Выбрать главу

Нарэшце яшчэ раз бразнулі дзверы, выйшла Таня — у цёмнай хустцы, закручанай адным рогам вакол шыі, у даўгаватым, як мужчынскім, пінжаку з закасанымі рукавамі, з карзінаю ў руцэ. Яна збегла з ганка і пайшла па тратуары, трошкі з падскокам, размахваючы вольнаю рукою, не думаючы, што за ёю сочыць нечае вока. Павел адну хвілінку нават павагаўся — ці даганяць яе, але было б смешна чакаць амаль гадзіну, а потым пайсці назад дадому аднаму, чаго ж было тады стаяць і мерзнуць, і ён выйшаў з-пад сцяны сталоўкі, дзе, хаваючыся, чакаў Таню, пакіраваўся за ёю.

Яна пачула за сабою крокі і азірнулася, адразу пазнала Паўла і прыпынілася, падалася ўбок, быццам даючы яму дарогу.

Павел падышоў да яе, спыніўся.

— Добры вечар,— сказаў ён, чамусьці хвалюючыся.

Таня нічога не адказала, толькі ўзялася дзвюма рукамі за ручку карзіны.

— Вось, чакаў цябе,— сказаў Павел.

Яны стаялі, Таня на самым краёчку тратуара, трымаючы карзіну абедзвюма рукамі, а Павел пасярод тратуара, успіраючыся на свой кіёк. Ён быў можа на галаву вышэйшы за Таню і глядзеў на яе зверху ўніз.

— Ну, чаго ж мы стаім, пойдзем,— сказаў ён нарэшце і адышоў крышку ўбок, даючы і Тані месца на тратуары.— Што ты там так доўга рабіла? Я ўжо думаў, і начаваць там застанешся...

Таня, здаецца, ніяк не магла адысці ад утрапення, нарэшце ўзяла карзіну зноў у адну руку, зрушыла з месца.

— Ды гэта... мы там... падлогу мылі,— адказала Паўлу, ідучы ўжо поруч з ім і гледзячы ўніз, пад ногі.

— Дзе ты жывеш, я цябе правяду,— сказаў Павел.

— Ой, што вы, у вас жа нага баліць,— як спужалася Таня.

— Нічога, яна не вельмі,— адказаў Павел, хоць нага яго ў той час і балела, можа, ад таго, што доўга патаптаўся на холадзе каля сталоўкі.

Аблокі, лёгкія, як дым, нізка плылі над мястэчкам, яны плылі скора, рассяваліся і зноў збіраліся, гусцелі, хаваючы за сабою бледны і халодны круг месяца, потым месяц зноў як вырываўся з-за аблокаў і каціўся, каціўся, як за густымі клубамі дыму. Паветра было золкае, днём ішоў дождж, і яшчэ вісела яго халодная вільгаць. Ціха шапацелі ў скверыку ліпы, пераліваючы на сваіх, ужо не густых лістах. святло месяца.

— Дай тваю карзіну, я паднясу,— сказаў Павел.

Таня аж адступілася ад яго.

— Ой, што вы, я сама, яна не цяжкая,— адказала яна.

— Давай, давай,— ледзь не сілаю ўзяў з яе рукі Павел карзіну.

Яны пайшлі ў бок Танінага дому.

Так у іх пачалося. Вечарамі Павел чакаў Таню каля сталоўкі і праводзіў яе дадому. Яна жыла насупраць школы ў нізенькім доміку, што стаяў не на самой вуліцы, а ў двары. Дом быў вельмі стары, ён асеў, урос у зямлю ледзь не па самыя вокны, дзверы, адчыняючыся, шкраблі па зямлі, усё ў гэтым доме было перакошанае, перакрыўленае, і каб не фіранкі на вокнах, выразаныя зубчыкамі з паперы, ды не чырвоныя кветкі герані на падаконніках — не верылася б, што ў гэтым доме жывуць людзі.

Праз нейкі час Павел зайшоў і ўсярэдзіну гэтай хаты. 3 цёмных сенцаў, у якіх стаялі кадушкі, віселі на жэрдках нейкія лахманы, дзверы вялі ў кухню з адным вакном і нізкай столлю. Палову кухні займала печ, на якой ляжаў, амаль не злазячы, сляпы Танін бацька. Таніна маці, яшчэ не вельмі старая кабета з сухім тварам і жылістымі рукамі, увесь час бегала па мястэчку — яе клікалі то памыць бялізну, то прыбраць у кватэры, то нанасіць вады з далёкага калодзежа. Пры паляках яна служыла ў доктара, з раніцы да вечара рабіла ў яго ўсялякую работу і толькі начаваць прыходзіла дахаты.

У сям’і было пяцёра дзяцей, і на ўсе нягоды — на тое, што дзяцей многа, што мужык хворы, што кепская хата,— яна махала рукою і казала:

— Ат, неяк жа будзе.

Таня была старэйшая, і дома, як і ў сталоўцы, яе ўсе клікалі, падзывалі:

— Таня! Падай вады! — прасіў бацька, і Таня са сваім «зараз, зараз, зараз» бегла да вядра, чэрпала меднаю конаўкаю ваду, падавала на печ бацьку, чакала, пакуль ён вып’е, і забірала конаўку.

— Таня! Хачу есці! — крычаў, прыбегшы з вуліцы меншы брат яе Стасік, і Таня бегла да печы, адчыняла засланку, хапала вілкі і выцягвала з печы чыгунок.

— Таня, Манька ўрабілася! — крычаў праз нейкі час той жа Стасік, і Таня, чырванеючы ад сораму, цягнула двухгадовую Маньку ў сенцы абмываць і пераапранаць.

Ідучы дадому са сталоўкі, яна несла ў каструльках, якія ставіла ў карзіну, боршч і кашу, што заставаліся ў катлах і якія ўсё роўна трэба было б выліваць і выкідаць, каб не скіслі да заўтра.

Павел зайшоў да Тані разы са два, але адчуваў сябе там няёмка і найчасцей зваў яе да сябе, у свой пакойчык. Яна не адмаўлялася, ішла побач з Паўлам па цёмнай местачковай вуліцы, стаяла, чакаючы, пакуль адмыкаў ён доўгім ключом дзверы свайго пакоя. Вельмі саромелася, калі Павел, прыставіўшы свой кіёк да сцяны, памагаў ёй распранацца, скідаць хустку, велікаваты, з чужога пляча, пінжачок з закасанымі рукавамі, яна адступала ад Паўла і гаварыла: