Выбрать главу

Маруся выпусціла руку Паўла Іванавіча, пайшла наперад яго па сцежцы, вакол якой ляжаў яшчэ будаўнічы друз.

— Гэта ў нас цяпер непарадак,— сказала яна,— а як скончаць тыя дамы, дык усюды асфальт пакладуць, сквераў насадзяць, ліхтары паставяць, не горш будзе, як у цэнтры.

— Да, раён тут харошы,— згадзіўся Павел Іванавіч.— Ціха ў вас, і паветра чыстае, не тое што ў цэнтры, дзе столькі машын.

— Жыць бы цяпер ды жыць,— азірнулася Маруся на Паўла Іванавіча.— I хлеб у людзей ёсць, і да хлеба, і кватэр ужо столькі набудавалі, ды вось людзі самі псуюць сабе жыццё. У адных розуму не хапае, у другіх совясці.

Яны падышлі ўжо да драўлянай вуліцы, якая была падобна на вясковую, недзе нават, як у вёсцы, забрахаў сабака.

— Што ж, дзякуй вам, дарагая Маруся,— спыніўся Павел Іванавіч і падаў руку на развітанне.— Дзякуй за ўсё, што вы мне расказалі, я вам вельмі ўдзячны.

Маруся моцна, па-мужчынску адказала на поціск, потым схавала рукі ў кішэні паліто.

— Няма за што дзякаваць,— сказала яна.— Гэта вам дзякуй. Калі ўжо што зможаце,— пачала яна голасам просьбы, потым нечакана ўскінула на Паўла Іванавіча вочы, твар яе пацвярдзеў.— А можа... Можа і не трэба нічога рабіць... Няхай пасядзіць, можа, розуму набярэцца, няхай ведае, што калі напаскудзіў, то і адплаціць за гэта трэба. Можа на карысць яму пойдзе тая калонія, піць адвыкне.

За час, што хадзіў у засядацелях, Павел Іванавіч шмат чаго наглядзеўся, не раз бачыў, як бацькі, сваякі са скуры вылузваліся, каб абяліць сваё дзіця, каб выгарадзіць ад пакарання. Сын адной дамы ўдарыў нажом чалавека, дык тая дама зусім сур’ёзна даказвала, што гэта пацярпеўшы сам сябе ўдарыў.

Павел Іванавіч паціснуў Марусі руку вышэй локця, сказаў:

— Не ведаю я... сам не ведаю, як лепей. А вам... Вам я жадаю ўсяго найлепшага. Каб шчасліва жылі вы ў вашай новай кватэры, каб чалавек, што да вас сватаецца, кінуў выпіваць.

Маруся засмяялася.

— Каб вашы словы ды богу ў вушы.

— Ну, бывайце здаровы,— яшчэ раз развітаўся з ёю Павел Іванавіч.

I пайшоў, пайшоў хутчэй да трамвая, які, чуваць было, недалёка грукаў па рэйках.

3 трамвая ён перасеў у тралейбус, выйшаў з тралейбуса на сваім прыпынку. У пад’ездзе па прывычцы адчыніў паштовую скрынку — яна была пустая, мусіць, жонка ці дачка забралі пошту. Лёгка падняўся на свой чацвёрты паверх, адчыніў сваім ключом дзверы.

Дачка іграла на піяніна, жонка сядзела на канапе, падсунуўшы блізка да сябе таршэр, чытала англійскі часопіс.

— Дзе ты ходзіш, дзе ты прападаеш? — напусцілася яна на Паўла Іванавіча, як толькі ён увайшоў у пакой.— Чакаем, чакаем, вячэраць без яго не садзімся.

— У інстытуце быў, заняткі праводзіў. Семінар,— адказаў ён.

— Дык не мог пазваніць? I што гэта за заняткі такія вечарам, табе заўсёды больш чым каму трэба. Ірачка! — паклікала яна дачку.— Вячэраць!

Жонка бурчэла, але ён не звяртаў на гэта ўвагі — жонка бурчэла, шкадуючы яго.

Ён еў доўга і шмат, ніяк не могучы ўталіць голад, ніяк не могучы наесціся. Жонцы гэта падабалася, і яна падкладала і падкладала яму ў талерку. Сама жавала і дасказвала пра свае школьныя навіны, успамінала, як прайшоў дзень яе нараджэння.

— Па-мойму, някепска ўсё было, весела, толькі Міцька прывалок гэтага барадатага.

— А па-мойму, ён сімпатычны,— сказала дачка, беручы са сподачка пячэнне.

— Сімпатычны,— перакрывіла жонка.— Там за барадою і не відаць, сімпатычны ці не сімпатычны, і наогул табе яшчэ рана прыглядацца да мужчын.

— П-ф,— фыркнула дачка.— У нас у класе ўсе дзевачкі дружаць.

Жонка глянула на Паўла Іванавіча, сашчапіла рукі і паківала галавою. Гэта значыла — вось, паглядзі, якія там дзевачкі, які цяпер свет пайшоў.

Пасля вячэры ён сказаў жонцы, што хоча прыняць ванну. Яна прынесла яму чыстую бялізну, вялікі махровы ручнік.

Ён шараваў мачалкаю сваё гладкае белае цела, якое пачало ўжо аплываць тлушчам, і яму здавалася, што ён змывае, счышчае бруд не толькі са скуры, але і з душы, што яму лягчэе, робіцца вальней. Ён доўга паласкаў рот, здавалася, яшчэ ўсё адчуваў пах папяросы, якую сёння выкурыў, потым стаяў пад душам, зганяў рукамі ваду з цела, цёр далонямі твар. У ваннай набралася пары, зусім запацела люстэрка, што вісела над умывальнікам.

Потым ён доўга расціраў цела махровым ручніком. Апрануўся, прычасаў вільготныя валасы, з жалем заўважаючы, што іх стала апошнім часам менш, асабліва спераду, пабольшалі, палезлі ўгору залысіны.

Свежы, быццам толькі што на свет нарадзіўся, ён увайшоў у залю, узяў сённяшнія газеты, якія ляжалі на нізкім століку, сеў у сваё крэсла.