Выбрать главу

– Што думаць тут? А можа зразумеюць, даруюць?

– Што жывёліну калгасную кінуў немаведама дзе і каму? Гэта зразумеюць? І даруюць, хочаш сказаць, гэта? Не-е, сыну, не. Людзі нацярпеліся, нагаладаліся і наплакаліся. Ніколі такога не зразумеюць. Ніколі. Што і замест фронту каля бабскай спадніцы прыгрэўся – і гэта, думаеш, зразумеюць? Быццам і шкада мне цябе, але як падумаю, што ты – дэзерцір... – Тамаш памаўчаў. – Цікавіцца пачалі табой, здагадваюся. З раёна нейкі чалавек прыязджаў...

Канешне ж, Козыраў, хто ж яшчэ! Таго чалавека і мы бачылі.

– ...людзей распытваў. А цяпер гэтая гісторыя з мехам...

Міцька разявіў рот:

– З якім мехам?

– Вам бы з маткай той мяшок на галаву нацягнуць, каб вы свету белага не бачылі. Дваім адразу. Цьфу! І ў рэчку, як сляпых кацянят. Ну, для якой трасцы ёй той мяшок спатрэбіўся? Сваіх мала? Узяла б ды закапала дзе. Ды і ты сядзеў бы ў лесе. Цьфу!

Бацька з сынам памаўчалі.

Петрык паглядзеў на мяне і ўсім тварам паказаў: вось хто такі Міцька, а! Шапнуў: «Дэзерцір. Чуў. Слова б гэта хоць не забыць». Я паабяцаў таксама яго запомніць.

Міцька зноў паглядзеў на бацьку, плаксіва папрасіў:

– Чаму, чаму ты не хочаш выслухаць мяне, зразумець? Я ж табе тады ноччу ў хаце хацеў расказаць усё, як было, а ты аблаяў мяне… не стаў і слухаць… Не пакідай мяне, тата...

Тамаш павысіў голас:

– Што – я? Жыццё цябе, Міця, са сваіх спісаў выкрасліла, здаецца мне. І мяне заадно. Што мне новая хата, калі я ў ёй картачку адзінага сына павесіць на сцяну не магу. Баюся. Хвядос Сталетаў вунь пад голым небам жыве. На печы. А я зайздрошчу яму.

– Няхай заўтра матка прыйдзе, – папрасіў Міцька. – Добра?

Але Тамаш нібыта і не чуў сына, працягваў гаварыць далей:

– А я ні адной ночы не спаў з таго часу, калі ты ў нашых мясцінах аб’явіўся.

Міцька раптам згроб бацьку рукамі, трасянуў яго, ад чаго нават падалося, што ў Тамаша адарвецца галава:

– Тата-а! Я пакуль жывы! Не харані-і! Не трэба! Я не ў магіле яшчэ! Не ў магіле я! Чуеш? – І, выказаўшыся, павольна расслабіў рукі.

Тамаш паправіў адзежу, адсопся, а тады сказаў:

– Чуць чую, а карысці з гэтага?

Міцька сеў на земляны ўзгорачак, прысыпаны леташнім рыжым лісцем, не адразу падняў вочы на бацьку:

– Як жа так? Выходзіць, мая віна ў тым, што жывым застаўся? Пайшоў бы з усімі на вайну – значыць, быў бы героем?

– Сумняваюся я. Сумняваюся... – пакруціў галавою, і, відаць, ён быў шчыры да канца, стары Тамаш, якога нам з Петрыкам чамусьці ўпершыню, колькі і ведаем яго, зрабілася шкада. Эх, Міцька! Так падвесці бацьку, землякоў, ды – урэшце рэшт, калі на тое пайшло! – і нас з Петрыкам. Што, думаеце, мы не змаглі б калгасных кароў разам з дарослымі загнаць за тую Волгу ці куды там яшчэ? Няма чаго рабіць. Хто-хто, а рагулі нас заўсёды слухаліся. А цяпер жа не ваяваць падаўся, а ў лесе сядзіць, пад носам у сваёй хаты, трымціць, як заяц пад кустом, калі на лісце капае дождж.

Ён яшчэ, бачыце вы яго, перапытвае ў бацькі, ажно галаву задраў, каб паглядзець таму ў вочы:

– Сумняваешся?

А то ж не! Хто табе пасля ўсяго, што нарабіў, паверыць? Бацька родны, маці? Хвядос, можа, ці Мікіта? І мы з Петрыкам – нізашто. Так і ведай, здраднік! Тут рваліся на вайну, зброі назбіралі, а ён!..

– Сумняваешся, значыць...

– Сумняваюся.

– А што ты ведаеш пра мяне? Лёгка караць таго чалавека, у якога з-пад ног зямлю выбіла...

Я чамусьці паглядзеў на свае ногі, потым на Петрыкавы, парэпаныя і мурзатыя, на зямлю, што была ўсеяна ўсё тым жа старым жоўтым лісцем, і моцна прыдавіў зямлю пятой: не, у нас зямлю не выбіла, яна тут, пад намі.

А Міцька працягваў, не ўстаючы з зямлі:

– Я, можа, нацярпеўся больш, чым на перадавой. Спіну паказаць? На, глядзі!.. – Міцька задраў пінжак, паказаў спіну бацьку, і што было там на той ягонай спіне, мы хоць крадком вока заўважыць не змаглі, аднак Тамаша паказаная спіна ўразіла: ён прыжмурыў вочы, ссупіў бровы і моўчкі апусціў пінжак.

