Выбрать главу
ГОСЦІ
Госці прыйшлі ў мой дом.
Пытаюся, што ім трэба. Адказваюць госці: мы хочам узяць свой скарб.
Пытаюся, хто яны. Адказваюць госці: гаспадары.
Відаць, памыліліся госці i забрылі не ў той дом. Я жыву тут ад нараджэння i ведаю ўсё да апошняй драбніцы: вунь — столь, вунь — падлога, вунь — рэчы, бо ўсё, што ні ёсць тут,— яно мае.
Ды госці ўзрываюць маснічыны — i дастаюць з-пад ix куфар, вымаюць пару цаглін ca сцяны — i ўжо трымаюць шкатулку ў руках, лезуць пад столь — i выцягваюць з нейкай шчыліны нейкі скрутак...
I вось я стаю ў сваім доме — госць.
РЭЧЫ
Раскопваюць гарадзішча. Выкопваюць рэчы. Вось рэч-рука, вось рэч-нага, вось рэч-моц, вось рэч-улада... Рэчы — апошняе цела людзей, яков жыве найдаўжэй. За рэчы трымаюся, аб рэчы абапіраюся, атрымліваю ў спадчыну рэчы... Рэчамі мераецца мой час, акрэсліваецца мая прастора, без іх я губляюся, без ix я знікаю, без ix я нічога не значу сам. На торжышчы, дзе ўсё набываецца i прадаецца, пытаюся ў рэчаў, як ix завуць. Яны, называюць мае імёны.
ЗАЦЬМЕННЕ
Прыставіўшы да вачэй замглёныя шкліны, людзі глядзяць угору: цяпер яны бачаць, як сонца ззяе i як зацьміцца сонца...
Што, дрэва, што, камень, што, воблака — няўжо мы бачым вас толькі таму, што i вы ў зацьменні?!. А чыстыя сутнасці свету для нас яшчэ ўсё застаюцца закрытым!?!. I мы ні разу ні з чым яшчэ не былі самнасам?!.
...За вёскаю — рэчка, за рэчкаю — горка, за горкаю — поле, на полі — камень, а на тым камені-валуне стаіць-зіхаціць залатая карона... Ды варта мне толькі зірнуць на яе сваімі вачыма — усё прападае...
Бачу праз перашкоду. Думаю праз перашкоду. Праз перашкоду жыву.
I стала сонца зямлёй. I стала зацьменне целам.
КРАТЫ
Як здрадлівы лёд, пад намі правальваецца зямля, самі сабою зрушваюцца са сваіх месцаў нашы бажніцы, астрогі, музеі, крамы...
— Не трэба звяртаць на ўсё гэта ўвагі,— нам раяць аднекуль зверху,— гэта капаюць краты свае норы, усяго-наўсяго краты...
Мы i так не звяртаем даўно ўжо на шмат што ўвагі, нават на тое, што мы ўжо не надта i мы, што мы падкапаны ў саміх сваіх думках, учынках, словах, што — невядома кім — ашуканы, што — невядома як — страцілі грунт...
Мы чуем спаднізу штуршкі — быццам там, пад зямлёй, устае на ногі палонны волат, адною сваёю часткай палохаемся, i радуемся — другой, адважваемся i марудзім, чакаем i вырашаем, як быць, што цяпер нам рабіць усё-ткі:
ці слухаць не тое, што чуем, бачыць не тое, што бачым, казаць не тое, што разумеем, ці напярэймы кратам капаць пад сабой — разам з імі — зямлю.
ПАЛЁТ СТРАЛЫ
Напружваецца цеціва: паўакружнасць лука ўраўнаважваецца паўакружнасцю цецівы.
Упарцься, лук! Супрацьдзейнічай, цеціва! Вы ўтрымліваеце ў сабе звышвыйсце: палёт стралы.
Я ў хаты ўваходзіў i з хат выходзіў, уваходзіў у гарады i выходзіў з ix — i ўсё адно апынаўся то ў паўакружнасці дня, то ў паўакружнасці ночы, самім сваім існаваннем дзелячы свет надвое i з'ядноўваючы ў адно.
Пакуль я жыву, я абкружаны небакраем, пакуль я жыву, не магу дасягнуць небакраю: ён — там, дзе спынюся, ён — там, дзе ўпаду.
Жыццё ідзе кругам, вяртаючыся да пачатку, смерць — нацянькі.
I ляціць нацянькі страла, вынікаючы безупынна з сябе самое, вызваляючыся ад сябе самое, каб зрэшты зрабіцца палётам самім.
ЗАВЕЯ
У завеі — зямля, у завеі — дрэвы, людзі, якія жылі i якія яшчэ не жылі,у завеі, i я таксама ў завеі...
Дзе яно, мінулае?!. Дзе яна, будучыня?!. Дзе яно, сёння?!. Болей няма на каго наракаць, болей няма каму дзякаваць — за ўсё што давалася i адымалася, радавала засмучала, i болей няма каму ведаць, які я добры альбо благі, брыдкі альбо пры гожы, стары альбо малады...