Выбрать главу
*
Вісіць на ўсходзе чырвонае сонца, з высокіх комінаў цягнецца дым... Людзі ідуць хто-куды альбо стаяць — гамоняць і зважаць не зважаюць, што будучыня ўжо адпрэчвае гэты дзень.
*
Сонца адно: ян о, зямлі дзве: дзённая i начная, чалавека — тры: маці, бацька, дзіця... Выходзім па-за сябе безупынна, каб стаць адзінымі ўрэшце.
*
Смерць косіць салому — зярнят скасаваць не можа: ратунак у плёне, у лішку.
*
Дзіця вучыцца вымаўляць свае першыя словы. Дарослыя слухаюць: раптам яно скажа тое, чаго яны ўжо не могуць сказаць.
*
Сосны ўзышлі на самы высокі ўзгорак. Стаяць, разважаюць: куды далей?
*
Той крок, які я не здолеў ступіць напрасткі, ператвараецца ў мноства крокаў па крузе.
*
Каменьчыкі ў ручаі. Людзі не могуць узяць з сабой ручая — бяруць з сабою каменьчыкі.
*
Сустракаюся ў думках з тымі, каго няма побач. Для кагосьці i я таксама ўспамін, для кагосьці i я гэтаксама думка.
*
Пусцее наўколле: праз кроны дрэў замігцелі зоркі.
*
Мёртвы ў мінулым, жывы ў сучасным i неўміручы ў будучыні — куды б чалавек ні ішоў, вядзе з сабой раздарожжа.
*
Блукаю па незнаемым горадзе. Ніхто мяне тут не спаткае, ніхто не пярэйме, ніхто не скажа: ты сёння не гэтакі, як звычайна.
*
Хіба я ведаю, чаму я ўчора думаў адно, а сёння другое, чаму ўчора быў у адным настроі, а сёння ў другім... Мне часам здаецца, што я рука, у якой ёсць свой уладальнік.
*
Раніца. Дворнік мяце тратуар — ніяк не патрапщь змесці свой цень.
*
Чакайце, птушкі, чакайце, дрэвы, чакай, зямля,— куды вы без чалавека?!.
*
Які ты — неўпрыкметку упэўнішся шматкроць. А вершы — гэта сведкі i за цябе, й супроць.
*
Світае. 3 глыбінь чалавечага сну уваскрасаюць сонца i — чалавек.
*
Я там ужо быў, i гэта я ўжо рабіў, i тое ўжо зведаў...— стаю сярод белага дня з жыццём ашчаджоным для невядомай справы, для невядомай думкі i для невядомага дня.
*
Чалавек: упадае ў жыццё вадой, выпадае — лёдам.
*
Тут — спёка, там — сцюжа, тут — дужа цяжка, а там — залёгка, тут — я занадта шматстайны, а там — занадта самотны... Усё жыццё шукаю сябе, што быў бы не мной, a кімсьці.
*
Канчаецца лета: лісце туліцца да галіны, галіна — да дрэва, дрэва — да каранёў.
*
Растае снег. А ён жа так шмат абяцаў, калі падаў.
*
Ішоў па зямлі, еў яблыкі, зярняты збіраў i высейваў у дол... Калі прайду ўсю зямлю — вярнуся ў квітнеючы сад.
*
Як бы ні мкнулася дрэва ў неба, яно ўсё роўна не дасягае неба... Але, магчыма, ніякага іншага неба няма, апроч самога імкнення.

Алесь Разанаў

Нарадзіўся 5 сьнежня 1947 году ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Вучыўся ў БДУ, але быў выключаны за патрабаваньне беларусізацыі ўнівэрсытэту. У 1970 годзе скончыў Берасьцейскі пэдагагічны інстытут. Працаваў у «ЛіМе», «Роднай прыродзе», выдавецтве «Мастацкая літаратура», часопісе «Крыніца». Паэт і перакладчык, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы.