Выбрать главу

— Як жыццё, Сымоне, даўно цябе не бачыў,— сказаў цёплым голасам.

Хадасевіч азірнуўся, усміхнуўся Паўлу Іванавічу, усміхнуўся, здаецца, аднымі губамі, вочы былі не то сумныя, не то стомленыя.

— Растуць дзеці,— адказаў Хадасевіч.

Паўла Іванавіча гэтыя словы як кальнулі. Пры слове «дзеці» ён чамусьці падумаў не пра дачку, а ўявіў таго — стрыжанага, з ухмылачкаю. «Можа ён што-небудзь ведае»,— з трывогаю падумаў Павел Іванавіч пра Хадасевіча. Адказаў з робленым спакоем:

— Та-ак, растуць.

— Мой старэйшы хлопец на чацвёртым курсе інстытута... Меншы школу канчае... А твая — глянуў сёння — ледзь пазнаў, вырасла за гэты год,— сказаў Хадасевіч.

«Нічога ён не ведае,— зазлаваў сам на сябе Павел Іванавіч.— На мне ўжо, як на тым злодзеі, шапка гарыць».

Ён пачаў слухаць, пра што гаварылі мужчыны, сабраўшыся ў кучку.

— Не, вы не кажыце, дача — гэта лякарства,— гаварыў намеснік дэкана.— Летам жа ў горадзе задыхнуцца можна, а там свежае паветра і, скажу вам, фізічная праца... Падзяўбеш зямлю рыдлёўкаю, потым вала гатоў з’есці.— Ён стаяў, крыху расставіўшы ногі, заклаўшы рукі за спіну, як чалавек, які адчувае пад сабою цвёрды грунт, які прывык, каб слухалі, калі ён гаворыць.

— А мы сёлета чатырнаццаць вёдзер клубнікі выбралі! I варылі, і кампоты рабілі, і так елі,— пахваліўся Верын Валодзя.

— Дык жа кажуць, што дачы будуць скора адбіраць і новых больш будаваць не дазволяць,— сказаў завуч.

— Кіньце вы,— махнуў у яго бок рукою намеснік дэкана.— Будуць адбіраць у тых, хто нажыў не сваёю працаю, у спекулянтаў, у злодзеяў будуць адбіраць, а ў чэсных людзей не адбяруць.

— А ты сабе яшчэ дачы не пабудаваў? — спытаўся Павел Іванавіч у Хадасевіча, хочучы і яго ўцягнуць у гаворку.

Хадасевіч засмяяўся.

— Мне няма за што будаваць дачы... Ды каб і было за што, не па мне гэта,— адказаў ён. Хадасевіч памаўчаў, можа, чакаючы, што ў яго спытаюць — чаму гэта будаваць дачу не па ім, але ў яго ніхто не спытаўся, і ён загаварыў, крыху са смехам, а крыху і з раздражненнем.— Наглядзеўся я на гэтых дачнікаў, на гэтых агароднікаў. Каторы з іх за машыну гною гатовы душу чорту прадаць. А пабудаваць дачу? Тут рамонт у хаце робіш, і то праблема — дзе кран дастаць, дзе ракавіну, а там... Без махінацый жа не абыдзешся...

Намеснік дэкана крактануў, пакруціў галавою.

— Да, канечне, цяжкасці ёсць, што ж, калі ў нас праз дзяржаўныя каналы не ўсё лёгка купіш, але я асабіста і цвіка не ўзяў незаконна.

— I наогул — дзіву даешся,— развёў рукі Хадасевіч.— Садзяць на тых дачах бульбу, агуркі, памідоры, усё ж гэта ў магазінах ёсць і дзяшовае.

— Гэта точна,— засмяяўся завуч.— Адзін мой знаёмы сабраў першыя яблыкі з свайго саду, прынёс дахаты, і пачалі яны з жонкаю лічыць, колькі ім абышліся гэтыя яблыкі. I што вы думаеце? Выйшла, што адзін яблык каштаваў дзвесце пяцьдзесят рублёў! Залатыя яблычкі!

— Ну, гэта на першым часе яны такія дарагія, потым акупяцца,— сказаў Верын Валодзя. — I вы кажаце — магазіны,— павярнуўся ён да Хадасевіча.— Хіба можна параўнаць памідор куплёны і той, што ў цябе на градзе вырас, свой, уласны памідор!

Цяпер засмяяліся вочы Хадасевіча, адны вочы.

— Вось іменна, свой, уласны памідор. Уласны! — націснуў ён на апошнім слове.

Павел Іванавіч спужаўся, каб не пачалося раптам спрэчкі, ён пашкадаваў ужо, што зачапіў Хадасевіча — хіба не ведае, што той з усімі задзіраецца? I пачаў улагоджваць гасцей.

— Ладна, ладна,— загаварыў ён,— хто хоча, няхай есць куплёныя памідоры, хто не хоча куплёных, няхай есць свае, хто хоча, няхай будуе дачу, хто не хоча, няхай не будуе.

Ён міжвольна паглядзеў на гадзіннік — вельмі добра было б цяпер запрасіць гасцей за стол, але дэкана яшчэ не было, і Павел Іванавіч не ведаў, чакаць яго больш ці не чакаць, трэба было параіцца з жонкаю.

Лавіруючы паміж накрытым сталом і ў беспарадку пастаўленымі крэсламі, ён выйшаў з залі, падышоў да дзвярэй спальні, адчыніў дзверы і, знайшоўшы позіркам сярод жанчын Людмілу Макараўну, маргнуў ёй, каб яна выйшла да яго.

— Трэба запрашаць гасцей за стол,— зашаптаў ён жонцы,— на дзевятую гадзіну пайшло,— пастукаў ён пальцам па шкле гадзінніка, які быў у яго на руцэ,— колькі можна чакаць!

Жонка паглядзела на яго ўзбуджаным позіркам, загаварыла, папраўляючы на плячах сукенку:

— А чаму яго няма, не ведаеш? Канфлікту ў цябе з ім не было ніякага?

Павел Іванавіч паціснуў плячыма.

— Здаецца, не было.

— Добра, запрашай усіх за стол... Колькі ж можна чакаць,— рашуча сказала Людміла Макараўна. I, шырока адчыніўшы дзверы ў спальню, голасна сказала, паказваючы рукою на залю: