Павел разумеў, што Ванда — нашмат прыгажэйшая за Таню, што Ванда наогул прыгожая дзяўчына, нават без усялякага параўнання, каб Тані тут і зусім не было, і менавіта таму, што Ванда была прыгожая, Паўлу і ў галаву не прыйшло пачаць да яе заляцацца. Ён лічыў, што сам ён не прыгожы, ды яшчэ кульгавы пасля ранення, што такая Ванда на яго і глядзець не захоча, у яе хапае прыгожых ухажораў.
Калі ўспамінаць усё, як было, то ён можа пабажыцца, што і да Тані ён не збіраўся падступацца з залётамі, проста так неяк выйшла, так атрымалася.
Ён добра помніць той вечар.
У сталоўцы было накурана і дымна — нешта на кухні падгарэла, і адтуль у залю наплыло чаду. У кутку, каля двух вокнаў, шыбы ў якіх блішчэлі чорным, сядзела падвыпіўшая кампанія. Святло электрычнай лямпачкі адбівалася на бутэльках, на шклянках, што стаялі перад імі, пасярод стала ляжала разгорнутая газета, а ў ёй скрылікі сала, пустыя ўсярэдзіне салёныя агуркі, кавалак сялянскага хлеба — закуску мужчыны прынеелі ў сталоўку з сабою.
Мужчыны курылі і голасна гаварылі. I за другімі столікамі сядзелі людзі — адны сёрбалі той боршч, які кожны дзень варылі ў сталоўцы, другія пілі піва, якое сёння акурат прывезлі ў буфет, вялі размовы.
Павел павячэраў, ды разам і паабедаў, бо сёння друкавалася газета, і ён цэлы дзень не мог адлучыцца з рэдакцыі, выпіў куфаль піва і цяпер сядзеў, прыхіліўшы да крэсла свой кіёк, думаў, ці не паклікаць Таню ды не папрасіць, каб прынесла яшчэ адзін. Спяшацца яму не было куды, чатыры сцяны пакоя не вельмі цягнулі яго дадому, а тут усётакі былі людзі, хоць і самі па сабе, а ён сам па сабе. Стрымлівала толькі тое, што ў кішэні заставалася мала грошай, калі ён сёння возьме яшчэ адзін куфаль піва, а заўтра ж таксама захочацца ўзяць, то да палучкі не дацягне, не будзе за што і баршчу купіць, прыйдзецца кланяцца рэдактаршы, каб дала напавер якую сотню.
Разумней за ўсё было б сёння больш не піць піва, але нешта Паўла як падмывала, быццам на злосць каму хацелася зрабіць.
У гэты час адзін мужчына з кампаніі, якая сядзела ў куце пад вокнамі, павярнуўся разам з крэслам на залю і крыкнуў хрыплым голасам:
— Таня!
Таня, якая ў гэты час стаяла каля буфета, азірнулася, убачыла, што яе клічуць, кінула сваё:
— Зараз, зараз...
Яна занесла піва двум чыгуначнікам, што сядзелі недалёка ад буфета, і падбегла да кампаніі.
— Нам... піва,— сказаў мужчына. Рукою, у якой трымаў скручаную з газеты цыгарку, ён пачаў лічыць тых, што сядзелі за сталом,— раз, два, тры... Пяць! Во! — выставіў ён руку і растапырыў пальцы. Цыгарка, якую ён трымаў, губляючы іскры, паляцела на падлогу. Мужчына, нязграбна згінаючыся, пачаў лапаць рукою вакол сябе, шукаючы цыгарку. Залітыя гарэлкаю вочы нічога не бачылі, і ён грэбаўся туды і сюды, ківаўся ў крэсле, пакуль Таня не падняла тую цыгарку і не падала яе мужчыне. Тоў узяў яе непаслухмянымі пальцамі, паклаў у левую руку, а правую зноў выставіў з растапыранымі пальцамі.— Пяць! Панімаеш?
Таня пабегла, каб выканаць заказ, прынесці піва, і тут Павел, сам не ведае як і чаму, таксама крыкнуў:
— Таня!
Таня на бягу азірнулася, убачыла, што Павел яе кліча, і скоранька вярнулася, падбегла да Паўла.
— I мне піва! — сказаў Павел чамусьці са злосцю, азірнуўшыся на столік, за якім сядзела выпіўшая кампанія.
— Ага,— кіўнула Таня і пабегла да буфета. Скора яна бегла зноў праз залю, несучы на падносе шэсць куфляў піва, над кожным з якіх грыбам ісівалася белая пена, сцякаючы дробнымі пузыркамі па гранёных шкляных берагах. Пяць куфляў яна паставіла той кампаніі, а адзін, трымаючы ў руцэ, прынесла Паўлу.
Ён пакрышку цадзіў праз зубы піва з цяжкога куфля, паднімаючы яго за тоўстую шкляную ручку, адчуваючы на губах казытлівую пену, гаркаваты смак і хмельны пах, і лічыў, колькі будзе каштаваць яму сённяшняя вячэра. Выходзіла мнагавата, залішне для яго кашалька, але піва пачынала прыемна хмяліць галаву, усяму целу зрабілася лёгка, а сэрцу весела, не хацелася думаць пра грошы, пацягнула некуды пайсці, некага сустрэць, пагаварыць па душах, паспавядацца. Але пайсці Паўлу не было да каго, хіба да рэдактаршы, толькі што ён будзе рабіць у той пажылой жанчыны, пра што з ёю гаварыць. I ўсё ж некуды пайсці закарцела, здалося, што сёння вечарам павінна здарыцца нешта незвычайнае, ці ён каго сустрэне, ці хто-небудзь знойдзе яго, не можа быць, каб дні ішлі за днямі, звычайныя, падобныя адзін да аднаго, і нічога ў яго не змянілася.
Ён дапіў сваё піва і гучна, як рабілі тут усе, як і сам рабіў звычайна, паклікаў:
— Таня!
Не паспеў ён паклікаць, як яна ўжо бегла да яго, неяк бачком, адну руку трымаючы ў кішэні фартушка, а другою размахваючы ўзад і ўперад.