца. Хоць ты і заслужаны баец і гарэў у танку.

А Раіса паказалася зусім з іншага боку, глядзела на мяне з Петрыкам і ўсміхалася. Значыць, у яе ўсё добра.

Пакуль не было відаць жаніха, мы ціхенечка падаліся са двара...

3. ВАЖНЫ ГОСЦЬ

Трывожна шуміць Дзянісаў бор. Тут наша схованка. У глыбокай яміне, якую самі выкапалі па чарзе адной рыдлёўкай, пад шыгаллем ляжыць зброя. Хто ж ведаў, што мы не паспеем яе нават выкарыс-таць? Рыхтаваліся да бою, а як жа! «Трымайцеся, фрыцы!» Спярша ў схованцы былі толькі дзве вінтоўкі, аўтамат і наган, а пазней Петрык прыцягнуў нават варожы кулямёт і скрынку патронаў: партызаны так прыціснулі немцаў на ўзлеску агнём, што тыя, драпаючы, пагублялі не толькі зброю, а і вузлы з нарабаваным у людзей. Уяўляю, як шуравалі яны! Канешне ж, пыл курэў! Без аглядкі!

Ранкам мы з Петрыкам пабеглі ў Дзянісаў бор, засунулі пад шы-галле рукі: на месцы зброя, на месцы. Фу-у! Ды і куды яна магла падзецца? Хто ведае, акрамя саміх нас, што яна тут? Аднак пакуль самі не пераканаліся – было трывожна: жывыя ж людзі, не карчы ба-лотныя якія-небудзь. Петрык з сумам заўважыў:

– Ну, і што будзем рабіць з гэтымі стваламі?

Я не ведаў, што яму адказаць. А і праўда: што рабіць з нашай зброяй, якая, пэўна ж, сваё ўжо адваявала? Як адваяваліся, падобна на тое, і мы. Мы яшчэ раз пабедавалі, што, мусіць, больш не спатрэбіцца нам зброя, і моўчкі падаліся ў вёску. Настрой – горш не прыдумаеш: пра нашы геройскія ўчынкі і ўспамінаць не хацелася. Ды і якая і каму карысць ад таго, што ты ўспомніш? Толькі ворагам, можа, гэта і на руку. Але дзе ж яны, тыя ворагі? Па якіх дарогах бягуць-уцякаюць? І што нам да іх рук? Каля печы дарос-лыя казалі, быццам пасля таго, як вызваліла наша армія Сасноўку, яна пагнала немцаў далей на захад, а дзе той захад – пра гэта трэба будзе распытаць калі-небудзь у дзядзькі Хвядоса.

Яшчэ здалёк мы і ўбачылі якраз яго. Дзядзька Хвядос, прыгорбле-ны, стаяў на двары каля печы, абапёршыся на вілачнік і пра нешта думаў. Пачуўшы нашы крокі, падняў галаву, усміхнуўся:

– А, гэта вы, жэўжыкі! Дзе ж вы ходзіце столькі часу? Я ўжо і думаць пачаў пра кепскае. Ну, ды нічога, нічога: з’явіліся – і на тым дзякуй. Прагаладаліся?