Выбрать главу

— А я буду хадзіць кудлаты.

Скора яны сядзелі ў залі, у баку ад накрытага стала, жонка завуча ў крэсле, завуч на канапе, насупраць тэлевізара.

— А мы, аказваецца, першыя,— весела сказаў ён.— Хоць бы нам за гэта якую прэмію далі.

— Ці можа быць большая прэмія, як удзячнасць гаспадыні,— адказала Людміла Макараўна.— Вельмі люблю гасцей, якія прыходзяць першыя.

— Ён у мяне заўсёды спяшаецца, каб не спазніцца,— нязлосна пакпіла з мужа жонка завуча.

— Школьная прывычка,— адказаў завуч.— Ды часам, мілая, лепш прыйсці на гадзіну раней, чым на пяць хвілін пазней, нават на хвіліну.

— Ну, гэта калі на цягнік ці на самалёт,— сказала завучава жонка.

— Нават і на спатканне. Што было б, каб я спазніўся на тое, самае важнае спатканне,— страціў бы цябе назаўсёды.

Завуч быў вясёлы чалавек, у кампаніі ён заўсёды шмат жартаваў і смяяўся.

У гэты час у дзвярах зноў зазваніў званок, Людміла Макараўна падхапілася, каб ісці адчыняць. За ёю ў прыхожую выйшаў і Павел Іванавіч.

Цяпер госці пайшлі адны за адным, і Людміла Макараўна не паспявала прымаць кветкі, цалавацца, насіць у спальню падарункі. Павел Іванавіч таксама ўсім радасна ўсміхаўея, мужчынам паціскаў рукі, нахіляўся і цалаваў ручкі дамам, памагаў распранацца і вешаць паліто. Скора вешалка была зусім поўная, і вопратку пачалі насіць у даччын пакой, класці на стол, на піяніна.

Дачка, у кароценькай сіняй сукенцы, падобнай на кашульку ў малога дзіцяці, з высока ўсчасанымі валасамі, крышку сарамліва адказвала на прывітанні. Амаль усе госці, убачыўшы дачку, пляскалі рукамі і гаварылі: «Божачка, гэта Ірачка, так вырасла, а прыгожая якая, замуж скора...»

Спачатку гэтыя захапленні падабаліся Ірачцы, а потым пачалі надакучаць, бо ўсе гаварылі адно і тое ж. Заходзіў новы госць, і яна ўжо чакала — зараз убачыць яе і плясне ў ладкі, пачне гаварыць тое самае, што ўсе — і не памылялася.

Крышку астудзіла яе святочны настрой і тое, што госці былі адзін у аднаго — старыя, равеснікі бацькоў, а такія госці, Ірачка ведала ўжо са свайго вопыту, пасля дзвюх-трох чарак пачнуць гаварыць пра сваё, заспяваюць песню і пра яе забудуць. Таму яна ціхенька ўзрадавалася, калі ўбачыла, што Міця, яе дваюрадны брат, мастак, прывёў сябра з барадою. Хоць барадаты быў і не равеснік Ірачкі, меў, мусіць, гадоў дваццаць тры, але Ірачка адчула, што з ім ёй будзе весялей.

Людмілу Макараўну незнаёмы хлопец, няпрошаны госць, не вельмі ўзрадаваў, яна падумала, што яе пляменнічак зрабіў не вельмі тактоўна, прывёўшы да яе невядома каго, але ніяк не паказала свайго нездавальнення, ветліва прыняла хлопца, тым больш, што той падаў ёй букет белых нарцысаў і, знаёмячыся, пацалаваў ёй руку.

— Мяне зваць Алег,— адрэкамендаваўся хлопец.

Ён быў у тоўстым шарсцяным світары, у чаравіках на гумавай падэшве і сярод гасцей Людмілы Макараўны адразу вылучыўся сваёй будзённай апраткай.

У кватэры было цяпер поўна людзей, сядзелі, стаялі, хто дзе мог, хто дзе знайшоў месца, бо амаль усю залю займаў сервіраваны стол. Каля яго стаяла купка мужчын, пра нешта гаварылі, жанчыны сабраліся ў спальні, аглядалі там адна ў адной сукенкі, вялі размовы пра сваё, жаночае.

Пара было б садзіцца за стол, але чакалі дэкана з жонкаю. Каб пазніўся хто іншы, то Людміла Макараўна не таміла б усіх гасцей, прымушаючы чакаць адну пару, але гэта быў дэкан, начальнік яе мужа, і Людміла Макараўна не хацела пачынаць свята без яго. Яна старалася заняць гасцей, каб не сумавалі, піхнула Паўла Іванавіча, каб ішоў да мужчын, сама пайшла ў спальню — з жанчынамі яна справіцца.

Павел Іванавіч падышоў да мужчын, што стаялі купкаю каля стала. Тут былі намеснік дэкана, высокі, моцны мужчына з шырокім дабрадушным тварам, каля намесніка дэкана свяціў лысінаю завўч, насупраць яго стаяў муж Веры Пятроўны, старшай выкладчыцы, што вяла заняткі ў іх у інстытуце, той самы Верын Валодзя, якога жонка сёння прыводзіла Паўлу Іванавічу як прыклад, што ён усё ў хаце робіць.

Быў з імі і Хадасевіч, але, здаецца, крышку ўбаку і не прымаў удзелу ў агульнай гаворцы.

Павел Іванавіч даўно не бачыў Хадасевіча, мусіць, цэлы год, ад мінулага жончынага дня нараджэння, і цяпер заўважыў, што Хадасевіч здаў, пастарэў, лоб высока агаліўся, шыя пад каўняром сарочкі сабралася ў зморшчыны. У Паўла Іванавіча з’явілася нешта падобнае на жаласць, спагаду да Хадасевіча, ён падышоў да яго, узяў пад руку.