– Хто гэта цябе так? – спытаў Тамаш ціха і сумна.

– Калі са статкам здарылася тое... дык у ваенкамат я пайшоў – каб на фронт адправілі. А куды мне было падзецца? Несцера Цішчанку напавал... Самалёты наляцелі на нас... Гардзею Чарняўскаму адно паспеў крыкнуць: «Уцякаем!» А ён нешта там валтузіцца, лаецца... на каго і што... не зразумею... Калі на немцаў, то ўсё роўна ж не па-чуюць... Гляджу, і яго няма... не відаць... Забіла, напэўна... не будзеш жа па траве поўзаць пад выбухамі...

Тамаш не пагадзіўся, і правільна зрабіў:

– Што ж ты так, га? Сваіх кінуў... А людзі ж поўзалі пад выбухамі... пад асколкамі... выцягвалі адзін аднаго з поля бою. Чаму ж ты так, Міцька-а?!

– І сам не ведаю, – пацепваў плячыма Міцька. – Спалохаўся – і ўсё... Што тут больш сказаць? Страх мяне працяў усяго... не гатовы я быў, каб... каб...

Тамашу не цярпелася пачуць – што, «каб»? Але Міцька так нічога і не змог яму адказаць уцямнага, а цяпер ужо і нам з Петрыкам, пакуль бацька не папытаў у яго, куды ж з ваенкамата накіравалі.

– На фронт, куды ж... Не паспелі ад’ехаць у цялятніках ад горада, як увесь эшалон наш разбамбілі. Разбегліся – хто куды... Адседзеўся ў лесе, перачакаў трохі. Чую галасы людзей. Падыйшоў, а гэта – паліцаі. І адкуль яны ўзяліся? За шкіркі мяне, і пацягнулі... Куды? На-вошта? Нічога не магу зразумець. Забіць маглі б і тут, у лесе, я ўжо неяк і гатовы быў да ўсяго гэтага... Прывялі ў гарнізон, форму выдалі...

– І ўзяў?

– Не пыталіся.

– Таму што ў цябе на мордзе напісана, Мітрый, хто ты. Вялікімі літарамі. З чалавека ростам.

– Спіну глядзеў? Ці зноў паказаць?

Тамаш адвярнуўся, безнадзейна махнуў рукой.

Ну і які з яго, і сапраўды, салдат атрымаўся б, з Дзмітрыя? Глядзець смешна. Пудзіла агароднае – і тое лепш выглядае, ды і вароны яго палохаюцца. А хто спалохаецца Дзмітрыя? Мы з Петрыкам? Ніколі! Хоць выйсці мы ў той дзень з Петрыкам са свайго сакрэту не асмеліліся, але на тое былі іншыя прычыны – не хацелася яшчэ больш насаліць Тамашу. Яму тады і так зашмат хапіла. Няхай думае Тамаш, што пра яго бяду ніхто ў вёсцы не ведае.

А Міцьку, каб не бацька, – ух і далі б! Кулакі ў нас так і свярбелі.

6. КАЛОДЗЕЖ

Пра Міцьку мы з Петрыкам дзядзьку Хвядосу і заікнуцца не паспелі, ён спярша спадылба паглядзеў на нас, а потым так гыркнуў, што я нават і не паверыў, што то быў не хто іншы, а дзядзька, з якім я сплю на печы пад адным шынялём, ем крупнік з адной міскі і лічу яго вельмі блізкім і нават чамусьці родным чалавекам. Гыркнуў і сказаў усяго адно слова:

– Цыц!

Але больш слоў, відаць, і не трэба было – мы і так усё зразумелі: варта накінуць на рот замок і пасопваць у дзве дзірачкі – дарослыя ўсё ўжо ведаюць. Яны разбяруцца. Пасля гэтага гырканная і так відаць, што тут да чаго. Нам жа дзядзька Хвядос загадаў:

– Да стала! А потым будзем калодзеж рабіць.

Здорава! Я даўно чакаў гэтага, бо дзядзька паабяцаў, што спусцяць у зруб мяне на вяроўчыне і я, як самы малы і вёрткі, буду падаваць у якой-небудзь пасудзіне з самога дна, дзе б’юць-струменяць крыніч-кі халоднай вады, зямлю.

Канешне, а хто яшчэ справіцца з гэтым? Дзед Грышка? Ой, не смяшыце мяне. Петрык таксама дапаможа, але ж гэта не яго калодзеж, а наш з дзядзькам Хвядосам, і мы яго будзем рабіць для сябе. А потым ужо складзем зруб хаты. Вось толькі абмалоцяць людзі жыта, якое пасеяў дзед Грышка з жанчынамі, зямлю ўзаруць... Доўга чакаць, калі за хату трэба будзе брацца. Там, не міргнеш, і белыя мухі паляцяць. Але дядзька Хвядос верыць, што будзем зімаваць мы не ў зямлянцы, хоць зямлянку мы і добрую зрабілі, а ў новым жытле. А калі верыць ён, то веру і я.

– Талакой, брат Колька, можна што хочаш зрабіць.

Паглядзім, што там за талака такая. А пакуль мы сёрбаем варыва ўсе ўтрох з адной міскі, а дзядзька Хвядос глядзіць на Петрыка і пытае:

– Як мама, Петрык?

– Добра...

– Не хварэе?

– Ужо не.

– Скажы, няхай дапамагае, калі можа, будаваць новае жыццё.