Выбрать главу

У магілёўскага зяця таксама ёсць легкавік. Кожны раз на мяжы яны і перадаюць цесця адзін аднаму.

19.

Прачытаў у газеце "Літаратура і мастацтва" нататку Ігара Пракаповіча пра паэта і журналіста з Пастаў Алеся Касценя, якога я добра ведаў і асабіста, і як аўтара кнігі вершаў "Зруб", і як аўтара цудоўных артыкулаў "Простыя рэчы" ў газеце "Звязда".

Дзякуй, Ігар, што ўспомніў Алеся.

А мне прыгадаліся Паставы таго года, калі там праводзіўся Дзень пісьменства, у якім давялося прымаць удзел. Нам уручылі раённую газету. Святочны, вядома ж, нумар. Вершы паэтаў Пастаўшчыны. Цёплыя радкі пра некаторых. Газета падкрэслівала: яны, гэтыя паэты, наша краса, наш гонар...

Пра Алеся Касценя ні слова. І ніводнага ягонага радка.

Гэта ўразіла і запомнілася...

20.

У яго цяпер свая сям'я, у яе — свая. Гадоў колькі назад яны былі мужам і жонкай усяго пяць хвілін. Пяць сапраўдных хвілін. Так-так, не здзіўляйцеся. Толькі распісаліся ў Доме шлюбаў, роспіс падмацавала і бутэлька з шампанскім, якая стрэліла коркам угору, і... канфуз атрымаўся. Ужо на прыступках малады муж наступіў на фату маладой жонкі, і тая, нядоўга думаючы, адвесіла яму аплявуху. Прысутныя зніякавелі. А муж развярнуўся і пайшоў прэч, пакінуўшы ўсіх перад ганкам Дома шлюбаў. "Каця, вярні яго!", "Папрасі прабачэння!". Каця так і засталася стаяць нерухома... Маці жаніха кінулася ўслед, схапіла таго за рукаў, пачала папракаць, маўляў, людзі ж сабраліся на вяселле, чакаюць у рэстаране. Што ж ты робіш, блазнюк?! Жаніх так і не вярнуўся да нявесты, ці, дакладней сказаць, малады муж да маладой жонкі.

Вяселле не адбылося. Людзі, праўда, пасядзелі ў рэстаране, выпілі, закусілі. Але тое вяселле нагадвала хаўтуры.

Праз колькі часу у тым жа Доме іх шлюб скасавалі.

Амаль усе сведкі таго канфузу былі на баку жаніха... Малайчына, казалі. Сапраўдны мужык. Мо яно і праўда?

21.

Я часта згадваю вядомага беларускага паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Аляксея Васільевіча Пысіна. Як цяпер помню ягоныя радкі: "Пярэдні край, чужы, неразгаданы, пярэдні край, як полюс мерзлаты... На бледны снег ляглі мерыдыяны — армейскія прамыя правады".

Яшчэ ў 1965 годзе я, на той час дзесяцікласнік, асмеліўся зайсці ў рэдакцыю абласной газеты "Магілёўская праўда" і папрасіць у яго аўтограф. Кнігу "Мае мерыдыяны" я набыў папярэдне ў кнігарні, яна каштавала некалькі капеек. На першым паверсе ў Доме Саветаў, дзе месцілася тады рэдакцыя, я адразу пазнаў Аляксея Пысіна і Васіля Матэвушава. Яны якраз выйшлі перакурыць. Аўтограф атрымаў без лішніх слоў, пахваліўся, што чытаю іх творы на старонках не толькі абласной газеты і што сам мару стаць пісьменнікам. Ёсць і сціплыя публікацыі. Мусіць, паэты палічылі мяне дзіваком, але пра гэта я думаю толькі сёння.

Даўно няма паэта Аляксея Пысіна. Засталася яго паэзія, высока адзначаная ўладай і ўхваленая чытачамі. Застаўся і трапны жарт, які экспромтам, відаць, нарадзіўся ў яго на нейкай бяседзе. Пра аднаго з паэтаў Аляксей Васільевіч сказаў: "Пішаш, як пачатковец, а п'еш — як класік!"

Так мог пажартаваць толькі сапраўды таленавіты чалавек.

22.

Пра тую паездку ў Мінск вясковы каваль Сцяпан Ігнатавіч часта ўспамінае і раіць тым, хто шкадуе грошай, не выбірацца туды, калі прастуджаны. Як ён выбраўся.

— Працяла недзе мяне скразняком, а я ў сталіцу паехаў, — казаў ён, шкрабаючы патыліцу. — Справа была не дужа каб вострая, магла б пацярпець. Але каб жа ведаў, што такое здарыцца, і саломкі б падаслаў... Сядзеў бы лепш дома. Асарамаціўся толькі. Калі ўзяў білет на зваротны шлях, то да цягніка заставалася яшчэ шэсць гадзін... І тут пачалося... Ну па патрэбе ў туалет... А там ён — платны... Я толькі паспяваю грошы даставаць з кішэні... Цягаю і цягаю... Ды і перад жанчынай, што квіткі выдае, няёмка. Ці мала што яна пра мяне магла падумаць? Во, скажа, прыехаў!..

