Выбрать главу

— Вунь яна... Тая, што паднос нясе... Я ж табе сказаў, што ўліп,— нахіліўся Павел да сваёй талеркі.

Мікола быццам застыў з лыжкаю ў руцэ, утаропіўся на Таню, як на якое дзіва, потым пакруціў галавою.

— Ну і ну,— ціха сказаў ён і раптам фыркнуў, стрымліваючы смех.

Паўла гэты смех як разануў па сэрцы, зрабілася крыўдна і шкода сябе, але ён нічога не сказаў, толькі есці таксама перастаў і паклаў лыжку.

А Мікола нахіліўся нізка над сталом, падсунуўся да Паўла ўсім целам, так, што Павел бачыў зусім блізка яго твар з прыліплымі да лба валасамі, з кропелькамі поту пад носам, зашаптаў горача Паўлу ў твар:

— Ты што, здурнеў?... Завязаць сабе свет... Ды каб хоць дзеўка людская была, а то...— Мікола махнуў рукою.

Паўлу зноў зрабілася крыўдна, ужо за Таню, што Мікола так пра яе сказаў, але Мікола быў яго госць, быў яго сябра, і Павел стрымаў крыўду.

— Тут, брат, такое дзела,— пачаў ён вінавата, быццам апраўдваючыся.— У яе дзіця будзе.

Таня між тым паставіла на стол, да якога несла, талеркі, узяла адною рукою паднос, пайшла зноў да вакна, што вяло ў кухню, стала каля яго, спіною да залі. Павел азірнуўся на яе, убачыў грабеньчык у валасах, які ўжо Таня паправіла, убачыў белыя завязкі фартуха, ногі ў чорных, як дзіцячых, чаравіках, і яму зноў зрабілася шкода сябе і ўжо як сорамна перад сябрам.

— А можа яна цябе абманвае, апутаць хоча, і такое бывае,— зашаптаў Мікола, зноў нахіляючыся да сябра.

— Неа,— пакруціў галавою Павел.

— Дык, можа, дзіця будзе не тваё... I так бывае...

— Неа,— зноў пакруціў галавою Павел.

— Дык чаго ж ты? Скажы, каб зрабіла аборт...

Павел зноў азірнуўся на Таню, якая ўсё яшчэ стаяла каля вакна, што вяло на кухню, і сказаў, не так і ціха — ведаў, што Таня адтуль не пачуе:

— Яна такая дурніца... Скумекала, што з пузам, калі позна ўжо было.

Сказаў гэта і адчуў, што гаворыць подла, подла ў адносінах да Тані, і адразу зазлаваў на яе, за тое, што адчуў сябе подлым, за тое, што яна не такая, як Ванда, за тое, што яго сябра вольны і паедзе ў вялікі горад, а ён, Павел, праз яе, праз Таню, застанецца тут.

— Ты, брат, кінь, няма чаго,— павучаў яго між тым Мікола.— Не ты першы, не ты апошні... Як што, дык усё нас, мужчын, вінавацяць, а яны што — святыя? 3 кім мужчыны грашаць, як не з жанчынамі... Гэта якраз яны... Яны нас зводзяць. А потым яны ўжо святыя мучаніцы, а мы нягоднікі. А ты каторая тожа мей галаву... Яны ўсе хітрыя... Так і хочуць нас апутаць, жаніць на сабе... Не-е, мяне не абдурыш...— ківаў ён пальцам, быццам гразіўся некаму. Ён ужо не гаварыў пра Паўла і пра Таню, проста разважаў, як бы сам з сабою.

Павел слухаў Міколу і ў душы згаджаўся з ім, яму ўжо здавалася, што сапраўды ва ўсім вінавата Таня, што яна сапраўды яго хітра апутала — бач, як бегла заўсёды да яго століка, спяшалася яму падаваць, хацела дагадзіць, хацела апутаць. Калі прывёў да сябе — нават не ўпіралася, была пакорлівая, як авечка. Каб не Павел, а другі хто прывёў — і з другім была б такая самая. Дык што ж ён... Чаму ж ён... Не-е, тут трэба падумаць.

Назаўтра Мікола збіраўся на станцыю, складаў у свой рэчавы мяшок вялікую белую мыльніцу з сінімі кветкамі наверсе, памазок для галення, брытву. Акуратна згарнуў белы, у вафелькі, ручнік, зашпіліў свой рэчавы мяшок, ускінуў на плячо.

Павел яго праводзіў. Ішлі местачковаю вуліцаю, абапал якой стаялі драўляныя дамы, некаторыя са шклянымі верандамі, дамы былі цёмныя, як набрынялыя вільгаццю, стрэхі блішчэлі, на іх клаўся густы туман, што асеў учора вечарам. Каменныя пліты тратуара таксама былі мокрыя, за дамамі, на агародах, відаць былі ўжо вялікія лапіны зямлі з засохлаю леташняю травою. Дажывалі свой век, лежачы ў барозных і каля платоў, цёмна-бурыя гурбінкі снегу з шурпатаю, як падзёўбанаю курамі, рудою скарынкаю. Пахла свежасцю, вясной.

Мікола шырока ступаў, і маленькія рудыя пырскі асядалі на насках, на халявах яго хромавых ботаў, ён ішоў энергічна, задаволены тым, што пабачыў сябра, а яшчэ болей тым, што ад’язджае, што скора будзе ў вялікім горадзе (хоць і кажуць, што ён дужа разбіты), задаволены тым, што для яго вайна ўжо скончылася, а скора скончыцца і для ўсіх — нашы на Берлін наступаюць.

Ён зноў гадаў-варажыў, чаго гэта яго выклікаюць у Мінск, але быў упэўнены, што выклікаюць яго толькі на добрае, што выйдзе яму нейкае вялікае павышэнне.