Выбрать главу

— Жанчынкі, дарагія, там мужчыны без вас зусім занудзіліся... Прашу да стала! Прашу, прашу,— і сама першая пакіравалася ў залю. Трэба было тактоўна, незаўважна, быццам выпадкова пасадзіць кожнага на сваё месца.

— Васіль Барысавіч, садзіцеся, калі ласка, з Ганнаю Раманаўнаю вось тут, тут вам зручна будзе, калі ласка, калі ласка,— павяла яна да стала намесніка дэкана.— Сядайце ўсе, сядайце, дзе каму падабаецца,— паварочвалася яна да гасцей.— Міця, ты малады, садзіся з Нэляю Ігараўнаю,— падсаджвала яна пляменніка да настаўніцы музыкі. Убачыўшы, што дачку трымае за руку барадаты Міцеў сябра, збіраецца разам з ёю сесці, быццам не заўважаючы хлопца, узяла дачку за плечы:

— Ірачка, ты з намі сядзеш, са мною і з татам, вось сюды ідзі. «Бач ты, ухапіў ужо... Я табе пакажу»,— зазлавала на барадатага Людміла Макараўна. Дачку яна берагла, баялася, каб не закруціў ёй галавы які шалапут.

Госці ўсаджваліся, соваючы крэсламі, азіраючыся, з кім і насупраць каго апынуліся, кідаючы позіркі на бутэлькі, на закускі, якімі быў загрувашчаны стол. Два месцы ў цэнтры Людміла Макараўна ўсё ж пакінула вольнымі, на той выпадак, калі дэкан усё-такі прыйдзе.

Паўлу Іванавічу на першым часе трэба было ўзяць кіраўніцтва застоллем на сябе, і ён пастукаў відэльцам па графіне, у якім празрыста пералівалаея гарэлка і плавалі скарлупінкі лімона.

— Дарагія госці, прашу ўвагі! — сказаў ён. Пачакаў, пакуль за сталом трошкі сцішыліся, і весела загаварыў: — Прашу наліць чаркі! Кавалеры, налівайце сваім сяброўкам і суседкам, не забывайце і сябе. Сёння ніхто не павінен устаць з-за стала цвярозы!

Усе зноў весела заварушыліся, мужчыны пацягнуліся да бутэлек, да графінаў.

— Вы што будзеце піць?

— Вам каньячку?

— Не, толькі віно...

— Вы сабе, сабе налівайце,— загаманіла застоллле, зазвінелі чаркі, забулькала віно і гарэлка. Некаторыя адразу пачалі накладаць і закускі. Верын Валодзя трымаў перад сабою жончыну талерку і пытаўся:

— Верачка, табе чаго ўзяць?

Намеснік дэкана паклаў ужо на сваю талерку цэлую гару рознай закускі, суседка, якая памагала Людміле Макараўне рыхтаваць стол, накалола на відэлец адзін склізкі грыбок, і той сіратліва ляжаў на яе чыстай талерцы з сінім беражком.

Павел Іванавіч падняўся, трымаючы поўную чарку, павёў позіркам па гасцях, якія сядзелі, павярнуўшыся да яго тварамі. 3 вышыні яго росту цяпер добра быў відзён увесь стол, застаўлены ядою,— заліўная курыца на вялікім белым блюдзе, рыба рознага прыгатавання — і фаршыраваная, і смажаная, тонка нарэзаныя, аж празрыстыя, балыкі, яйкі з чырвонаю ікрою, салаты з крабамі, свежыя агуркі, хоць за вокнамі гула мяцеліца. Глянуў на ўсё гэта і як убачыў другі стол — у калідоры ў судзе, на якім стаяла чарніліца-невылівайка і ляжала драўляная ручка з сухім пяром, стол, на якім хімічным чарнілам было напісана: «Я хачу дадому... I есці хачу... I Воўку шкода...» Нешта непрыемнае, як чарвяк, прапаўзло праз яго грудзі, але ён пастараўся адагнаць гэта непрыемнае.

— Дарагія таварышы! — сказаў ён урачыста.— Потым мы выберам тамаду, свята наша будзе ісці, як ва ўсіх добрых людзей, але першы тост, першае слова я хачу сёння сказаць сам. Я хачу, каб вы выпілі за маю жонку, дзень нараджэння якой мы сёння спраўляем, за слаўную жанчыну, маці маёй дачкі. Я сам жадаю і хачу, каб вы пажадалі ёй — добрага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, шчасця і радасці...

— I вечнай прыгажосці, маладосці! — уставіў намеснік дэкана, узнімаючы ўгору сваю чарку.

— Вы вельмі правільна дадалі,— ветліва пакланіўся ў бок намесніка дэкана Павел Іванавіч.— I вечнай прыгажосці, маладосці. Кажуць, што жанчынам гэта вельмі важна.

— I мужчынам важна,— кінуў рэпліку завуч.

— I мужчынам,— пагадзіўся Павел Іванавіч.

Нехта крыкнуў, каб не перашкаджалі мужу гаварыць тост у гонар жонкі, усе сціхлі, і Павел Іванавіч закончыў сваё ўрачыстае слова, стуккуўся келіхам з жонкаю, выпіў нагбом. Госці пацягнуліея са сваімі чаркамі да імянінніцы, кожны хацеў павіншаваць асабіста, тыя, што сядзелі ў канцы стала, уставалі і ішлі з поўнымі кілішкамі да крэсла, у якім сядзела гаспадыня.

А яна, з чаркаю ў руцэ, паварочвалася то ў адзін бок, то ў другі, чокалася з гасцямі, нахілялася, каб дастаць сваёю чаркаю тых, хто сядзеў далёка, яе бліскучая сукенка адтапырвалася на грудзях, ажно відзён быў раўчучок паміж імі.

Пасля першага тосту некалькі хвілін у кватэры было зусім ціха, толькі чулася, як стукалі нажы ды відэльцы, потым гоман зноў пачаў набіраць сілу.

Тамадою выбралі завуча, таму да гэтага было не прывыкаць, яго часта выбіралі тамадою, і вочы яго цяпер узбуджана блішчэлі, і лысіна блішчэла, як паліраваная, ён жартаваў, каламбурыў, заклікаў застолле да ўвагі. Устаў і заявіў, што калі імянінніца — выкладчыца англійскай мовы, дык ён скажа тост у яе гонар на англійскай мове.