І далей Сцяпан Ігнатавіч сябе суцяшае:

— Хоць жыццё ёсць жыццё... Чаго не бывае ў ім, у гэтым жыцці? — А крыху памаўчаўшы, шчыра прызнаецца: — Хоць грошай і шкада. Хлусіць не буду. Як усёдно выкінуў. Як на вецер пусціў...

23.

Мікола нікому не сказаў, чаму з'ехаў з нашага горада. Іншы б плакаўся перад знаёмымі і сябрамі, а ён — не, ні слова. Ціхенечка сабраў рэчы — і знік. Няпроста чалавеку пакінуць было, вядома ж, жонку, сына, кватэру, у рэшце рэшт, заробленую мазалём. А ён — адважыўся, рашыўся.

Але шыла ў мяху не схаваеш, праўду кажуць людзі, неўзабаве даведаўся і я, чаму так атрымалася.

На рабоце Міколавай жонцы прапанавалі дзве пуцёўкі на экскурсійны цягнік у Карэлію, і яна ўзяла іх, прынесла дадому. Мікола ўзрадаваўся, бо і сам ён даўно марыў хоць вокам глянуць на тыя хвалёныя азёры, грыбныя і ягадныя мясціны. А калі наспеў час адпраўляцца ў дарогу, яго жонка раптам занядужыла. Што рабіць? Як быць? А тут якраз завітала ў госці жончына сястра, ёй і прапанавалі пуцёўку. Тая ахвотна пагадзілася.

Ну, а там адбылося тое, што адбылося. Жончына сястра, відаць, пасля чаркі моцнага напою расказала Міколе пра паводзіны ягонай палавіны. Сказала прыкладна так: "А ты думаеш, чаму яна расце па службе так хутка, як на дражджах? Граматная такая, скажаш? Ды не! Каханы ў яе — сам шэф. Ён і спрыяе. Яна мне сама хвалілася..."

На што спадзявалася сястра, адной ёй вядома, але ж здагадацца можна... Усё ж Мікола — прыгожы мужчына, і ў яе, падобна на тое, ёкнула сэрца, калі яны засталіся ў купэ цягніка сам-насам...

А Мікола сабраў рэчы і пераехаў у іншы горад. Там ён абзавёўся новай сям'ёй, у яго нарадзілася дачка, а былая жонка жыве з сынам, нявесткай і ўнукам... Кажуць, быццам хадзіла да варажбіткі і тая прадказала ёй, што Мікола вернецца. Яна і сапраўды яго вельмі кахала, мусіць жа, кахае і сёння.

Прайшло шмат гадоў, ён тэлефануе ў Гомель, але толькі сыну. Іншы раз бачацца.

Былой жонцы Мікола не дараваў. Сёстры не размаўляюць і не сустракаюцца.

24.

У Васілевічах сеў на дызель, каб вярнуцца дадому – у Гомель. Людзей у вагоне было мала, і кожны з іх займаўся хто чым. Некаторыя пасажыры сядзелі моўчкі, паглядаючы на краявіды за акном, іншыя чыталі, а нехта проста драмаў. Я дастаў газету, толькі разгарнуў яе, і ў гэты самы момант да мяне падсеў дзядок са слоікам у руках.

– На дзіва глянуць не пажадаеце? – ён прыўзняў слоік, у якім ляніва плаваў рак. – А?

Сапраўды, гэта было дзіва. Так ужо ў нас атрымалася, што ракі, а яны, як высветлілася пазней, надта далікатныя рачныя асобы, надоўга зніклі ад нас: хімія, што тут паробіш. Ні для каго не сакрэт, што не шкадавалі мы мінеральных тукаў для палёў, а яны, як ты не старайся адгарадзіць ад іх рэчку, усё ж траплялі ў яе. Ракі звяліся. І вось – дзядок са слоікам, у якім плаваў рак…

– Ну, як? – весела, шчасліва глядзеў ён на мяне.– Паменела угнаенняў, і ракі з’явіліся. Значыць, вада ў Дняпры чыстая. Калі ракі жывуць, то яе і піць можна.

Да нас пачалі падыходзіць некаторыя пасажыры, і дзядок са слокім з ракам апынуўся ў цэнтры ўвагі. Ён хваліўся, што рака паймаў сам, і не аднага – астатніх пакінуў унукам, а гэтага, самага большага, вязе ў горад напаказ.

Больш шчасліва чалавека,чым той стары з ракам, я доўга потым не бачыў.

25.

Прыгадался неяк…

Малочнатаварная ферма. У мяне тут літаратурнае выступленне, ці як бы мовіць – сустрэча з чытачамі. Чакаем разам са старшынёй ў цесным пакойчыку – чырвоным кутку – калі збяруцца даяркі. Прыходзяць, садзяцца. Старшыня калгаса дастаў тым часам з кішэні невялічкі карабок, паклаў перад сабой на стол, сабраўся, як мне падалося, з думкамі, крэкнуў, пастараўся ўсміхнуцца, ціха сказаў:

– Жанчыны, сёння ў нас імянінніца. Хто б вы думалі? Не здагадваецеся?