Выбрать главу

Сустрэча была радасная і шумная — сябры ціскалі адзін аднаго, абдымалі, ляпалі па плячах, а потым, як гэта і водзіцца ў мужчын, вырашылі адзначыць сустрэчу — замачыць.

Зайшлі да Паўла на кватэру, Мікола памыўся, пачысціў боты, пакінуў свой рукзак, і сябры пакіраваліся ў сталоўку.

Павел быў у суконнай куртцы, пашытай на нейкі амерыканскі манер — далі па талоне з Юнра,— у старой шапцы-вушанцы, якая служыла яму яшчэ ў партызанах, у кірзавых ботах. Кіёк, праўда, апошнім часам ён ужо не браў з сабою — нага, здаецца, зусім не балела. А Мікола выглядаў куды там — жоўтае скураное паліто ніжэй каленяў, падпаясанае шырокім рамянём, боты хромавыя і блішчаць, твар паголены, гладкі, шчокі ружовыя, як у дзяўчыны, і чорныя бровы. Такога кавалера не магла не заўважыць нават Ванда, і яна заўважыла, прайшла раз, другі каля іх століка, паглядаючы на Міколу сваімі звонка-сінімі вачыма, потым спынілася каля іх, выняла з кішэні фартушка блакноцік.

Звычайна да століка, за якім сядзеў Павел, падбягала Таня, але сёння Ванда быццам перабіла яе, і Павел чамусьці не пашкадаваў, наадварот, узрадаваўся.

Яны з Міколам выпівалі, гаварылі і ніяк не маглі нагаварыцца, успаміналі партызанскіх сяброў, хто цяпер дзе жыве ці ваюе — некаторых ужо не было на свеце, загінулі на фронце. Мікола ўсё расказваў, як яго машына сапсавалася, як ён спазніўся на цягнік. Лаяў дарогі, што кепскія ў гэтай глухамані, лаяў машыну, што старая ламачына.

— Але нічога, няма таго благога, што на добрае не выйшла б,— адпускаўся Мікола.— Каб не гэта машына, не пабачыліся б мы з табою.

Павел нешта скора захмялеў, можа, таму, што піў рэдка, не было з кім, а можа таму, што быў пакуль не вельмі моцны, на сталоўскіх харчах не раз’ясіся, а Міколу хмель ніяк не браў, толькі шчокі яго пунсавелі.

— Як ты думаеш, чаго мяне выклікаюць у Мінск? — усё пытаўся ён у Паўла.— Можа, ордэн дадуць, нас жа прадстаўлялі да ордэнаў, і цябе таксама прадстаўлялі, я помню, а цябе не выклікаюць, не? — пытаўся ён у Паўла.

— Не, не выклікаюць,— адказваў Павел.

— А можа, работу новую дадуць, га? Яно то мне і тут няблага, але ў вялікім горадзе яшчэ большы разгон.

Павел бачыў, што Міколу на яго маслазаводзе не блага, мусіць, як сыр у масле качаецца — бач, які зрабіўся гладкі, ружовы, і скуранку недзе дабыў, хромавыя боты.

А Мікола гаварыў з Паўлам і усё вадзіў вачыма за Вандаю, якая хадзіла па залі, адчуваючы, што на яе глядзяць, што яна падабаецца. Бегала па залі і Таня, як заўсёды, заклапочаная, не вельмі зграбная. Яна, вядома, бачыла, што Павел сядзіць з незнаёмым ёй чалавекам, але не падыходзіла да іх, бо абслугоўваць іх узялася Ванда.

Мікола, паказваючы вачыма на Ванду, падміргнуў Паўлу:

— Дзеўка на яць... Каб быў час, я б тут з ёю...

Павел не ведаў, ці сапраўды было б у Міколы што-небудзь з Вандаю, але пазайздросціў сябру, яго смеласці — бач ты, ён, Павел, тут жыве, кожны дзень бачыць Ванду і не адважыўся да яе падступіцца, а гэты толькі з’явіўся — і ўжо гатовы.

— Ды няма часу, трэба ехаць, сталіца выклікае,— гаварыў Мікола.— Мусіць я, брат, вылезу з гэтай глухамані — а што, пакарпеў тут і годзе, скора вайна скончыцца, такое жыццё пачнецца!

Павел зноў пазайздросціў сябру — вось Міколу выклікаюць ужо ў сталіцу, можа, у сталіцы і работу дадуць, а ён, Павел, застанецца тут назаўсёды. У Міколы жыццё толькі пачынаецца, а ў яго, у Паўла, ужо скончылася.

— Ну, а ты што думаеш рабіць? — спытаўся раптам у яго Мікола.— Ты ж у нас быў такі граматны... Газету набіраў, пісаў заметкі.

Павел пашкроб патыліцу, наліў яшчэ ў шклянкі, Міколу, сабе, і захацелася Паўлу паспавядацца. Столькі жыве тут адзін, слова ые было з кім сказаць, пагаварыць па-людску. Падбіваў на шчырасць яшчэ і хмель.

Яны чокнуліся шклянкамі, выпілі, закусілі, хлебануўшы па некалькі лыжак баршчу, і Павел сказаў, уздыхнуўшы:

— А я, брат, уліп, усё для мяне ўжо закрыта, жаніцца трэба...

Мікола з цікавасцю паглядзеў на сябра і ціха засмяяўся. Гэты смех пачула Ванда, якая стаяла недалёка, каля другога століка, і азірнулася на іх, павёўшы сваім сінім вокам.

— Уліп, кажаш? — смяяўся Мікола.— Жаніцца трэба? А хто ж яна? Можа, вось гэта, на якую я быў нацэліўся? — паказаў ён на Ванду.

— Не, не гэта,— пакруціў галавою Павел.

У гэты час Таня каля вакенца, якое вяло ў кухню, стаўляла на паднос талеркі з баршчом і кашаю. Нагрузіла паднос як падняць і панесла да століка, які стаяў пры акне. Яе поўныя губы аж прыадкрыліся ад натугі, грабеньчык ледзь сядзеў у валасах, здавалася, вось-вось вываліцца, яна часта пераступала нагамі ў чорных чаравіках са шнуроўкаю. Паўлу зрабілася крыху прыкра, што Таня не такая, як Ванда, ён зараз быццам убачыў яе другімі вачыма, вачыма таго ж Міколы, і нечага яе засаромеўся. Яму не захацелася паказваць Міколу Таню, але ён тут жа падумаў, што гэта будзе не па-таварыску, што калі прызнаўся ўжо, што збіраецца ажаніцца, то трэба ўжо і Таню, сваю будучую жонку, паказаць.