Выбрать главу
СХОВЫ
Падамся самаю простаю сцежкай, але пярэймуць крывыя, намацаю самую важкую думку, але староннія зоймуць увагу, памкнуся спаткацца сам-насам са смерцю, але апынуся ў сховах... З запаленымі ліхтарамі ў руках i з павязкамі-плеўкамі на вачах прыходзяць i адыходзяць людзі. Яны мне даюць гэткі самы ліхтар i гэткую самую плеўку-павязку. — Ты адшукаўся,— кажуць яны.— Ты цяпер зноўку з намі. — Навошта мне гэты ліхтар?— пытаюся ў ix. — Каб бачыць у цёмным змроку,— адказваюць мне адны. — Навошта мне гэтая плеўкапавязка? — Каб бачыць у яркім бляску,— тлумачаць другія. А мне хочацца глядзець проста, а мне хочацца разумець проста i проста жыць — i бачыць светлае светлым, i бачыць цёмнае цёмным, праўдзівым — праўдзівае, крывое — крывым... ...На белай, на чорнай, на шэрай зямлі малюю, сціраю i зноўку малюю сваё аблічча.
ЛАНЦУГ
На панадворку сабакі: на ланцугу.
Яны адважныя — дакуль дазваляе ланцуг, куслівыя — дакуль дазваляе ланцуг, брахлівыя — дакуль дазваляе ланцуг, i злуюцца яны на ланцуг таксама — дакуль дазваляе ланцуг.
Наводдалі, вакол ix, блукаюць ваўчыныя зграі. Яны прынюхваюцца да сабак, прыслухоўваюцца да сабак, але бліжэй усё роўна не падступаюць: не дазваляе ланцуг.
ТАНЕЦ З В УЖАКАМ!
Змаганне захоплівае мяне: яно разнявольвае ўсе мае здольнасці, яно абуджае ўсе мае сілы, яно становіцца танцам, яно становіцца святкаваннем, яно тчэ з маіх рухаў свой непаўторны ўзор. Я ашчаджаюся ад яго. I чакаю яго. А з мора ўжо вынырнулі дзве вужакі — дзве неспатольныя пометы. Яны апантана накідваюцца на мяне, абкручваюць слізкімі шчыльнымі звівамі, пстрыкаюць джаламі ў самы твар... Я аддзіраю ix ад сябе, я душу ix рукаMi, тапчу нагамі, кручуся, уюся, крычу... Навокал, з усіх бакоў, збіраюцца гараджане. Нібыта прыцягнутыя магнітам, яны глядзяць на мой адчайны міжбой, на мае пагібельныя вымогі... — Якое відовішча!..— у захапленні, я чую, гамоняць яны.— Мы першы раз назіраем такі напружаны рытм, мы першы раз бачым такі выкшталцоны танец.
ПАСТКІ
Каб не баяцца хадзіць у лес, панастаўлялі аднавяскоўцы ў лесе ўсялякіх пастак: на рысь, на ваўка, на дзіка, на мядзведзя...
Пайшоў Сымон паглядзець, што трапіла ў яго самаловы,— трапіў у нейчы сам, пайшоў Тарас паглядзець, што трапіла ў яго петлі,— заблытаўся сам у нейчай, пайшоў Дамінік паглядзець, што трапіла ў яго ямы,— нібы скрозь зямлю праваліўся, кудысьці прапаў...
I пачалі яшчэ горай людзі баяцца лесу: водзяцца там ваўкі, водзяцца там дзікі, мядзведзі, рысі i — пасткі.
АПОШНІ АРГУМЕНТ
Перад тым, як пачнецца бітва, бяссонныя звездары разважаюць-гадаюць, чым яна скончыцца, на чый бок схіліцца перамога.
Я таксама ўзіраюся ў зоркі, слухаю, як шамацяць лісты, сачу, як дзьме вецер i як палымнее агонь...— усё заўважаю, усё ўлічваю i вырашаю ўхіліцца ад заўтрашняй бітвы: акалічнасці складваюцца супраць нас.
— Аднак ты забыўся ўлічыць яшчэ адзін аргумент — апошні,— кажа галоўны звяздар,— той аргумент, што ўвесь час засланяецца ад цябе табою.
Я гляджу на яго — i разумею яго.
Кладу руку на агонь — i агонь, які перад гэтым кусаўся люта, ліжа маю далонь.
Мой апошні, непераможны, утоены i ад мяне аргумент,— я сам.
ВІДУШЧЫ КАМЕНЬ
З веку ў век ляжаў ля гасцінца камень. З веку ў век ішлі па гасцінцы людзі. Людзі глядзелі на камень, камень глядзеў на людзей, глядзеў-прыглядаўся i ўрэшце зрабіўся відушчым. I стала яго відушчасць праменіцца на гасцінец i абпраменьваць кожнага, хто па гасцінцы ішоў. I сталі рабіцца відушчымі людзі, i стаў кожны ў кожнага бачыць думкі — пярэстыя, простыя, пакручастыя, белыя, шэрыя, чорныя, каляровыя, i стаў кожны кожнага без слоў разуметь. Спачатку ўсе ўзрадаваліся, а потым палохацца сталі гэтага свайго разумення, відушчасці гэтай нязвыклай сваёй. Накінуліся грамадой на камень — i саштурхнулі яго ў глыбокую яму, але на трэці дзень стала свяціцца яма, укінулі камень у мора — на шосты дзень стала свяціцца мора, закінулі камень высока ў нябёсы — камень адно ўсміхнуўся i стаў, быццам новы месяц, кружыцца i ззяць над усёю зямлёй. Так скончыўся колішні свет i настаў — відушчы.