Выбрать главу

– Можа, паспрабуеце майго тытуню? Паёк. З-пад Бранску прывёз. У шпіталі хлопцы накідалі на развітанне. У падарунак быццам. Дзякуй ім – на год, глядзіш, і расцягну.

Райкомавец працягнуў руку, і пакуль Хвядос сыпаў яму на далонь тытунь, скоса паглядаў на Кацярыну.

– Двое, значыць, вас, камуністаў, стала?

– Пакуль двое, – адказаў дзядзька Хвядос. – Са мной калі.

– Не густа...

– Не густа. А мяне на фронце прынялі. Пад Вязьмай. Не збіраўся, шчыра скажу, а маёр кажа: «Ты, Сталетаў, варты». Ну, раз варты – вам, начальству, лепш відаць.

Нічога не адказаўшы на гэта, райкомавец асцярожна папытаў у дзядзькі Хвядоса і Мікіты:

– Пра Дзмітрыя, сына Тамаша, нічога не чулі? Гавораць... бытта... – Ён на нейкае імгненне замоўк, а потым сказаў: – Хоць добра… Гэта пакуль што размовы. Хоць і разумею, што полымя без агню не бывае. Але пазней, адчуваю, нам пра гэта ўсё ж трэба будзе гаварыць...

Мікіта развёў рукамі:

– Як пагнаў калгасную скаціну ў сорак першым, дык і не напамінаў пра сябе. А што?

– Разабрацца трэба... – Козыраў на хвіліну задумаўся, а потом прамовіў: – Навошта людзям да часу настрой псаваць? Хопіць для іх і таго болю, які перажылі, сцярпелі. А праўда усё роўна выплыве. Рана ці позна. Ну, я пайду, мужыкі. Мне яшчэ ў Алешню трэба паспець сёння. Трымайцеся тут. Будзем разам працаваць. Не сёння-заўтра дапаможам і жыўнасцю. Будуць у вас і каровы, і коні. Усё будзе. Былі б мы.

Яны моцна парукаваліся на развітанне.

У нас з Петрыкам таксама быў добры настрой пасля таго, калі наведаў нашу вёску райкомавец Козыраў, важны госць.

4. ЦІХА ЯК!..

Ранічкай я звычайна злазіў з печы, мыўся і пытаўся ў дзядзькі Хвядоса, што рабіць будзем. Давай, загадвай. Учора мы з ім капалі зямлянку, бо на печы, зразумелая справа, ад дажджу і ветру не схаваешся. А ў зямлянцы, калі што, і перазімаваць можна. А дзядзька Хвядос сёння паглядзеў на мяне вясёлымі вачыма, не так сур’ёзна, як заўсёды, усміхнуўся і сказаў:

– Табе, Колька, у школу б. Яшчэ наробішся. Яшчэ напрацуешся. Але магу цябе абрадаваць: нядоўга чакаць засталося – у верасні адкрываем школу. Настаўніца, Вольга Якаўлеўна, вярнулася…

– Ура-а-а! – не стрымаўся я.

Як добра, што наша школа ў вайну не згарэла. Заходзь – і вучыся.

– А пакуль давай снедаць.

Мы селі за самаробны стол і пачалі сёрбаць па чарзе з адной місы варыва – драўлянымі лыжкамі, якія сам выстругаў з ліпы дзядзька. Потым ён аблізаў сваю лыжку і паглядзеў на неба. Яму, небу, быццам і гаварыў:

– Ціха як!.. І заўтра будзе такая цішыня. Акурат так. Будзе. Мне можаш верыць. – І раптам перавёў позірк на печ: – Чуеш, печ? І цябе датычыць. Ціха як!.. Гэта не хухры-мухры, а цішыня. Вось яна, на далоні. Бы яблык. Яна – як сон немаўляці... ага... які яшчэ матчыну соску смокча... забаўку... Прывезлі яго з радзільні, паклалі ў люльку – асцярожненька так, як мінёр снарад, на выцягнутых ру-ках – а самі бацькі на кончыках пальцаў ходзяць-клыпаюць. Няхай спіць, няхай... Моцненька, бесклапотна... Бацькам дзіцятка – што нам, людзям, цішыня... Баішся, каб не спалохаць яе, каб не спудзіць... А там мужчыны вернуцца. Яны вернуцца. І Сцяпан мой, і Колькаў татка прыйдзе. Без веры жыць нельга... – Дзядзька Хвядос паглядзеў на мяне, затрымаў позірк. – Ты іх, печ, помніш. Сядзелі яны ў хаце: мужыкі на цябе глядзелі, ты на іх. Неўзабаве вернуцца. Скора. І тады мы зруб узвядзём. З новых бёрнаў. І дах над табой паставім, печ, каб не сірацела ты больш пад голым небам. Каб па-людску, ага. Тваё месца ў хаце – не на вуліцы... Ты, можа, і крыўдуеш на мяне, што пад небам пакуль... Не трэба. Вось калгас крыху на ногі паставім – і тады адразу, ага... Мяне, ты і не ведала мо, старшынёй выбралі… Не крыўдуй. Малайчына, што разумееш. Малайчына. Усё адразу не агораем.

Дзядзька Хвядос яшчэ доўга размаўляў бы, мусіць, з печчу і са мной, але я ўбачыў, што да нас ідзе Мікіта, таму падзякаваў за крупнік і пачаў прыбіраць на стале. Мікіта, як і нярэдка, грымнуў басам:

– Тамаш не заявіўся?

