Выбрать главу

Павел Іванавіч ніяк не мог прывыкнуць да сваёй радасці, але ён ужо саўладаў з сабою і зноў слухаў Марусю, тым больш, што цяпер не баяўся яе слухаць, кожнае яе слова цяпер вяртала яму спакой і ўпэўненасць. Ён цяпер шчыра шкадаваў тую Валю, шкадаваў і таго хлопца, Зайчыка, каб мог, то быў бы рады яму памагчы. Ён успомніў ухмылачку Зайчыка, як той ухмыляўся ў судзе, што гэта было — ці бравада хулігана — мне, маўляў, нічога не страшна,— ці хвароба чалавека, які з дзяцінства атручаны алкаголем, якога з дзяцінства моцна білі. Дзе канчаецца адно, дзе пачынаецца другое, дзе хвароба, а дзе распушчанасць, што з чаго пачынаецца?

Шыбы пачалі сінець, кароткі зімовы дзень канчаўся. Маруся ўстала, запаліла святло, і Павел Іванавіч падумаў, што яму трэба паднімацца, ісці дахаты, што позна ўжо, на вуліцы сцямнела. Успомніў, што не папярэдзіў жонку, яна недзе чакае, не ведае, дзе ён дзеўся. Звычайна, калі ён дзе затрымліваўся, дык папярэджваў альбо званіў, але тут няма тэлефона.

А Маруся зноў села на сваё месца і зноў пачала расказваць. Яна, мусіць, была з тых жанчын, якія любяць пагаварыць, якіх, калі ўвойдуць у ахвоту, і спыніць цяжка. А можа проста ў яе набалела, накіпела, а паспавядацца няма перад кім, жывё адна. Яна расказвала то пра сястру, то пра Віцьку, то пра сябе — як Віцька ў школе кепска вучыўся, як Валя гаравала з ім, як выпіналася, каб накарміць і адзець дзяцей, бо той п’яніца ўсё прапіваў.

— Ну, а таго, Віцькавага бацьку, не шукалі? — спытаў Павел Іванавіч ужо хутчэй для таго, каб падтрымаць размову, каб паказаць Марусі, што ён слухае.— Аліменты трэба было спагнаць.

Маруся памаўчала, гледзячы ўбок, на засланы блакітнаю капаю ложак, паціснула плячыма.

— Што ж тут шукаць... Калі чалавек уцякае, то начорта яго шукаць. Ды яны з Валяю былі не запісаныя, калі дзіцяці прозвішча давалі, то Валя сведкаў брала, пацвердзілі суседзі, што Зайчык жыў у яе і ўцёк, паехаў. А калі б яго шукаць, то не столькі тых аліментаў было б, як валакіты. Я вам скажу, час быў такі, пасля вайны, мужчын пабіла, баб многа засталося, дзевак нарасло, усім замуж хацелася, каторьш дзеўкі і самі на шыю вешаліся, адбівалі мужыкоў. Хаця, як паглядзіш, дык і цяпер свет не лепшы, жэняцца, разводзяцца, мужчыны многа п’юць. I ў мяне ёсць адзін, сватаецца, але я баюся звязвацца, бо выпівае.

Павел Іванавіч падумаў, што, мусіць, гэты чалавек і пакінуў тут пачак «Беламору», які ляжаў цяпер на стале, а змяты акурак — у сподку з жоўтым беражком.

Трэба было ўставаць, ісці дахаты. Што сказаць гэтай жанчыне на развітаыне, чым закончыць размову? Падзякаваць за тое, што расказала, папрасіць прабачэння за тое, што адабраў у яе столькі часу? Яна ж з работы, недзе галодная, Павел Іванавіч сёння таксама не абедаў і раптам адчуў, што ён моцна хоча есці.

Дачакаўшыся, калі Маруся прыпынілася ў сваім расказе, ён устаў. I Маруся паднялася з крэсла, уздыхнула. Здаецца, ёй было нават шкода, што гэты салідны чалавек зараз пойдзе ўжо.

— Дык я падумаю, можа што ўдасца зрабіць для вашага пляменніка,— сказаў ён.

Маруся згодна кіўнула галавою.

— Дзякуй вам, дзякуй, яно б, канечне, добра... Каб сястра ведала, у труне перавярнулася б.

Яна пайшла ў калідорчык, зняла з вешалкі паліто Паўла Іванавіча, падала яму. А той апранаўся і адводзіў ад Марусі вочы, бо ведаў, што нічога не зможа зрабіць, што Зайчык будзе адбываць пакаранне і дай бог, каб калонія пайшла яму на карысць.

Маруся ўскінула на галаву хустку, апранула паліто — сабралася праводзіць Паўла Іванавіча.

— Не трэба, Маруся, заставайцеся дома, я і так вас натаміў сваім візітам,— угаворваў яе Павел Іванавіч, але Маруся не згадзілася.

— У нас на лесвіцы лямпачка не гарыць, ды і каля дому дарогу яшчэ трэба ведаць, я правяду вас, хоць да вуліцы,— сказала яна.

На лесвіцы сапраўды было цёмна, і Маруся пайшла наперад.

— Дайце руку,— сказала яна Паўлу Іванавічу, у нас лесвіца крутая, яшчэ спатыкнецеся.

Павел Іванавіч падаў руку, і Маруся ўзяла яе. Рука ў Марусі была цёплая і крыху шурпатая, яна моцна трымала Паўла Іванавіча і вяла яго за сабой, як сляпога.

На вуліцы было светла ад снегу, ды ён і яшчэ ўсё сыпаўся — кволы, дробны. Наперадзе гарэў агнямі горад, і адтуль чуўся гул машын, зарыпеў, мусіць, робячы кальцо, трамвай. Справа, там дзе ішло будаўніцтва, гарэў яркі пражэктар, сняжынкі круціліся каля яго, і здавалася, што яны не сыплюцна ўніз, а ляцяць угору. На сцяне, складзенай з цэглы, працавалі рабочыя, бліскала электразварка.