Выбрать главу

Бабка Антося плакала, дзед Грышка суцяшаў яе:

– Будзе табе, будзе. Супакойся. Пятро вернецца. За ім там цяпер і нагляд ёсць – Зінка. – Стары паляпаў молатам па накавальні. – Антося-я! Хопіць, сказаў!

Яна нічога не адказала свайму дзеду, а моўчкі павярнулася і пайшла з кузні, трымаючы пісьмо на грудзях. Мікіта ўздыхнуў і папытаў у Грышкі, дзе старое вядро, якое ён прасіў раней некалі залудзіць.

– Давай, давай... сёння дзень такі... раней рукі да вядра не даходзілі.

– Ну, добра, а я ў полі буду, – сказаў Хвядос і таксама выйшаў з кузні.

– Пастаў на віднае месца вядро. Сёння адрамантую. Сёння свята ў цябе...

Але дзед Грышка не спяшаўся ставіць вядро на тое віднае месца, а доўга разглядваў яго, а тады зачапіўся вокам за тую маленькую дзірачку, што была ў дне і праз якую сачылася вада. Глядзеў у тую дзірачку і казаў:

– Маленькая, а свет бачыцца. Калі блізка да вачэй паднесці. Ей-богу, усё бачу! Вунь Лізавета па вуліцы з касой на плячы шыбуе. Як малодка. Іш! Іш! Круць-верць! Туды-сюды! – Ён таксама крутнуў адным месцам, але адразу ж зморшчыўся ад болю. – Ой! Ой! Забыўся!.. Цьфу! Куды гэта яна? Да Варкі. Стаяць, размаўляюць. Тамаш? Тамаш. Ён. А куды ж яго нячыстая панесла? Куды ж гэта ён? Галаву звесіў, ад зямлі не адрывае, усё роўна як дарогі не ведае. Баіцца, павінна быць, каб у ямку нагой не трапіць... Эх-ха! Калі б можна было Пятру майму вось у такую хоць дзірачку паглядзець... Няхай бы ён убачыў, як у нас тут усё цвіце... як у нас тут хораша... як мірна тут...

Мы дапамаглі дзеду Грышку дакандыбаць да сваёй хаты. На развітанне стары сказаў:

– Дзень сёння добры выдаўся. Сам з печы злез. Пісьмо прыбыло. І вядро ёсцека...

Мы пагадзіліся.

8. ГЛУПСТВЫ

Час ішоў, а ў нас навін, лічыце, аніякіх. Пра Міцьку – бы вады ў рот набралі. Хвядос з Мікітам робяць выгляд, што нічога не адбылося, маўляў, не чулі і не бачылі. Хітруны старыя. Любяць паказаць сябе камандзірамі – каб усе толькі перад імі і скакалі. Мы самі з Петрыкам маглі б скруціць дэзерціра і даставіць, куды трэба. А ку-ды? У раён, канешне ж. Да Козырава. Ці, можа, яшчэ да каго, хто вышэй сядзіць, чым ён. Знайшлі б адрас. Але дзядзька Хвядос не дае пра Міцьку нават заікнуцца. І што, цікава, яны надумаліся з ім рабіць? Можа, спадцішка ад нас, хлапчукоў, хочуць яго ўзяць? А мы ж – што, павінны ў шапку спаць?

І я прапанаваў Петрыку самім арыштаваць сына Тамаша. Толькі Петрык, як заўсёды, памуляў губамі, бы конь, якому жвачка на-дакучыла, і махнуў рукой, а сам нават на мяне не глядзеў: ай, навошта? Каму трэба – разбяруцца... Вось такая ў яго ахвота разабрацца са здраднікам. А я збіраўся яшчэ з ім разам ваяваць. Звязаўся б. Доб-ра, што далей размоў справы не пайшлі. Капут ужо фрыцам хутка. Але ж адзін – таксама амаль фрыц – жыве пад самым носам у нас, а мы робім выгляд, што нічога не здарылася.

Рашылі зноў нагадаць Хвядосу пра Міцьку. Мо забыўся? І Мікіта таксама харош – толькі б ляпаў у кузні молатам. Хацелі прама сёння дзядзьку Хвядосу напомніць, а тут цётка Матруна ўлезла са сваімі грыбамі:

– Боўтаецеся па вуліцы, як бяздомныя. Схадзілі б у грыбы. Самі на сцежкі выбягаюць. Занятку для вас няма.

Трэба і ў грыбы збегаць, абяцаем цётцы Матруне. А самім пакуль няма калі: вунь і з Кастусём нешта трэба рабіць, зусім расперазаў-ся – адчувае сябе ў нашай Сасноўцы, бы ў сябе дома: высока нос трымае, калі ходзіць, і толькі пыл пырскае з-пад чобатаў. Падумаеш, цаца! Не можа быць, каб мы з Петрыкам не здагадаліся, як цябе выкурыць ад нас. Нашто тады макацёры на плячах? Для форсу? Ага, так і прызнаемся, адразу раззвонім, што і як мы будзем рабіць з тым Кастусём. Прыдумаем. А то ж – і праўда! – на гулянках толькі яго чуваць гармонік і голас. І Раісу ад сябе ні на крок не адпускае...

