Выбрать главу

Жонка зноў сядзела на канапе, шыла, дачка нешта рабіла ў сваім пакоі, больш не іграла.

*

Назаўтра ў дзевяць трыццаць Павел Іванавіч падыходзіў да будынка народнага суда. Па крутой цемнаватай лесвіцы паднімаўся на трэці паверх. У калідорах і на лесвіцах стаялі людзі з заклапочанымі тварамі, сцішаныя, як у бальніцы, яны ўважліва глядзелі на Паўла Іванавіча, і ён пад гэтымі позіркамі адчуваў сябе ніякавата. Прайшоў у кабінет суддзі і шчыльна зачыніў за сабою дзверы.

Суддзя, жанчына гадоў сарака, у чорным шарсцяным касцюме і ў белай блузцы, сядзела за сваім сталом і пісала, на яго прывітанне адказала ветліва, усміхнулася і паківала галавою, быццам паказваючы, што рада яго бачыць. На яе стале ляжалі высокія груды папак і кнігі — грамадзянскі кодэкс, крымінальны, і яшчэ нейкімі паперамі быў закладзены стол. Павел Іванавіч заўсёды дзівіўся, як шмат у суддзі работы.

Другі засядацель, пажылы мужчына з ордэнскімі планкамі на сінім пінжаку, сядзеў за сталом, які быў прыстаўлены краем да стала суддзі, і гартаў папку — мусіць, вывучаў справу, якую сёння будуць слухаць.

Кабінет суддзі быў прасторны, светлы, падлога заслана жоўтым лінолеумам, на сцяне — план горада, у кутку сейф з круглаю жалезнаю ручкаю, на сейфе стаяць графін з вадою і шклянка, уздоўж сцен — крэслы. Некаторыя грамадзянскія справы слухаліся і тут, у кабінеце.

Павел Іванавіч распрануўся, павесіў паліто на вешалку, што стаяла ў кутку кабінета, падышоў да стала, за якім сядзеў пажылы засядацель.

— Ну, што ў нас сёння? — спытаўся не то ў суддзі, не то ў засядацеля.

— А во, паглядзіце,— паказала суддзя на папкі, што ляжалі перад пажылым засядацелем.— Адна справа крымінальная і дзве грамадзянскія.

Павел Іванавіч сеў за стол насупраць пажылога засядацеля.

— Дазволіце? — дакрануўся ён да сіняй папкі, што ляжала на стале.

— Ага, калі ласка,— адказаў пажылы засядацель, падсоўваючы папку да Паўла Іванавіча.

У папцы было падшыта шмат дакументаў — і надрукаваных на машынцы, і напісаных ад рукі. Спачатку Павел Іванавіч пагартаў іх усе, не чытаючы, толькі вырываючы з тэкстаў асобныя сказы. «Сведка Патупчык паказаў, што затрымаў падсуднага, падставіўшы падножку...» «Абвінавачваецца ў тым, што сёмага лютага ў дзесяць гадзін вечара...» «Грошы ў суме дваццаць пяць рублёў...»

«Ну, ясна, будзем судзіць злодзея»,— падумаў Павел Іванавіч.

Суддзя яшчэ ўсё пісала, пажылы засядацель вывучаў другую справу, і Павел Іванавіч пачаў больш уважліва чытаць пратакол допыту падсуднага.

У пратаколе пісалася, што падсудны Зайчык Віктар Паўлавіч, тысяча дзевяцьсот сорак пятага года нараджэння, беларус, сёмага лютага ў дзесяць гадзін вечара ў парку імя Горкага затрымаў грамадзянку Івашкевіч Маргарыту Яфімаўну і загадаў ёй аддаць сумачку, у якой ляжалі грошы. На пытанне, ці быў з ім яшчэ хто-небудзь, падсудны адказаў, што рабіў усё сам, адзін, хаця пацярпеўшая Маргарыта Івашкевіч паказвала, што ў парку да яе падышлі ўдвух, грамадзянін Зайчык і яшчэ другі мужчына, нізкага росту, у кепцы, але таго, другога, не злавілі.

На пытанне, чаму ён, Зайчык Віктар Паўлавіч, абакраў жанчыну, той цынічна заявіў, што яму былі патрэбны грошы.

Павел Іванавіч чытаў пратакол і думаў, што колькі ў нас яшчэ басаты, што вось так і дачку могуць некалі затрымаць у парку — яна ж з музычнай школы ходзіць цераз парк,— могуць зняць гадзіннік, напалохаць, ды яшчэ добра, калі толькі гадзіннік адбяруць, ліха з ім, з гадзіннікам.

Ён думаў гэта і адчуваў яшчэ нешта, пакуль невыразнае, нешта ў гэтым пратаколе было такое, што трывожыла яго памяць. Ён пачаў чытаць пратакол зноў, з самага пачатку.

«Падсудны Зайчык Віктар Паўлавіч...» Ага, Зайчык, знаёмае прозвішча,— і памяць тут жа прывяла дзяўчыну ў белым фартушку, з падносам у руках, на якім стаяла талерка буракоў, ці як у той сталоўцы называлі — баршчу. Таня Зайчык... Такое прозвішча было ў Тані. Можа, сваяк які ці брат, у яе ж было поўна братоў, сясцёр, адно пад адным.

Ён пабег вачыма далей па пратаколе, каб паглядзець год нараджэння. Год нараджэння быў сорак пяты. Вярнуўся назад, каб прачытаць, як хлопца завуць па бацьку, і прачытаў — Паўлавіч, Віктар Паўлавіч.

У грудзях быццам нешта пакацілася, і на твар пачала наплываць чырвань.

— «Быць не можа,— гаварыў ён сам сабе.— Ці мала на свеце Зайчыкаў, пры чым тут Таня...»

Ён адганяў ад сябе недарэчную думку, якая прыйшла яму ў галаву, але яна ўжо не хацела адыходзіць, круцілася, лезла ў мазгі.

«Калі ў Тані тады нарадзіўся сын, то яму цяпер столькі гадоў, як гэтаму Зайчыку... А калі Таня запісала яго на сваё прозвішча...