Выбрать главу

Ён гаварыў рэдактаршы, што не збіраецца векаваць у рэдакцыі, гаварыў, што хоча вучыцца, але рэдактарша заявіла, што пакуль не будзе ў рэдакцыі чалавека, які мог бы замяніць Паўла, яна яго нікуды не пусціць. Пакуль такога чалавека не было, але з рэдакцыі, можна сказаць, не вылазіў Казік, мясцовы хлопец гадоў васемнаццаці, худы, даўганосы, са светлымі, рэдка стрыжанымі валасамі, з лёгкім светлым пушком над верхняю губою і на прышчаватых шчоках. Казіку надта цікава было глядзець, як Павел набірае з літараў словы і сказы, прасіўся даць яму пакруціць «амерыканку», на якой друкавалася газета. Павел вучыў Казіка рабіць набор, і той, як некалі і сам Павел, скора налаўчыўся трымаць вярстатку і выбіраць літары з кас, адно, чаго бракавала Казіку, гэта граматы, за кожным словам трэба было сачыць па напісаным, сам не ведаў, як правільна набраць.

Павел меркаваў, што некалі Казіка можна будзе пакінуць замест сябе ў рэдакцыі, і рэдактарша, мусіць, пагодзіцца, бо Казік неблагі хлопец, старэнны.

А пакуль Павел сумаваў у мястэчку без сяброў, без кампаніі, і асабліва маркотна рабілася яму вечарамі, аднаму ў пакоі, дзе пад столлю гарэла запыленая электрычная лямпачка, кідаючы святло на абыяк засланы коўдраю ложак, на аблуплены, падрапаны, як цвікамі, пісьмовы стол з адною тумбачкаю, на абцягненае плюшам сіняе крэсла на спружынах. Усё ў пакоі ў яго было збор-дружына, купленае некалі людзьмі для свайго карыстання, параскіданае вайною, як і людзі, і сабралася тут, у Паўла, выпадкова — мусіць, каб кожная рэч магла апавядаць, то расказала б пра свае прыгоды не адну цікавую гісторыю.

Павел браў свой кіёк, замыкаў пакой доўгім ключом, клаў ключ у кішэню штаноў і ішоў блукаць па вуліцах ці пасядзець у цяпле ў сталоўцы. Апошнім часам яму нават прыемна было заходзіць туды, прыемна было, што Таня, убачыўшы яго, адразу бегла з падносам да яго століка, радавалася, што ён прыйшоў.

Аднойчы ён заседзеўся ў сталоўцы вельмі позна, амаль усе людзі разышліся, і чуваць было, як на кухні за сцяною паціху спявала нейкая кухарка. Таня і Ванда збіралі са сталоў брудныя талеркі, пустыя бутэлькі, шклянкі, выціралі сталы анучкамі, ставілі на сталы, уверх ножкамі, крэслы. Таня часам паглядала ў бок Паўла і то чаплялася за ножку крэсла, то губляла анучку, яму зрабілася нечага як нялоўка, і ён устаў, пайшоў да дзвярэй, але каля дзвярэй азірнуўся і ўбачыў, што Таня глядзіць яму ўслед, застыўшы з анучкаю ў руках. Убачыўшы, што ён азірнуўся, нахілілася да стала і пачала скоранька выціраць яго, тручы анучкаю на адным месцы.

Павел выйшаў са сталоўкі, спусціўся з ганка і стаў, гледзячы на вокны сталоўкі, зачыненыя аканіцамі. Пастаяў грошкі і пайшоў, кіруючыся ў бок свайго дома, але зноў спыніўся, зноў азірнуўся на сталоўку, і тут яму прыйшло ў галаву пачакаць, пакуль Таня выйдзе, і праводзіць яе дадому. Вось здзівіцца Таня, калі ўбачыць, што ён яе чакае... Ды і самому цікава... Усё роўна ж няма чаго рабіць...

Яна доўга не выходзіла, Павел пачынаў ужо траціць цярпенне, ужо хацеў павярнуцца і пайсці дадому, бо змерз ужо ў сваім падшытым ветрам пінжачку, з расхрыстанаю грудзінаю — у каўняры кашулі выдраўся гузік, і ён ніяк не мог сабрацца прышыць яго, бярог гузік, носячы з сабою ў кішэні. Ужо даўно пайшла са сталоўкі Ванда, выйшлі і яшчэ работніцы, а Тані не было.