Паўз нас прабегла Кацярына, затрымалася толькі, каб сказаць:

– Сядзіцё? Сядзіце, сядзіце, людзечкі. А я бягу. Няма мне калі з вамі бавіцца. Міколка мой з вайны вяртаецца... На шляху сядзіць, пераабуваецца... Нагу нацёр... Зараз пабягу, чамадан дапамагу яму несці... Вельмі цяжкі чамадан у яго... І чаго толькі ў ім няма! Падаруначкі дзеткам з вайны нясе. Сяргейку пілотачку і гімнасцёрачку пад ягоны акурат расточак. Галінцы сукенку ў гарошынкі вось такенечкія... – яна зрабіла з пальцаў кружочак. – А меншанькай, Волечцы, – чаравікі... У іх яна будзе на выгане гусянятак пасвіць... І ўсім-усім цукерак... І ў паперках што, і падушачак... Сядзіць Міколка, стаміўся... Ён заступіцца, ён не дасць дзетак у крыўду... А я вось... яблычак яму нясу...

Кацярына дастала з кашаля галінкі, паднесла іх да твару спярша мне, а потым Петрыку.

– Смачныя яблычкі, – сказала яна і пайшла.

Пара было і нам у дарогу. Каб ніхто нічога не пытаўся, куды і на-вошта, узялі кошыкі, быццам па грыбы ў лес. Для прыліку. Хоць і грыбоў трэба насабіраць. Але ж тата мне гаварыў, і я добра помніў яго словы: «За двума зайцамі, Колька, ніколі не ганіся: ніводнага не зловіш». Толькі, праўда, не такія тут ужо і зайцы, калі разабрацца. Патлумачу. У Канаве, гэта вёска побач з нашай, жыве стары Астап, а ў яго, кажуць, ёсць гармонік. Нават быццам на гарышчы ляжыць. Ці ў пуні. Псуецца толькі. Сам ён даўно ўжо не грае – стары, пальцы не слухаюцца, а нам гармонік быў бы самы раз. Толькі як яго выпрасіць? Упрэцца, як слон, і не ўступіць: і сам не гам, і іншым не дам. А даць яму нешта за той гармонік – не дасі: акрамя парток у нас нічога няма.

І вось мы ідзём да Астапа, спадзяёмся на яго дабрыню і на цуд.

– Навучымся на гармоніку граць, тады нечага будзе рабіць у нас Кастусю! – катэгарычна заяўляе Петрык.

Я падтрымліваю яго:

– А то зусім ужо расперазаўся!

Не ведаю, як Петрык, а я ўжо бачыў сябе з гармонікам на каленях на Грышкавым бервяне, дзе ўлетку збіраецца моладзь на танцы, а ўзімку на лаве каля вядра з вадой у хаце, і ўяўляў, як пад мелодыю, што граю я на Астапавым гармоніку, кружаць хлопцы і дзяўчаты, глядзяць на мяне, падміргваюць: так і працягвай, Колька, малайчына! Мне хацелася спачатку вальс навучыцца, а там ужо як атрымаецца. З адным вальсам таксама можна пражыць. Тым больш што Петрык хоча пачаць з «Полькі». Яго справа. Але вальс ёсць вальс – асабліва той, пра дунайскія хвалі, дужа заліхвацкі, прыгожы. Нават Кастусь калі яго грае, мне здаецца, што недзе там на вайне кружыць і мой тата, вальсуе і папраўляе адной рукой новенькую гімнасцёрку, а боты ў яго нацёртыя ваксай – шык-бляск.

Хата дзеда Астапа адразу ж за бярэзнікам, першая, і перад самымі веснічкамі мы спыніліся. Пераглянуліся. Што рабіць? Паклікаць старога ці адразу заходзіць? Усё ж Петрык паклікаў, а ў адказ – маўчанне. Зайшлі ў хату. Не вытурыць, калі і злосны будзе: мы ж свае, можна сказаць, суседзі. Але і ў хаце старога не было. Ведалі, што жыве ён адзін, а ўсе дзверы насцеж... Рашылі зноў паклікаць. Ціха. Не можа быць, каб дзед Астап куды далёка паклыпаў, мы яго ведалі – стары ён зусім, слабенькі, далёка ад жытла, канешне ж, не адважыцца тэпаць.

Ну і сапраўды, дзе ж ён, гаспадар гармоніка? Яшчэ б, мусіць, доўга ламалі мы голаў, каб з-за паркана не паказалася незнаёмая нам цётка, яна прасунула галаву ў дзірку і сказала:

– Ды ў грыбы, у грыбы пайшоў Астап. Цяпер толькі лайдак ды хворы сядзіць дома. Як вось я.

Каменьчык і ў наш агарод, атрымліваецца. Толькі не зразумелі, што з цёткай – лайдак яна ці хворая?

А праўда ж, грыбы! Калі што і можам прапанаваць старому за гармонік, дык толькі іх. Гэта – ідэя! Заадно і Астапа пашукаем.Пакрочылі. А што там крочыць – у бярэзніку ж хата Астапава, дык адразу і пачалі шукаць. Абабкі трапляліся на кожным кроку, зрэдчас крамяныя, строгія і важныя баравікі. Іншыя грыбы мы з Петрыкам не прызнавалі. Падабаліся нам яшчэ падасінавікі, але тут, на гары, яны не раслі.

Неўзабаве грыбоў было з каптурком – што ў мяне, што ў Петрыка. Нават пашкадавалі, што малыя кашы ўзялі. А дзеда так і не знайшлі. Знайшоў ён нас. Селі мы, адпачываем, а стары тут як тут – з-за куста вылузваецца, глядзіць на нас, вачыма міргае: