Выбрать главу

Вуліца была адна з тых, што дажывала свой век, хутка ад яе і следу не застанецца, на яе месцы вырастуць высокія дамы, як тыя, што стаяць ужо недалёка і відаць цераз рэдкую сетку снегу — на дзевяць паверхаў, з балконамі, з усімі выгодамі. За драўлянаю вуліцаю рос мікрараён — цэлыя кварталы прыгожых, як лялькі, дамоў, відаць былі і недабудаваныя, з доўгімі стрэламі кранаў каля іх. Каменны раён быццам наступаў на ціхую драўляную вуліцу, падыходзіў да яе бліжэй і бліжэй, каб аднойчы наступіць на яе і сцерці назаўсёды.

Павел Іванавіч падумаў, што вось людзі, шмат людзей, працуюць, будуюць заводы, дамы, цэлыя гарады, робяць і за тых, і для тых, хто мітусіцца ў жыцці, думае толькі пра сябе, прыкідваецца вельмі важнаю асобаю, лічыць, што ён нашмат вышэйшы за іншых. А вось яна — мера: калі тое, што ты зрабіў, патрэбна некаму — як кватэра, як хлеб, як штаны,— то ты і асоба, ты і не лішні на зямлі, а так...

Павел Іванавіч пайшоў у бок мікрараёна, ён ведаў, што там завод, на якім працаваў Зайчык, скора ён і сапраўды ўбачыў высокія заводскія трубы, цагляны плот, прахадную.

3 прахадной выйшаў адзін чалавек, потым другі, і далей адзін за адным павалілі рабочыя — мусіць, кончылася змена. Павел Іванавіч спыніўся, падумаў, што трапіў не ў час, можа, не знойдзе цяпер на заводзе тых людзей, якія яму трэба. А рабочыя ішлі, ішлі, хлопцы — у куртках з балонні, дзяўчаты ў сініх, зялёных, чырвоных вязаных шапачках, і ўсё моладзь, моладзь...

Павел Іванавіч адышоў убок, стаяў, чакаў, калі пройдуць рабочыя. А потым ён падумаў, што пасля першай змены на работу заступіць другаяі, можа, ён усё-такі знойдзе каго з тых, што яму памогуць.

Ён стаяў, пакуль паток людзей не пачаў меншаць, пакуль з прахадной не пачалі ўжо выходзіць па адным, па два чалавекі, а пасля зноў узышоў на сцежку, якая вяла да завода...

Ён пазнаў гэту жанчыну, калі падышоў да яе зусім блізка. Спачатку падумаў: «Дзе я яе бачыў?» А потым успомніў, спыніўся, азірнуўся — тая, у зялёным паліто, была на судзе ў Зайчыка...

Жанчына, мусіць, не пазнала яго, бо прайшла паўз яго абыякава і цяпер спяшалася, грузна ставячы ногі ў чорных ботах, размахваючы рукамі.

Павел Іванавіч крута павярнуўся і пайшоў за жанчынаю, яшчэне ведаючы, як спыніць яе, як з ёю загаворыць, але разумеючы ўжо, што гэта жанчына ведае пра Зайчыка больш, чым хто, і яму пашанцавала, што ён яе ўбачыў.

Жанчына ў зялёным паліто спяшалася, не падазраючы, што нехта глядзіць ёй у спіну, ідзе за ёю следам, што некага яна цяпер вельмі цікавіць. Яна ўсё грузна, не па гадах цяжка ставіла ногі, і з-пад яе ботаў выляталі камячкі снегу. Тут было адкрытае месца, і дзьмуў моцны вецер, несучы з сабою калючы дробны снег, але жанчына як не чула ветру, снегу, ішла, не зважаючы на іх.

Павел Іванавіч усё бліжэй падыходзіў да яе, зайшоў крыху збоку і ўбачыў сіняватыя жылкі на яе шчоках, губы з рэшткаю губной памады.

— Прабачце, калі ласка,— крануў ён яе за локаць.

Жанчына як спалохалася, азірнулася, паглядзела на Паўла Іванавіча з недаўменнем, з хвілінку нешта як успамінала, потым, напэўна, успомніла, але твар яе не памякчэў.

Павел Іванавіч здагадаўся, што яна пазнала яго, пазнала ў ім чалавека з суда, і насцярожылася. Ён загаварыў з ёю мякка, стараючыся адагнаць гэту насцярожанасць.

— Мне хацелася б... Мне трэба з вамі пагаварыць... Вы не хвалюйцеся, я да вас нічога кепскага не маю, я так...

Жанчына слухала, нічога не адказваючы, толькі глядзела на яго з чаканнем.

— Вы былі на судзе, калі судзілі Зайчыка, Віктара Паўлавіча... Скажыце, калі ласка, хто вы яму будзеце? — спытаўся Павел Іванавіч.

Жанчына цяпер ужо крыху паспакайнела, можа, яе супакоіла далікатнасць Паўла Іванавіча, можа, адчула, што яму самому нечага няёмка.

— Я... гэта, цётка яму... Ён мне пляменнік,— адказала яна і кашлянула, прыкрыўшы далоняю губы.

— Цётка? — перапытаў Павел Іванавіч.— Разумееце, я хацеў бы з вамі пагаварыць... Мы, савецкі суд... Мы не толькі судзім чалавека, мы хочам дазнацца — чаму чалавек стаў на такую дарогу... Зайчык атрымаў сваё, атрымаў тое, што зарабіў, але мяне як засядацеля і проста як чалавека...

Паўлу Іванавічу самому зрабілася няёмка за такую напышчанасць, за тое, што ён, як добры дэмагог, святымі словамі прыкрывае сваё, маленькае. Але жанчына гэтага, мусіць, не адчула, яна глядзела ўжо на Паўла Іванавіча даверліва і са спагадаю.

Паўз іх праходзілі рабочыя, паглядалі на сваю работніцу і на саліднага чалавека з партфелем, якія стаялі пасярод дарогі, абыходзілі іх, часам азіраліся. 3 трэскам праехаў матацыкліст у жоўтай касцы, у ватовых штанах, за ім віліся клубы сіняга дыму, але вецер тут жа развейваў іх.