Выбрать главу

3

Госці былі запрошаны на сем гадзін. Людміла Макараўна ўправілася са сталом у палове шостай, заставалася заліць маянэзам салату і парэзаць свежыя агуркі, але на гэта, лічыла яна, хопіць мінут пятнаццаць, так што з гадзінку можна адпачыць. I Людміла Макараўна, памыўшы рукі і скінуўшы фартух, пайшла ў спальню, лягла на свой ложак, не зняўшы пакрывала, паклаўшы пад галаву цвёрдую вышытую падушачку. У яе гулі рукі, гулі ногі, ва ўсім целе адчувалася слабасць і стомленасць — дзіва, апошнія чатыры дні яна то бегала па магазінах, то стаяла каля пліты, а галоўнае — клопат — каб трапіўся добры прадукт, каб удаліся заліўныя і рулеты, фаршыраваная рыба і халадзец, пірагі і торты. Добра, што суседка згадзілася памагчы, без яе наогул невядома што было б, тыя гады маці памагала, а сёлета маці зусім слабая, нават на дзень нараджэння не прыйдзе, так што памочніцы з яе больш няма.

Людміла Макараўна ляжала на ложку, расслабіўшы цела, паклаўшы рукі на грудзі, як ляжаць нябожчыкі, а ў галаве круцілася, думалася — можа яшчэ што трэба зрабіць, можа, забылася што важнае, але быццам усё зроблена, з усім паспела, каб толькі было сёння вечарам весела, каб не сядзелі, як на памінках.

Яе турбаваў муж — апошнім часам ён нейкі злосны, раздражнёны, і Людміла Макараўна ніяк не можа ўгадаць прычыны, якая выбіла мужа з раўнавагі. Спачатку нага балела, але цяпер нага не баліць. На рабоце ў яго быццам усё нармальна, дома таксама ўсё ў парадку. Што ж за прычына такога яго настрою? Вось і цяпер, у дзень яе нараджэння, такі невясёлы, такі абыякавы да яе. Яна стамілася, як чорт, ляжыць у гэтай спальні, а ён сядзіць у залі, чытае газету. Хоць бы падышоў, сказаў якое слова, пагаварылі б ні аб чым, аб якім глупстве, як некалі, як нават летась, і то ёй было б лягчэй.

Бразнулі дзверы ў пакоі дачкі, і тут жа яна ўбегла ў спальню, трымаючы ў руках па сукенцы. Дачка была цяпер у квяцістым паркалёвым халаціку, вельмі кароценькім, які высока адкрываў яе стройныя поўныя ножкі. 3 раніцы дачка збегала ў цырульню, прычасалася, і цяпер яе галоўка была зграбная, валасы ўкладзены колцамі і блішчаць, папырсканыя лакам.

— Мамачка, якую мне сукенку адзець, гэту ці вось гэту? — выцягнула яна правую руку, потым левую, паказваючы адну сукенку, потым другую.

Людміла Макараўна палюбавалася дачкою — якая яна харошанькая, падобная і на яе і на бацьку. Зусім дарослая дачка, семнаццаць гадоў, не агледзішся, і замуж выскачыць.

— Табе, дачушка, якую сукенку ні адзень — усё добра будзе,— сказала ласкава.— Але адзень вунь тую, сіненькую, яна да вачэй тваіх надта падыходзіць.

Дачка павярнулася, пабегла.

— Пакліч мне тату! — сказала Людміла Макараўна ёй наўздагон.

Чула, як дачка крыкнула ў калідоры: «Тата, цябе мама кліча!»

Яшчэ пачула, як зашапацела газета, а потым зноў усё сціхла. Чакала крокаў мужа, але крокаў не было.

У кватэры стаяла цішыня, і Людміла Макараўна падумала, што вось як ціха цяпер, а гадзіны праз дзве будзе гоману, тлуму, ежу, так хораша цяпер пастаўленую, прыбраную, перакалупаюць, размажуць па талерках. Але чаму не ідзе муж, дачка ж сказала яму, што я яго клічу. Яна сабралася гукнуць яго яшчэ раз, адчуваючы, што ў грудзях збіраецца раздражненне, але ў гэты час пачуліся крокі, і муж, трымаючы ў руках разгорнутую газету, зайшоў у спальню. Ён быў у чорных спартыўных штанах і ў сінім світары, на нагах — пантофлі без заднікаў, як звычайна ходзіць дома; твар, як пасля сну — крыху прыпухлыя вочы і шчокі быццам аплылі. Яму, відаць, не вельмі хацелася ўставаць са свайго крэсла, і прыйшоў ён толькі таму, што клікала жонка, не хацеў быць няўважлівы да яе ў дзень яе нараджэння.

— Кінь ты гэту газету,— крыху капрызна і разам з просьбаю ў голасе сказала Людміла Макараўна.— Я так стамілася, а табе і клопату няма. Калі памагчы не можаш, дык хоць бы паспачуваў.

Павел Іванавіч шукаў вачыма, куды пакласці газету, паклаў яе на свой ложак, сеў у нагах каля жонкі, сказаў паслухмяна, з жартам:

— Ну вось, сяджу, спачуваю...

Людміла Макараўна бачыла, што муж спрабуе жартаваць, не хоча раздражняць яе, згодны цярпець нават яе капрызы, але ашукаць яе было цяжка, яна разумела, што муж прымушае сябе так рабіць, што ён, магчыма, стрымліваецца, каб не сказаць ёй чаго рэзкага, што настрой у яго зусім не такі, як ён хоча гэта паказаць. Але і яна пастаралася прыкінуцца, што гэтага не заўважае, даверліва паскардзілася:

— Аж моташна, аж нудзіць, так стамілася.

Павел Іванавіч, здаецца, крышку ажыў, як пасля сну апомніўся.

— А навошта табе кожны раз так выпінацца,— сказаў з папрокам.— Зрабіла б якіх бутэрбродаў, віна, каньяку паставіла — і досыць. Дык не, гатуе кожны раз, як на роту салдат.