Выбрать главу

Я разумею жонку. Так спакайней. Хаця ж і адмаўляць двор, вуліцу нельга. Там – сябры, патаемныя мясціны дзяцінства. Там – зусім іншае жыццё, чым у чатырох сценах. Назавіце мне чалавека, якім б не хваляваўся, адпраўляючы сына альбо ўнука ў тое зусім іншае жыццё? Хоць і ненадоўга. Хоць на некалькі гадзін. Але ж іншы раз хапае і хвіліны-другой, каб пацягнуцца да таблеткі… І ад гэтага нікуды ні падзецца, на вялікі жаль. Існуюць дабро і зло, любоў і нянавісць, і з усім гэтым страчаюцца на сваім жыццёвым шляху нашы дзеці. Адны па гэты бок, іншыя – па той… Нам хочацца, каб нашы – самыя любімыя, самыя бязгрэшныя – былі заўсёды там, дзе пануе толькі ДАБРО.

...Максім прывёз – як завязаць – торбу яблыкаў. Трэба было бачыць яго вочы. Свяціўся ўвесь. Я падзякаваў. Ну, а заўтра я ўсё ж набяруся смеласці і пагавару з ім начысціню. Пра тое, як жыве, што хвалюе, непакоіць. Як наогул паводзіць ён сябе на вуліцы. Будзем есці бабулін пірог і размаўляць. Абавязкова.

Гумарэскі

ВЫЛЯЧЫЎ

Дзён колькі назад Іван Сідаравіч сабраўся аднесці кніжкі ў бібліятэку. Не здзіўляйцеся: у адрознене ад многіх іншых, ён не здрадзіў свайму ранейшаму захапленню, не паддаўся на спакусы тэлебачання, а як чытаў кнігі так і чытае. Пра інтэрнэт яму, разважаў, і зусім думаць позна: гэта ўнукаў занятак, а кніга яна і ёсць кніга.

Загрузіўшы прачытаныя томікі ў пакет, Іван Сідаравіч, атрымаўшы заадно ад жонкі заданне што купіць па дарозе з бібліятэкі – каб, па яе меркаваннях, парожнім не хадзіў – ён і выйшаў на ганак. Стаяў цёплы сонечны дзень, наўкола гулі аўтамашыны і весяліліся на пляцоўках дзеці, а на лаве, што ў пад’ездзе, сядзеў мужчына ў пакамечаным касцюме, у несамавітых акулярах, шкельцы якіх былі нават зусім розныя: одно празрыстае, другое – цёмнае. Празрыстае шкельца да таго ж было трэснута.

— Мужчына… – няўпэўнена, абапіраючыся адной рукой на лаву, а другой махаючы ў паветры, нібы намагаючыся за яго ўхапіццца, чалавек у акулярах нарэшце ўзняўся, не зводзіў позірку з Івана Сідаравіча.– Мужчына… Пачакай… Ты мяне зразумееш… Прабач, павітацца забыўся. І прадставіцца. Прадстаўляюся: я ветэрынар… жонка забрала, гадаўка, тры мільёны грошай і разам з дачкой з’ехала ў вёску… Верыш? Я ў суседнім доме жыву… Дзе аўтамагазін… І пошта…

— Гаварыце, гаварыце, – замест спачування, суха адказаў Іван Сідаравіч, а сам затрымаў усё ж хаду: ну-ну, што там у чалавека, цікава ж.

— А я ўчора, значыць, звэлхаў два парсюкі, выпіў, вядома ж, а сёння хварэю. Ты ж мужык, павінен мяне зразумець.

— Дык што вам трэба? – хоць і ведаў, што яму патрэбна, чамусьці спытаў Іван Сідаравіч і не чакаючы, пакуль той нешта прамовіць у адказ, выправіў сваю памылку – працягнуў яму адной паперкай пяць тысяч рублёў.

Мужчына анямеў. Ён хацеў знайсці словы падзякі, аднак у яго адняло, падалося, мову: ён толькі соп і крактаў. Усё ж услед гукнуў Івану Сідаравічу прапітым голасам:

— Я, зямляк, у даўгу не застануся!...

Назаўтра Іван Сідаравіч і ягоная жонка наважыліся выбрацца ў горад – сябе паказаць і на людзей паглядзець. Апрануліся ў лепшае адзенне. Выйшлі на ганак. На лаве сядзеў усё той жа мужчына ў пакамечаным касцюме, у акулярах, да дужак якіх была цяпер ужо прывязана рызінка, яна ж абшчапіла яго галаву, а замест чорнага шкельца віднелася прарэха.

— О! – гукнуў мужчына. – Дзед! Я ж цябе чакаю! – І ён памкнуўся насустрач, працягнуў руку Івану Сідаравічу, той палічыў агідным патрымацца за яе, аднак гэтая акалічнасць не астудзіла ягонае жаданне. – Ты ж мяне вылячыў, помніш? Пахмяліў тады добра… Ого як пахмяліў!.. Учора ж было, здаецца?.. Таму я ў даўгу не магу застацца. Сёння звэлхаў парсюка… тут паблізу, у прыватным сектары, то маю грошы… Хадзем, пачастую!

Твар Івана Сідаравіча запунсавеў, а жонка страціла мову, як і мужчына ў акулярах, калі атрымаў ад яе мужа пяць тусяч рублёў на выпіўку. Кабета нарэшце знайшлася:

— І гэта ты з такімі бамжамі сябруеш, мой мілы? – скасавурылася яна на мужа.– Дакаціўся! Дажыўся!...

