– Бач, і ёй на фронт захацелася. Цікава-інцярэсна. Табе, Маруська, і дома клопату хопіць. Нельга табе: інвалід. Білет не той маеш – белы. А з ім – к-хе, к-хе – скубі сабе траўку ў нашай Сасноўцы, ды тады-сяды і пуп рыхтуйся напружыць. Не ўсім жа біць супастатаў ды гарма-ты цягаць. Камусьці і тут, дома, не менш клопатна. Я, хлопцы, яе сытна накарміў з казённага меха аўсом, пераначавала яна на зборным пункце, а тады зацугляў і павёў дамоў. Пабачылі б, як ішла – ледзь ногі цягнула, а галаву так і не падняла, у зямельку ўперыла і не падняла: пакрыўдзілася, мабыць. Гонар і ў яе, Маруські, ёсць.
Так наша Маруська і адваявалася. А цяпер вось і ёй зацікавіліся, ды яшчэ і на высокім узроўні.
Дзядзька Хвядос чамусьці спытаў у раённага начальніка дазволу паклікаць сюды, да печы, усіх вяскоўцаў. Той абрадаваўся:
– Канешне, канешне. Усіх пакліч, Хвядос. Спадзяюся, і старшыня Мікіта Тарасаў нас пачуе? Я да яго якраз ішоў.
– Пачуе і Мікіта. Ён у нас старшыня і каваль у адной асобе.
Неўзабаве над Сасноўкай стаяў звон – гэта біў кляцом з бараны ў рэйку дзядзька Хвядос і, павярнуўшыся тварам да госця, быццам супакойваў таго:
– Зараз яны збяруцца. Зараз. Яны падпарадкоўваюцца майму сігналу. Ага.
– Вы яшчэ багатыя, – Козыраў хадзіў туды-сюды, заклаўшы рукі за спіну. – Частка хат стаіць. Кабыла ёсць. А галоўнае – людзі! Суседзяў жа, за ляском, – спалілі. Усіх... Жудасна.
Петрык шапнуў мне:
– Пра Боркі гаворыць...
Я кіўнуў: канешне, а якая ж яшчэ вёска за ляском, ды і знайшоўся мне тут знахар – хіба я сам не ведаю. Сядзі лепш і слухай, што важны госць далей скажа. А ён сказаў тое, што мы і самі ведалі:
– І толькі цішыня над вёскай...
А хутка пачалі падыходзіць Мікіта, Лізавета, Варка, бабка Антося, Раіса, Тамаш і іншыя. Козыраў кожнаму падаў руку. Тады і мы рашылі вылезці са схованкі. А чаго сядзець там, калі можна быць бліжэй да галоўных падзей, якія, спадзяваліся, былі наперадзе. Ды, калі шчыра, хацелася паглядзець, а ці пацісне райкомавец і нам руку. Але ён, убачыўшы нас, прытуліў да сябе, паклаўшы спярша свае шырокія, бы лапаты, далоні нам на плечы, і гучна сказаў:
– Я вось і кажу тут Хвядосу: багатыя вы яшчэ. Вось, вось яно, ваша багацце, ваш заўтрашні дзень.
Як заўсёды, бліжэй да госця прадзёрся Тамаш, спытаў у Хвядоса быццам ціха, але пачулі ўсе:
– З райкома, гаворыш?
Дзядзька Хвядос кіўнуў: ага.
Пакуль дарослыя разбіраліся, хто адкуль, Петрык памацаў у Ко-зырава кабуру, а тады мне шапнуў:
– Ёсць... Сапраўдны.
А Тамаш тым часам павярнуўся тварам да Козырава, гаварыў яму, а сам, схіліўшы галаву на бок, задаволена паглядаў на землякоў:
– Ты, чалавек, калі ўладу прадстаўляеш, давай... давай, гавару, слова выкладвай дзяржаўнае. А хлапцы хоць і багацце, ды самі не шыбка багатыя... Пад штанамі лыткі, а на іх – латкі! Х-хі!
Дарослыя пачалі расказваць райкомаўцу пра нас, пра наша сірочае жыццё, ажно зрабілася няёмка... І добра, што Козыраў супакоіў іх:
– Нічога, нічога... Мала я ведаю сёння шчаслівых людзей... Хаця і шчаслівыя мы, калі падумаць. Вельмі шчаслівыя. Перамога зусім блізка, а вораг да нас ужо ніколі не вернецца!
Лізавета паглядзела на госця, уздыхнула:
– А я, прызнаюся, кожнай ранічкай у той бок трывожна паглядаю, куды яго турнулі: ці не ідзе зноў? Няма... і так добра на душы... так лёгка...
– Ой, не кажы, Ліза! – цяжка ўздыхнула бабка Антося. – І ў маіх жа пячонках супастат сядзіць, век бы яму дзёгаць есці!
– А чым калёсы мазаць будзем? – пажартаваў Мікіта.
Райкомавец жа, не звярнуўшы ўвагі на гэты жарт, паабяцаў зноў, што вораг больш не вернецца, што назад фашыстам дарогі няма. Тамаш, як заўсёды, не пагадзіўся:
– Цвёрда гаворыш?
Райкомаўцу давялося нагадаць, што неўзабаве ўся тэрыторыя Беларусі будзе вызвалена ад нечысці і нашы салдаты пяройдуць граніцу.
– Так што, дарагія мае, вось-вось і зусім скончыцца вайна. Ужо, бачыце, і пошту пачалі вам прыносіць. Жывіце, працуйце спакойна.
– Як працаваць-та? Усё папалілі, парасцягалі... – махнула рукой Варка і адвярнулася ад райкомаўца, а тады зноў падняла на яго галаву: – Як?!
А Тамаш нагадаў, што адна кабыла ўсяго і засталася – багата на ёй не напрацуеш. Бабка Антося ўсміхнулася:
– І тая мая равесніца.
– Пагэтаму, таварыш, выкладвай, як жыць... – не мог уціхамірыц-ца Тамаш. – Паведамі, як там жывуць людзі, дзе мы не бачым... А то ў нас тут ні газетаў, ні радзіваў... Як на ненаселеным востраве... Га?