Хвядос вытрымаў паўзу, сказаў:

– Ды не відаць. Як у студню праваліўся.

– Праваліцца ён у студню, чакай! – таптаўся каля печы Мікіта, не знаходзячы сабе месца. – Ну, Тамаш! Ну, Тамаш!..

– Ды прыйдзе ён, прыйдзе! – супакоіў суседа дзядзька Хвядос. – Куды ж ён можа падзецца?

А Мікіта матляў у паветры вялікім кулаком:

– Не церпіцца мне тыцнуць яму ў адно месца!

– Тыцнеш, калі так ахвота. Паспееш. Усяму свой час. А вунь, дарэчы, і Тамаш. Дарэмна хваляваўся, Мікіта. Сам ідзе.

– Ды не сам: я выклікаў яго да тваёй печы, – паглядзеў на Тамаша, які тупаў паблізу, Мікіта, а потым захваляваўся, пачаў лапаць сваё адзенне, папраўляць кашулю, падцягнуў парткі. – Сам бы ён прыйшоў, адзін з тых!..

Тамаш, перш чым паказацца каля печы, зачапіўся за корч, ледзь не прачарціў зямлю носам, але захаваў раўнавагу, кагосьці аблаяў – гаспадара ці сам корч, было не зразумець – і, сапучы, прагугнявіў:

– Чакаеце? Ну вось ён я! Навошта перадавалі, каб прыбыў? Слухаю, грамадзяне начальнікі.

Мікіта прызнаўся, што гэта ён наказаў, сам, адзін, таму па ўсіх пытаннях параіў звяртацца асабіста да яго. Хоць і каля Хвядосавай печы. Тут, маўляў, зручней размаўляць. І натапырыўся на Тамаша:

– Дык, прызнавайся?

Тамаш, хоць і не палахлівы, але плечы ў яго ўздрыгнулі:

– Гэтыя дошкі... сельсавет калі гарэў... вам іх у мяне не забраць. У полымя лез. Рызыкаваў. Жыццём. Зразумелі? Во! – ён паказаў Мікіту дулю. – Не выйдзе! Не атрымаецца!

Дзядзька Хвядос параіў Мікіту:

– Пакажы і ты яму. Пакажы.

– А як жа, пакажу, пакажу! Глядзі, Тамаш! Ці не пазнаеш? Мяшок-та мой! – Мікіта выцягнуў з-пад папружкі мех, трасянуў ім у паветры. – Што скажаш, гарлапан?

Тамаш адмахнуўся, бы ад назойлівай мухі, ад таго меха:

– Дык і трасі ім перад сваім носам, калі твой!

– Не-е, я перад тваім патрасу.

Каля мяне ўжо моўчкі сеў Петрык, і мы навастрыліся глядзець далей, што будзе паміж мужчынамі. Ну-ну, давайце, працягвайце. Нам цікава. Дзядзька Хвядос падаў знак рукой, каб Мікіта дарэмна не псаваў нервы, параіў растлумачыць, што ўрэшце рэшт здарылася:

– Будзе, Мікіта, будзе. Не гарачыся. Раскажы, што і як. Спакойна. Тамаш, бачыцца мне, таксама нічога не разумее... Пра дошкі пачынае гаварыць... Так-так, дык што там у цябе? Якія прэтэнзіі?

Мікіту, мы з Петрыкам гэта добра ведалі, было цяжка спыніць, калі ён набіраў абароты. І не спыняецца, а мы што казалі! Сіпіць, бы раззлаваны гусак:

– Гэта хто нічога не разумее – Тамаш? Ён усё разумее! Толькі морду крывіць, губіну капыліць, бы конь, якога авадзень уджаліў, дурнем прыкідваецца. Дыверсант!

Пачуўшы «дыверсант», Тамаш ажно ўвабраў галаву ў плечы, а во-чы ў яго, падалося, зрабіліся зусім маленькімі, як у пеўня. Але ён адразу апрытомнеў, шырока разявіў рот, ваяўніча заявіў:

– Ну, ты! А то як шандарахну!.. Прыпісваеш мне тут непат-рэбшчыну. Падбірай словы. За гэта могуць далёка схаваць. А ў мяне дома спраў багата. Во так, анёл!

Мікіта стаяў на сваім:

– Што – «ты»! Я ж гэты мех у пуні ў цябе забраў. Маўра твая сказала, каб серп навастрыў. Шукаю яе... якраз міма праходзіў. У пуню заглянуў, а там – мех мой ляжыць, во гэты самы. Метку бачыш?

Тамаш дзеля прыліку ўзяў мех, пакруціў яго ў руках, пашкрабаў кручкаватым пальцам там, дзе метка, а потым шпурнуў яго Мікіту:

– І на маіх такая!

Мікіта плюнуў, сеў:

– Ну вось і пагавары з ім.

Пагаварыць з Тамашом узяўся дзядзька Хвядос. Ён падняў з зямлі мех, папытаў у Мікіты:

– Дык гэта той мех, у якім быў ячмень?

– Ну, той, што на насенне бераглі, – пацвердзіў Мікіта, і да Тамаша: – Навошта зерне ўкраў, злодзей?

– Прашу не абражаць. А зерне... Ты пра якое зерне? Не разумею.

– Калгаснае, – сказаў Мікіта. – Ты абрабаваў усіх нас. Гэта хоць разумееш?

– Не браў, – аднекваўся Тамаш.