На кожным сходзе так выбягае наперад стары Тамаш, заўсёды ён задае ўсім самыя дасціпныя пытанні, а тады водзіць галавой па баках: ну, як, землякі, я праўду гавару ці не? Мы з Петрыкам любім тады быць каля дарослых: цікава ж Тамаша паслухаць! Ну-ну, давай, падсыпай перцу райкомаўцу, дзядзька! Ці вывернецца ён? Хто каго? Райкомавец жа крэкнуў, паглядзеў амаль як не на кожнага з нашых вяскоўцаў, а тады пачаў гаварыць:
– Грамадзяне! Таварышы! Як гэта добра, што вы сабраліся. Што ж мне вам сказаць? Багата я, даруйце, не скажу. Але ж час зараз у нас такі настаў, калі за новае жыццё трэба брацца, не чакаючы з мора надвор’я. Учора яшчэ ноч была, доўгая і цёмная, а сёння, самі бачыце, дзень настаў... Ціхі, спакойны дзень.
Зноў падаў голас Тамаш:
– Гэта цяпер ён ціхі. А тады шандарахне, як у сорак першым!
– Не дай Гасподзь! – перахрысцілася бабка Антося.
– За намі справа не стане, – паабяцаў дзядзька Хвядос, які да гэ-тага больш маўчаў.
На што атрымаў ад Тамаша:
– А ты за ўсіх у ведамасці не распісвайся!
За дзядзьку Хвядоса заступілася Варка:
– Хвядос праўду кажа: за намі не стане!
– Верна-а! – грымнуў магутным голасам Мікіта.
– Вайну вынеслі не на чужым гарбу, што тут языком малоць! – сказала Лізавета.
Мікіта паглядзеў на Козырава, папрасіў таго:
– Давай, таварыш, кажы далей, слухаем.
– Ага, – бы схамянуўся райкомавец. – Не думайце, што партыя і ўрад не ведаюць пра вашу вёску...
– Пра нашу... вёску? – натапырыў ажно, падалося, вушы Тамаш, засмяяўся. – Мужыкі, чулі? Пра нашу Сасноўку ў Маскве ў тры лап-ці званілі! Вось у гэтым я сумняваюся.
Дзядзька Хвядос нялюба паглядзеў на Тамаша:
– Ты зноў суперак усіх?
Бабка Антося таксама прыгадала:
– Адзін раз цябе ўжо вытурылі з хаты, калі сход быў. Хіба забыўся? Як Мікіту старшынёй выбіралі? Нядаўна ж было. Ці ў цябе па-мяць кароткая?
А Лізавета нават штурханула Тамаша ў плячо:
– Ды ўтаймуйся ты нарэшце!
Тамаш крыху нават пакрыўджана паглядзеў на райкомаўца, раз-вёў рукамі:
– Бачылі? Культура! Слова не даюць сказаць. А я, можа, усёй душой... усім целам...
Мікіта падцягнуў Тамаша бліжэй да сябе, цыкнуў:
– Не варушыся! І каб ціха мне!..
Козыраў жа працягваў гаварыць далей, а мы паглядалі на Тамаша, якога моцна трымаў каля сябе Мікіта. Райкомавец сказаў колькі слоў пра нейкі пленум, а тады паабяцаў лесу. Людзі ажывіліся.
– Лесам паможам. Паможам, таварышы, лесам. Так што калі хто хоча адбудоўвацца, можа брацца за сякеру і пілу.
– А цвікі і шкло з неба ўпадуць? – абурыўся Тамаш.
А я ўспомніў пра нашу хату, пра яму, што засталася на яе месцы, і пашкадаваў, што ў мяне няма ні пілы, ні сякеры. Хутчэй бы вярнуўся ўжо тата з вайны. Хутчэй бы. А без яго трэба сядзець і не рыпацца.
– Лес – гэта добра, – ступіла бліжэй да райкомаўца Варка. – Дзякуй, таварыш, за ўвагу. Але вось Тамаш, відаць, праўду кажа, што ні цвікоў нідзе, ні шкла... І нават ніводнага быка няма, каб ягоным пузыром шкло тое замяніць.
Тамаш, пачуўшы, што пра яго размова, вырваўся. Петрык штур-хануў мяне ў бок:
– На волі!.. Зараз ён пачне!..
Мікіта ж апраўдваўся:
– Не ўтрымаеш гэтага Тамаша. Стары, стары, а ўваротлівы, чорт!
Козыраў зрабіў Мікіту заўвагу:
– Вы яго не трымайце. Ён жа не арыштант.
Тамаш адышоў падалей ад Мікіты, скоса глядзеў на яго:
– І я гавару: не арыштант. Таму не лапай, раз не арыштант.
Лізавета ўздыхнула:
– Надакучыў, сілы няма. Слухай, Тамаш... Ты вось гаворыш: ні цвікоў, ні шкла... А сам дзе ўзяў? Людзі не паспелі слёзы з вачэй сцерці, а ты ўжо хату пачаў будаваць.
– А я, можа, у немцаў краў!
Калі Тамаш сказаў пра немцаў, нам з Петрыкам ажно смешна стала, бо мы ўявілі, як бы і сапраўды мог красці стары ў фашыстаў. І не ўяўлялася. Во хлус дык хлус! А Тамаш сыпаў далей:
– Я, можа, жыццём рызыкаваў. Можа, мне яшчэ медаль за гэта дадуць? – Тамаш лыпнуў вачыма і прыпячатаў далонь да сарочкі на тое месца, дзе вісяць медалі ў дзядзькі Хвядоса. – А вы тут анцімонію разводзіце!..
Варка злосна прытупнула нагой:
– Ды суціхні ты!
Тамаш жа быццам і супакоіўся, але працягваў чмыхаць:
– Дзе ўзяў, дзе ўзяў... А ты б, Ліза, таксама магла б... ты баба ядроная... ты б вось гэтым вертанула... і не тое займела б... хі-хі-і!
Ад цёткі Лізаветы Тамаш атрымаў у каршэнь і ўвабраў галаву ў плечы. Бабка Антося паглядзела на яго, махнула рукой:
– Ён зараз скажа, што ў яго і дошкі, і цвікі былі яшчэ да вайны.
Козыраў жа папрасіў цішыні. Яму трэба было сказаць, што ў блі-жэйшы час дзяржава будзе дапамагаць пайкамі. Растлумачыў: