Выбрать главу

— Я сама, сама...

Яна дазваляла сябе абдымаць, цалаваць, і Паўла п’янілі яе поўныя губы, яе маладое крэпкае цела, яе паслухмяная падатлівасць.

— Ты — харошы,— гаварыла яму Таня, і Паўлу здавался, што яна ўсё думае пра тыя грошы за піва, якія не захацеў тады ён прысвоіць, і яму рабілася смешна, бо сам ён пра іх і думаць забыўся.

Яна часта пыталася ў яго:

— Табе баліць нага?

I калі пыталася, твар у яе быў такі, быццам ёй самой балела.

Часам яна брала ў рукі яго кіёк, доўга разглядала квадрацікі, узоры, якіх навыстругаў на ім Павел, гладзіла рукою па тым месцы, дзе было выразана яго імя.

Нага ў Паўла ўжо менш балела, часам і зусім ніякага болю не было, але кіёк ён пакуль не пакідаў, прывык да яго, ці што.

Ужо даўно гулі над мястэчкам мяцеліцы, мароз маляваў на шыбах узоры, раніцою снегу намятала ледзь не пад самыя вокны, і Павел драўлянаю лапатаю адкідаў яго, рабіў дарожку ад парога да варот, што вялі на вуліцу. Расчысціўшы сцежку, ён пакідаў лапату ў сенцах, скідаў кашулю і, голы да пояса, яшчэ крыху кульгаючы, выбягаў на двор. Хапаў рукамі пухкі белы снег, цёр ім твар, грудзі, пад пахамі і сам сабе прыговорваў — а-а-а! а-а-а! Снег апякаў цела, яно шорхла, скура рабілася, як гусіная, потым разгаралася, чырванела, дыхалася на поўныя грудзі, кожная жылка налівалася свежасцю. Пасля такога ўмывання ён адчуваў сябе бадзёрым і чыстым, быццам толькі што нарадзіўся на свет, хацелася працаваць, хацелася варочаць горы. I ён ішоў у рэдакцыю, чытаў свежыя газеты, якія з самай раніцы прыносіла паштарка, потым рэдактарша клала на яго чорную касу густа спісаныя фіялетавым чарнілам лісткі, і ён браў у рукі вярстатку. Гадзін у дванаццаць прыходзіў Казік, і Павел дазваляў яму перавязваць набраныя заметкі чорным шпагатам. Рэдактарша да таго часу падкідала ім яшчэ работы, і яны станавіліся да касы ўдвух, набіралі газету.

Павел чытаў інфармацыі, якія ішлі з фронту — нашы крочылі па Германіі, набліжалася перамога, і яму крыўдна было, што ў такі час ён не там, не на фронце. Каб не гэта нага, і ён ступіў бы на нямецкую зямлю, адплаціў бы за ўсё немцу, можа, матку там знайшоў бы і сястру, а так не ён, а іншыя робяць самае важнае, дабіваюць фашыстаў.

У дні, калі настрой яго падаў, ён не зваў да сябе Таню, ляжаў адзін у сваім пакоі на ложку, глядзеў у столь ці варочаўся з боку на бок, пакуль не засынаў, часам не распрануўшыся.

Аднойчы ён не зваў Таню да сябе дзён пяць — першы дзень не было настрою, а потым яму зрабілася цікава — а што будзе рабіць Таня, можа, сама да яго прыбяжыць? Але Таня не прыбегла. У сталоўцы, падаючы яму есці, паглядзела на яго, быццам нешта пытаючыся. Павел нічога ёй не сказаў, і яна адышла, несучы паднос у апушчанай руцэ і гледзячы сабе пад ногі.

Тады ён сам спужаўся, што яна больш не прыйдзе ў яго пакойчык, сам засумаваў па ёй і той вечар зноў чакаў яе каля сталоўкі, быў з Таняю вельмі харошы, а яна ні словам яго не папракнула і таксама была, здаецца, яшчэ больш паслухмяная, яшчэ больш адданая.

А калі з неба зацерусіў мокры снег, калі дні нашмат падаўжэлі, калі на стрэхах павіслі доўгія ледзяшы і з іх закапала вада, Таня сказала Паўлу, што яна зацяжарала.

Яна сядзела ў яго ў пакоі ў крэсле, нязграбна падкурчыўшы ногі ў чорных чаравіках са шнуркамі, церла пальцам па сінім плюшы, якім было абабіта крэсла, другая рука ляжала ў яе на прыполе ўверх жменькаю.

У Паўла зашумела ў галаве, замітусіліся, паплылі думкі, ён уявіў Таню тоўстую, з вялікім жыватом, потым уявіў дзіця ў пялёнках і як ён з гэтым дзіцем на руках ідзе па мястэчку, уявіў чамусьці рэдактаршу, як паднімае яна ражок коўдры, у якую закручана дзіця, глядзіць на малое і цмокае языком, падміргвае Паўлу:

— Што, дагуляўся?..

Таня глядзела на свой палец, якім вадзіла па крэсле, галава ў яе была схіленая, і відаць быў алюмініевы грабянец, які сядзеў у валасах, і Паўлу зрабілася раптам смешна, што ў яго і ў Тані будзе дзіця, што ён, аказваецца, здатны на такое, што жыццё яго цяпер, мусіць, пераменіцца, бо ад таго, што зрабіў, ужо нікуды не ўцячэш, але разам з тым недзе кіпцюром зашкрэбла і шкадаванне, быццам ён нешта назаўсёды траціў.

— Ну, што ж,— сказаў ён бадзёра, стараючыся адагнаць шкадаванне.— Раз ужо так выйшла... Нічога не папішаш, трэба будзе нам пажаніцца.

Таня перастала вадзіць пальцам па крэсле, глянула на Паўла, і ён убачыў, што ў вачах у яе дрыжаць, ледзь трымаюцца слёзы. Таня шморгнула носам, церанула пад ім кулаком, потым закрыла твар рукамі.