Выбрать главу
прадбачыць сон час іншыцца ўначы ў насення вочы
* * *
палічаны спачатку чалавек насупраць частак частае аблічча
* * *
у каменя імя знікае замак імгненні — вокны раюся з травой
* * *
загойваюцца сны ураздарож сустрэчы вабяць вострая самота
* * *
у садзе дрэвы дзверы дзесьці дзеці шукаюць асалоду звер услед
* * *
праз шкло павелічальнае нябыт глядзіць людзьмі падобныя адбіткі
* * *
у смерці мера свечка растае старое веча
* * *
прадонне з крыку ноч у дні — крумкач трымаецца ў руцэ галінка лёсу
* * *
маўчанне мучыць меч ерэтыкі ратуюць веру ад шчыта пачатак

ПУНКЦІРЫ

*
У вечаровым аўтобусе чуваць урыўкі людскіх размоў... Зрэшты, усе размовы урыўкі чагосьці.
*
Кружацца ўвышыні буслы — неўзабаве вырай. Пазіраем на ix — i паглядам адлюстраваным бачым сябе.
*
Наведваюся ў мясціны, дзе ўжо некалі быў, і не ведаю, як растлумачыць дрэвам, людзям, сабе самому, што ўжо мяне двое, i не ведаю, чым запоўніць прагал паміж мною гэтым i тым.
*
Не сплю. Адліжна. Поле туманіцца ў акне. Міжчассе — ў наваколлі. Міжчассе — ува мне.
*
Ты адчуваеш кроўна душу сваіх патрэб. А вагам усё роўна, што — камень, а што — хлеб.
*
Нас рухае нямы кругазварот нязморны. У прадчассі плену, мы — нібы. зярняты ў жорнах.
*
Сваёй дарозе мера — спрабуй, здзяйсняй, вяршы!.. У будучыню дзверы не ў часе, a ў душы.
*
Надакучыла хадзіць паводле сваёй хады, надакучыла ездзіць паводле правіл дарожнага pyzy, надакучыла лётаць паводле законаў аэрадынамікі... Паклаўшыся на зямлю, гляджу ў неба — асвойваю думкаю неабсяжнасць.
*
Запалкі, пакуль яны не гараць, проста аскепкі дрэва... Людзі падобныя на запалкі: калі не гараць — утульваюцца ў бяспеку, калі гараць — адтульваюцца для свабоды.
*
Нікога, хто ў гэты свет прыходзіць, не абыходзіць доля: атрымліваюць усе без вынятку два найвялікшыя падарункі — жыццё i смерць.
*
Спасцігаю i слова, I справу, але ўсім жыццём даводзіцца спасцігаць, што свет, які ты намерваешся здабыць, ты ўжо здабыў i так — самім з'яўленнем на свет.
*
Чалавек i правы, i левы — дзве істоты, дзве палавіны... Ён яшчэ мусіць сабою стаць, становячыся ўсім светам.
*
Карэнне i лісцё. Бальшак жыцця зямнога. Цябе сустрэне Усе, праводзіць Анічога.
*
Згадзіўся, змоўк, прывык— абуты i адзеты... А патаемны крык цябе шукае: дзе ты?!.
*
I выпітая чаша, i ясны дзень пагас, i зноў набыткі нашы. не па-за намі — ў нас.
*
Час паскараецца, час набывае ўсё большы разгон, каб вырвацца з-пад прыцягнення таго, што ўжо адбылося.
*
Як стары мудры вуж шукае вузкае выйсце, каб скінуць старую скуру — так i я патаемнай вужовай натурай шукаю сабе перашкоды, хаця i пярэчыць гэтаму розум. На той палявой дарозе, па якой мне хадзілася легка, павырасталі горы, паўтвараліся прорвы.... I гэта з маіх слядоў.