— Ды я… зразумей… я не піў…з ім…– замэкаў Іван Сідаравіч, а сам гатовы быў даць добрага кухталя гэтаму ветэрынару.

– Дома разбярэмся! – прыгразіла жонка.

А мужчына не ўнімаўся, ужо нахабна тузаў Івана Сідаравіча за рукаў:

– Хадзем, хадзем! Ты баб меней слухай. Мая ж… тры мільёны хапнула і толькі бачылі яе… А я сёння звэлхаў… І на заўтра заказ маю… Так што – жывём!..

Іван Сідаравіч і жонка дабавілі кроку, аднак мужчына ў акулярах не адставаў, стараўся ступаць ўпоравень з імі, і ўсё цягнуў “дзеда” выпіць. Яго было далёка чуваць. Знаёмыя спыняліся, праводзілі іх загадкавымі позіркамі: і гэта ў іх такі друг сям’і?!

Іван Сідаравіч нарэшце спыніўся, паглядзеў прама ў вочы назоле, і сказаў злосна, выходзячы з сябе:

— Ды не п’ю я-я-я!!!..

— Дык… дык а як жа я з табой тады разлічуся? – не мог асэнсаваць пачутыя словы мужчына.– Не, не прыкідвайся: пайшлі – і ўсё, дзед! Я ад цябе не адстану. Ты мяне вылечыў, я павінен аддзячыць. Я не скнара які-небудзь. Ведай! Знай! Ну, і доўга ты будзеш ўпірацца?.. Я – не адстану!.. За дабро дабром плаціць трэба. Хе-е, думаеш, я не ведаю гэтага!..

Івана Сідаравіча і ягоную жонку выратавалі ногі.

ПЕРАХАПІЛА

Валянціна вярталася з базара, таму, вядомая справа, рукі ў яе былі заняты сумкамі з рознымі пакункамі. На аўтобусным прыпынку жанчына з палёгкай уздыхнула: на лаве якраз мелася адно свабоднае месца, і таму яна мела магчымасць даць рукам паслабленне – села, а сумкі паставіла на калені. Патрэбны аўтобус затрымліваўся. Валянціна асабліва і не спяшалася. Жыве адна, а дзень нараджэння ў яе толькі заўтра, таму яшчэ паспее падрыхтавацца, каб чынна і годна сустрэць гасцей. Абяцалі быць супрацоўнікі аддзела.

А вунь і ён, патрэбны аўтобус. Пара ўставаць. Жанчына ўзяла ў рукі сумкі і накіравалася бліжэй да таго месца, дзе звычайна спыняецца транспарт. Стаіць. Чакае. І тут бачыць, што да аўтобуса бяжыць што сілы мужчына, а за ім гоняцца два маладзенькія міліцыянеры. Ловяць, значыць, уцякача-злачынцу. Так падумала яна, Валянціна. Не помніць і сама, як кінула яна сумкі на дол і шырока растапырала рукі. Мужчына так і ўляцеў у яе абдымкі.

— Стаяць! – загадала жанчына. – Папаўся!..

Мужчына не мог зразумець, што адбываецца. Пакуль ён ачомаўся, міліцыянеры прабеглі міма, ускочылі ў аўтобус, таго неўзабаве і след прастыў. Толькі цяпер Валянціна здагадалася, што адбылося. Перастарался, адным словам. Яна гучна засмяялася і папрасіла прабачэння ў мужчыны. Мужчына таксама ўсміхнуўся ў адказ:

— Бывае. – І прапанаваў свае паслугі:– Вам, можа, дапамагчы сумкі несці?

— Ну, калі не цяжка… – спярша сумелася Валянціна, а потым паціснула плечуком.

— А мне няма куды спяшацца. Не ведаю, навошта я так ляцеў на злом галавы да таго аўтобуса? Хаця, кажуць, што не робіцца, усё да лепшага…– шматзначна паціснуў ён плячыма і згроб у адну руку ўсе яе сумкі, загадкава паглядзеў на жанчыну. – Загадвайце, куды несці?

— Дамоў…– ціха і сарамліва прамовіла жанчына.

— Дамоў дык дамоў! – бадзёра сказаў мужчына і дапамог ўвайсці ў салон аўтобуса, які толькі што падышоў, Валянціне.

З таго дня на базар яны ходзяць разам і ездзяць толькі на тым нумары аўтобуса, які стаўся шчаслівым для іх абодвух.

ПРЫВІТАННІ

Сяргей Іванавіч амаль усё сваё жыццё працаваў у канструктарскім бюро завода па вырабу вентылятараў, а калі выйшаў на пенсію, пераехаў жыць у іншы горад – бліжэй да сына і ўнукаў, як сказаў сваім былым супрацоўнікам. Праводзячы ветэрана працы на новае месца жыхарства, яны паабяцалі не забываць Сяргея Іванавіча.

— Ты толькі пакліч, і мы заўсёды акажамся побач з табой! – ударыў у грудзі інжынер-канструктар Ціханчык. – Не забывай і ты нас, шаноўны! Тэлефануй! І помні: у цябе сярод нас багата сапраўдных сяброў, у тым ліку і я. Нас не разлучаць адлегласці, жыві і вер!..