Выбрать главу

— Мне трэба з вамі пагаварыць,— яшчэ раз сказаў Павел Іванавіч і азірнуўся, быццам шукаючы месца, куды б тут можна было пайсці, каб захінуцца ад ветру і снегу, каб застацца ўдваіх, каб ніхто не перашкаджаў ім. Але справа было адкрытае поле, некалі перакапанае бульдозерамі, узрытае гусеніцамі кранаў, а злева — кар’ер. Дарога з завода вяла ў ціхую вуліцу, на ёй было лепш, чым тут, на адкрытым месцы, але хіба на вуліцы пагаворыш з чалавекам, ды яшчэ з незнаёмым?

— У вас тут блізка няма якой-небудзь кавярні ці рэстаранчыка? — спытаўся Павел Іванавіч,— мы б там пасядзелі ў цяпле, пагаварылі,— сказаў ён.

Жанчыну такая прапанова, здаецца, збянтэжыла, яна азірнулася, быццам шукаючы, дзе ж тут якая кавярня ці рэстаран, паціснула плячыма.

— Тут, блізка, няма, у мікрараёне ёсць, але далекавата,— сказала яна няпэўна.

Павел Іванавіч глянуў у бок мікрараёна, які прасціраўся за заводам. Ён не хацеў адступацца, не хацеў пакідаць жанчыну, вырашыў угаварыць яе пайсці ў мікрараён, але тая раптам сказала:

— Ды не, не трэба ў кавярню... Я ж з работы, так апранута,— глянула яна на свае ногі ў цяжкіх чорных ботах.— Калі ўжо так... То я жыву недалёка, адна жыву, вунь там,— паказала яна ў бок новых дамоў, што падступалі да драўлянай вуліцы.

Гэта было, мусіць, самае лепшае. Калі жанчына жыве адна...

— 0, то і добра,— адразу згадзіўся Павел Іванавіч.— Я вас доўга не затрымаю, вы ўжо прабачце мне, што я так...

Яны пайшлі — жанчына крышку наперадзе, Павел Іванавіч за ёю, адчуваючы і нялоўкасць, і хваляванне, яшчэ добра не ведаючы, як пачне з ёю гаварыць, каб выпытаць самае галоўнае, самае важнае для сябе.

— Мы тут у бараку жылі, а цяпер барак знеслі, дык нам кватэры падавалі,— загаварыла жанчына, азіраючыся на Паўла Іванавіча.— У бараку ведаеце як было — на керагазах есці варылі, ваду вёдрамі з калонак насілі, а цяпер усё ў хаце, дык мы не нарадуемся.

— Дзіва што, новая кватэра — гэта добра,— сказаў Павел Іванавіч, ледзьве паспяваючы за жанчынаю, якая ішла скора і часам азіраючыся на яго, быццам правяраючы, ці ідзе ён за ёю.

— Вунь наш дом,— паказала яна на высокі новы будынак, які выступаў адразу за старою вуліцаю.— Адсюль і балкон мой відаць, трэці з краю, на чацвёртым паверсе.

Жанчына яшчэ ўсё, мусіць, перажывала радасць наваселля і дзялілася гэтаю радасцю з усімі. Павел Іванавіч кінуў вокам на тыя балконы — на адным вісела бялізна, на другім да сцяны было прыхілена нешта вялікае — мусіць, спрунжынавы сяннік.

Вуліцай дайшлі яны да завулка, дзе стаяў гэты новы дом і будавалася яшчэ некалькі — кран узнімаў угору бэльку, гудзеў экскаватар. Зямля тут была раскопаная, толькі да новага дома вяла ачышчаная ад снегу роўная сцежка.

Па крутой вузкаватай лесвіцы яны падняліся на чацвёрты паверх, жанчына выняла з кішэні ключык, адамкнула дзверы. У невялічкім калідоры распранулася і засталася ў сіняй вязанай кофце, у чорнай спадніцы, валасы яе былі пастрыжаны да вуха і збоку зашпілены прыколкаю.

Яна запрасіла распрануцца і Паўла Іванавіча, і ён павесіў на вешалку сваё паліто, шапку, партфель паставіў у кутку на падлогу, зайшоў у пакой.

Кватэра была аднапакаёвая, чыстая, новая, пры сцяне стаяў нікеляваны ложак, засланы блакітнаю капаю, у кутку шафа з люстэркам у дзверцах, пасярэдзіне круглы стол, накрыты абрусам, звязаным з белых нітак.

У гэтай чыстай сціплай кватэры Павел Іванавіч адчуў сябе раптам як на шыле, не ведаў, куды ступіць, куды дзець рукі, нешта як муляла яму, зрабілася прыкра, што ён прыйшоў сюды вывіжоўваць, што яму тут прыйдзецца хлусіць.

Гаспадыня падставіла яму крэсла, запрашаючы сесці, і ён сеў каля стала, адчуваючы, як трымціць у яго ўсё ў сярэдзіне і як хочацца закурыць. Убачыў на падваконніку пачаты пачак «Беламору» і хоць ніколі не курыў папярос, курыў толькі цыгарэты, узрадаваўся.

— У вас папяросы, можна ўзяць? — спытаўся ў гаспадыні.

— Ага, можна, можна,— гаспадыня скоранька падала яму пачак, збегала на кухню і прынесла карабок запалак, замест попельніцы паставіла перад Паўлам Іванавічам сподак з жоўтым беражком.

Павел Іванавіч узяў папяросу, падаў пачак гаспадыні, каб і яна закурыла, але гаспадыня адмовілася.

— Не, я не куру, гэта забыўся тут адзін чалавек,— сказала яна і засаромелася, а Павел Іванавіч падумаў, што папяросы забыўся, мусіць, яе кавалер.

Гаспадыня таксама села за стол, спіною да шафы з люстэркам, і Павел Іванавіч бачыў у люстэрку яе патыліцу з пастрыжанымі валасамі, спіну, абцягненую сіняю кофтаю.