Выбрать главу

Павел Іванавіч падумаў, як загаварылі б у дэканаце, каб даведаліся пра Зайчыка.

— Хіба такі чалавек можа выкладаць у інстытуце, выхоўваць моладзь! — гэта сказаў бы намеснік дэкана.

— Свайго ўласнага сына судзіў! А мы да яго яшчэ ў госці хадзілі! — так сказала б Вера Пятроўна.

Павел Іванавіч паморшчыўся, быццам ужо цяпер пачуў усё гэта.

Зазвінеў званок. Выкладчыкі пабралі свае сумкі, папкі. Павел Іванавіч пакінуў партфель на падаконніку — чамусьці не любіў хадзіць у аўдыторыю з партфелем. Узяў канспект, кніжку, прапусціўшы ў дзвярах выкладчыцу французскай мовы, выйшаў у калідор.

Высокі светлы калідор быў ужо амаль пусты, бег толькі адзін студэнт, у караткаватых штанах, у цесным пінжачку, з кнігамі пад пахай. Прыкідваючыся, што не заўважае выкладчыкаў, якія выходзілі з дэканата, пабег у канец калідора, адчыніў дзверы аўдыторыі, знік за дзвярьіма. У гэту аўдыторыю ішоў цяпер і Павел Іванавіч, у яго лекцыя на трэцім курсе. Зараз ён зойдзе, і ўсе студэнты ўстануць, вітаючы яго, а ён, напэўна, адчуе нялоўкасць.

«Трэба нешта рабіць... Трэба нешта рабіць...»,— думаў Павел Іванавіч, адчыняючы дзверы.

*

Ён разумеў, што калі не будзе дабівацца ісціны — хто такі Зайчык, чый ён сын — ці Танін, ці не,— то ўсё застанецца так, як і было, яго таямніцы ніхто не раскрые. Больш чым дваццаць гадоў прайшло, і ніхто не ставіў да яго ніякіх прэтэнзій, не шукалі яго ні Таня, ні яе радня, ніхто і не намякнуў яму, што ў яго ёсць дзіця, ды і сам ён — вучыўся ў інстытуце, ажаніўся, абараніў дысерцатыю, і ўсё гэта, вельмі рэдка ўспамінаючы Таню, зусім не думаючы пра дзіця, якое яна павінна была нарадзіць. Ды вялікага грэху ён за сабою і не бачыў — ці ён першы, ці ён апошні меў да жаніцьбы дзяўчыну, быў блізкі з ёю, ці ён першы, ці ён апошні яе пакідаў. Мужчыны часам у кампаніях прызнаваліся ў сваіх грахах, смеючыся, гаварылі — маўляў, хто ведае, можа дзе па свеце і нашы дзеці бегаюць. Дык хіба не можа ён жыць, як і жыў, не дабіваючыся ніякай ісціны з гэтым Зайчыкам. Можа не варта пра ўсё гэта думаць, забіваць сабе галаву, трывожыць сэрца, тым больш, што паправіць усё гэта цяпер проста немагчыма. Дапусцім, ён прызнаецца, што Зайчык — ягоны сын, напіша яму ў калонію пісьмо і ўсё раскажа. Зайчыка гэтым ён не ўратуе, таму ўсё роўна прыйдзецца адбываць пакаранне, бо ён яго заслужыў. А ці ўзрадуецца сам Зайчык, даведаўшыся, што ў яго знайшоўся бацька і хто гэты бацька. Можа, яшчэ больш узлуецца, узненавідзіць Паўла Іванавіча, скажа: «А дзе ты быў раней?» Вернецца з калоніі ды яшчэ морду наб’е такому бацьку. Перавыхаваць Зайчыка, дарослага мужчыну, таксама ўжо цяжка, можа нават немагчыма, так што Зайчыку, хутчэй за ўсё, ён нічым не паможа, а сам страціць аўтарытэт, страціць работу, у сям’ю прынясе разлад. Хіба ўзрадуюцца, даведаўшыся пра ўсё, жонка, дачка? Скажуць, што ён скампраметаваў не толькі сябе, але і іх.

Павел Іванавіч разумеў усё гзта, можа, больш за ўсё ён якраз і баяўся страціць тое, што меў, але не мог выкінуць з галавы таго суда, не мог выкінуць з галавы Зайчыка. Апошні час ён думаў толькі пра гэта, і сэрца яго не знаходзіла спакою. Мінулае ўставала, як здань, чаплялася за яго, як калючыя ваўчкі за адзежу, і іх было не паскідаць, ад іх было не адчапіцца. Каб нарэшце вырашыць усё да канца, каб ведаць пэўна, хто гэты Зайчык, Танін ён ці не, Павел Іванавіч надумаўся схадзіць на завод, дзе працаваў асуджаны, знайсці яго сяброў, што жылі з ім разам у інтэрнаце, распытаць, адкуль Зайчык родам, хто яго бацькі. Скажа хлопцам, што ён прыйшоў з суда, ды яны не будуць вельмі дапытвацца, чаму ён прыйшоў. Скажа, што так трэба.

Пасля лекцый, не заязджаючы дадому, скіраваўся ён на завод. Спачатку ехаў тралейбусам, потым перасеў у трамвай. Апошнім часам ён рэдка ездзіў трамваем, і яму непрывычны быў жалезны грукат колаў па рэйках, візгат на паваротах. I пасажыры тут былі другія. У тралейбусах, асабліва першага маршруту, якім карыстаўся Павел Іванавіч, на работу і з работы ездзілі служачыя, набівалася поўна студэнтаў, а тут было больш рабочай публікі — мужчыны з абветранымі, быццам і зімою загарэлымі тварамі, з дужымі рукамі, жанчыны ў ватоўках, у камбінезонах.

Вокны ў трамваі бразгацелі, на адной шыбе, прыклеены, вісеў білецік.

Ён выйшаў на ўскраіне горада — тут стаялі драўляныя дамы, усцяж усёй вуліцы цягнуўся доўгі шэры плот, каля плота ішоў вузкі тратуарчык, не ачышчаны ад снегу, і наогул снегу на гэтай вуліцы было многа, вялікімі гурбамі ляжаў ён каля дрэў, што раслі ўздоўж тратуара, укрываў гародчыкі каля хат, і ад яго было тут светла, бела. Снег і цяпер яшчэ церусіў, рэдкі і дробны, падаў на цёмнае паліто Паўла Іванавіча, раставаў на твары.