Выбрать главу

Адвакат прасіла суд звярнуць увагу на тое, што грамадзянін Зайчык судзіцца ўпершыню, пераконвала суд, што калі не цяпер, то пазней падсудны зразумее, які ганебны быў гэты яго ўчынак, і прасіла зменшыць тэрмін пакарання.

Павел Іванавіч сядзеў за судзейскім сталом на ўзвышэнні, у крэсле з высокаю спінкаю, з правага боку ад суддзі. 3 залі на яго глядзелі проста апранутыя людзі, сцішаныя, поўныя ўвагі да таго, што тут адбываецца, поўныя павагі да людзей, якія тварылі суд,— служылі праўдзе, дабру.

Сярод тых, што сядзелі ў залі, была маладая жанчына ў шэрай хустцы і зялёным зімовым паліто. На каленях у яе стаяла вялікая чорная сумка, такая, з якою гаспадыні ходзяць па магазінах. Жанчына сядзела ззаду за падсудным, крыху збоку, і ўсё паглядала на яго голую шыю, на стрыжаную галаву. Часам яна вымала са сваёй сумкі насоўку, выцірала вочы, паціху смаркалася ў яе і зноў клала насоўку ў сумку. «Хто яна падсуднаму? — падумаў Павел Іванавіч.— Сястра? Жонка? Проста знаёмая?»

Суддзя аб’явіла, што суд пакідае залю для вынясення прыгавору. Усе ўсталі, і падсудны ўстаў, зноў быццам нехаця, бокам, хаваючы рукі за спіну.

*

Зайчыку Віктару Паўлавічу прысудзілі чатыры гады пазбаўлення волі з адбываннем тэрміну ў калоніі строгага рэжыму. Павел Іванавіч прасіў суддзю зменшыць пакаранне, ён не ведаў, што сказаць, каб учынак Зэйчыка выглядаў не такім злачынным, хацеў знайсці нейкія прычыны, якія зменшылі б віну падсуднага, але не мог знайсці такіх прычын, не мог нічога сказаць, што хоць крышку абяліла б гэтага чалавека.

— У вас, Павел Іванавіч, добрае сэрца, вы шкадуеце нават зладзеяў, а шкадаваць іх няварта,— сказала суддзя.

Яе падтрымаў і пажылы засядацель.

— Нам трэба яшчэ больш змагацца са зладзеямі, з хуліганамі,— сказаў ён.— Камунізм будуем, а з такімі людзьмі як будаваць...

Прыгавор суда зала слухала стоячы.

Зайчык стаяў асобна, адгароджаны ад усіх драўляным бар’ерам, рукі закладзены за спіну, паліто расшпілена, і былі відаць зялёная куртка з замком-маланкаю, рудыя штаны з торбамі на каленях.

Ён больш не ўхмыляўся, твар яго, здаецца, нават крыху пабялеў. А жанчына ў шэрай хустцы і ў зялёным паліто заплакала зноў, палезла ў сваю сумку шукаць насоўку.

Калі суддзя з засядацелямі вярнуліся ў кабінет, у дзверы ціха пастукалі, і гэта самая жанчына нясмела адчыніла дзверы.

— Можна? — спыталася яна.

— Заходзьце,— адказала суддзя. Яна ўжо сядзела за сваім сталом, перабірала паперы і толькі краем вока глянула на жанчыну. Тая ўвайшла і стала каля дзвярэй, трымаючы дзвюма рукамі перад сабою сваю сумку.

— Што ў вас да мяне? — спыталася суддзя ў жанчыны.

Жанчына зрабіла крок да стала і спынілася.

— Я... Я прасіла б вас... Мне каб пагаварыць, пагаварыць толькі...

— 3 падсудным? — адразу здагадалася суддзя, з кім хоча пагаварыць жанчына.

— Ага,— кіўнула тая галавою. Вочы ў яе былі заплаканыя, нос крыху пачырванеў, на шчоках сінелі дробныя жылкі.

Суддзя памаўчала, перакладаючы папкі з аднаго боку стала на другі, потым сказала:

— Ідзіце... Скажыце, што я дазволіла...

Твар у жанчыны адразу памякчэў, і яна, нават забыўшыся падзякаваць, скоранька пайшла за дзверы.

Павел Іванавіч зноў падумаў — кім даводзіцца гэта жанчына Зайчыку? Каб спыніць яе, пагаварыць, яна б сказала, хто такі гэты Зайчык, хто яго бацька, матка...

Зрэшты, ён мог бы, як і гэта жанчына, папрасіць у суддзі дазволу пагаварыць з падсудным, высветліць усё ў таго, яму б суддзя таксама дазволіла, але трэба было б нешта выдумляць, чаму ён хоча пагаварыць з гэтым Зайчыкам. А што мог прыдумаць Павел Іванавіч? Яшчэ суддзя западозрыць што-небудзь. I Павел Іванавіч не пайшоў за жанчынаю, каб пагаварыць з ёю, не папрасіў і суддзю, каб дазволіла пабачыцца з падсудным.

Увайшла сакратарка, несучы ў руцэ тоненькую папку ў ружовай вокладцы, паклала папку суддзі на стол. Суддзя пагартала паперы, сабраныя ў папцы.

— Гэтым пашліце павесткі,— сказала яна сакратарцы.— Пашліце...— яна пачала гартаць каляндар, які стаяў у яе на стале на драўлянай падстаўцы. Лісткі ў календары ўсе былі спісаныя ўдоўж і ўпоперак і чарнілам, і алоўкам.— Пашліце на дваццаць пятае,— сказала суддзя і, памеціўшы сабе ў календары, аддала папку сакратарцы.

— А наступную справу цяпер будзем слухаць ці пасля перапынку? — спыталася сакратарка.

— Зараз зробім перапынак,— адказала суддзя.— Пасля абеду будзем слухаць наступную справу, у нас там скасаванне шлюбу? — спыталася яна.

— Ага,— адказала сакратарка.

А Павел Іванавіч раптам падумаў: што зрабіла б яго жонка, каб даведалася пра ўсю яго гісторыю? Можа, таксама падала б на развод і яму прыйшлося б стаяць у гэтай залі, даваць тлумачэнні. Якімі вачыма глядзела б на яго суддзя, цяпер такая з ім ветлівая, як глядзела б на яго гэта маладзенькая дзяўчына-сакратарка?