Выбрать главу

Людміла Макараўна ўздыхнула.

— Міленькі, салдатам не даюць таго, чаго я нагатавала, салдатам боршч ды кашу, а ў мяне, як кажуць, і паранае, і варанае, і так кускамі.

Калі Людміла Макараўна сказала, што салдатам даюць боршч ды кашу, Павел Іванавіч зноў як убачыў Таню з талеркаю чырвонага баршчу на падносе і аж паморшчыўся. Але трэба было падтрымліваць размову з жонкаю — тое, што ўспомнілася, не для яе, тое з іншага, з яго патаемнага жыцця.

— Тым больш,— сказаў ён.— Што нашы госці, галодныя ходзяць, дзіва для іх тваё паранае і варанае?

Людміла Макараўна вышэй лягла на ложку, паправіла пад галавою падушачку.

— Вось скажы, а калі ты да людзей у госці прыходзіш, цябе там бутэрбродамі частуюць? Нябось, так і глядзіш на стол, каб што смачнае выбраць. Проста ў людзей мужчыны не такія, як ты ў мяне, твой дэкан і рыбу ўмее фаршыраваць, і заліўное зрабіць, а Верын Валодзя дык усё робіць, калі якое свята, ды і без свята, яна і рук не прыкладае, так паможа што, калі ў ахвоту.

Павел Іванавіч усміхнуўся.

— Вось дзе сапраўды жаночая логіка, пачала з бутэрбродаў, а скончыла Верыным Валодзем. Проста мода ў вас такая павялася, хочаце павыстаўляцца адна перад адной. Аб’еліся ўсе, абы-чаго есці не хочаце, дык вось і выдумляеце...

Жонка, здаецца, не пакрыўдзілася, яна нават згадзілася.

— Што ж,— сказала яна,— можа ў тваіх словах якая праўда і ёсць, але я не хачу быць разумнейшая за людзей, як людзі, так і я. I табе раней гэта, па-мойму, падабалася, не ведаю, чаму апошні час ты перамяніўся, пачынаеш мяне папракаць.

Паўлу Іванавічу зрабілася няёмка — мусіць, сапраўды ён апошнія дні перамяніўся і жонка пачынае гэта заўважаць.

— Я не папракаю цябе,— сказаў як вінавата.— Так, можа, старэю ўжо, бурчэць пачынаю...

Людміла Макараўна нахілілася да мужа, пацалавала яго ў шчаку.

— Старэеш, міленькі, вунь, колькі сівых валасоў ужо,— правяла яна пальцамі па яго скроні, дзе сапраўды паміж цёмных валасоў паблісквалі і сівыя, хоць яшчэ не вельмі густа.— Але папрашу цябе, пабудзь яшчэ хоць сёння малады, у дзень майго нараджэння, бо ты сваім настроем сапсуеш мне ўсё абедню. А цяпер, давай апранайся, і мне пара,— глянула яна на гадзіннік, што стаяў на тумбачцы пасярод ложкаў.— Вунь, сёмая гадзіна, скора госці пачнуць збірацца.

Яна ўстала, падышла да люстэрка, уважліва паглядзела на свой твар. Мусіць, твар свой ёй не вельмі спадабаўся, бо ўздыхнула, правяла пальцамі пад вачыма, быццам хочучы зняць павуцінкі, якія звіў там злосны павук — час. Павяла далонямі па шчоках. Пахілілася, адчыніла тумбачку, на якой стаяла люстэрка-трумо, дастала белую круглую баначку, потым яшчэ адну баначку, шкляную, з сіняю накрыўкаю. Адкрыла белую баначку, панюхала, потым зачэрпала з яе пальцам крэму. Спачатку пасадзіла пальцам па кучцы крэму на лоб, на бараду, на нос і шчокі, потым дзвюма рукамі пачала расціраць крэм па ўсім твары.

Павел Іванавіч падышоў да яе ззаду, паглядзеў на сябе ў люстэрку, паўзверх жончынай галавы, сказаў, правёўшы далоняю па шчацэ:

— Пагаліцца яшчэ раз, ці што...

— А і пагаліся,— лагодна сказала Людміла Макараўна.— I кашулю адзень новую, тую, што я табе нядаўна купіла, яна ляжыць на верхняй паліцы ў цэлафане, яшчэ не разгорнутая.

Павел Іванавіч азірнуўся, быццам нечага шукаючы, убачыў газету, якая ляжала на яго ложку, падышоў, узяў газету, згарнуў яе, пайшоў галіцца, апранацца. Скора пачнуць прыходзіць госці.

*

Першымі прыйшлі завуч з жонкаю, са школы, дзе Людміла Макараўна выкладала англійскую мову. Госці прынеслі з сабою свежасць марозу, пах парфумы, у жонкі завуча ў руках былі чырвоныя гваздзікі, загорнутыя ў празрысты цэлафан, завуч трымаў пакунак, перавязаны ружоваю стужкаю.

— Віншую, дарагая Людміла Макараўна,— падаючы кветкі, сказала завучава жонка, потым падступіла бліжэй да імянінніцы, пацалавала, як клюнула ў шчаку.

Завуч падаў Людміле Макараўне пакунак, пацалаваў у руку.

— Віншую, віншую. А вы з кожным годам усё маладзееце.

Людміла Макараўна ўсміхалася, стараючыся надаць і твару, і ўсёй сваёй постаці як мага больш радасці і шчырасці.

— Дзякуй, дарагія, дзякуй. Паўлуша,— павярнулася яна да мужа,— памагай гасцям распранацца.

Людміла Макараўна панесла кветкі і пакунак у спалью, на хаду мацаючы пакунак, каб угадаць, што ў ім, але ўгадаць не магла — нешта было там мяккае.

Госці распрануліся, і ў калідоры яшчэ мацней запахла парфумаю. Завуч быў у чорным гарнітуры і ў такой белай сарочцы, што яна аж сляпіла вочы. Яго жонка ў ружовай шарсцяной сукенцы з бліскучаю брошкаю пад каўняром. Яна пачала пераабувацца, здымаючы высокія боты і ступаючы ў белыя лакавыя туфлі, якія выняла са сваёй сумкі. Скончыўшы пераабувацца, пацерла далонямі адна аб адну, азірнулася, шукаючы люстэрка. Невялікае люстэрка з палічкаю вісела каля вешалкі, і жонка завуча пачала папраўляць прычоску. Завуч таксама падышоў да люстэрка, пагладзіў рукою сваю лысую галаву, пажартаваў: