Выбрать главу

Павел Іванавіч падняў вочы. Па калідоры, спяшаючыся, ішла суддзя і крышку вінавата ўсміхалася. Пад пахаю яна несла пакунак, загорнуты ў паперу з пячаткамі ўнівермага.

У зімовым паліто і капялюшыку, з гэтым пакункам пад пахаю, яна мела не такі афіцыйны выгляд, як у сваім чорным касцюме і ў белай блузцы, за судзейскім сталом. Цяпер яна была як звычайная жанчына, у якой шмат клопату не толькі тут, на рабоце, але і дома, у сям’і.

— Трошкі затрымалася,— сказала яна, быццам апраўдваючыся перад Паўлам Іванавічам.— Але пакуль, здаецца, людзей няма. Гэта вы ў мяне малайчына, дысцыплінаваны, раней за ўсіх прыйшлі.

Яна пачала пляскатым ключыкам адмыкаць дзверы кабінета.

*

Вяртаўся дадому ён стомлены, цяжка ўзнімаўся на свой чацвёрты паверх, лесвіца здалася як ніколі доўгаю і крутою. Распранаючыся ў калідоры, пачуў галасы жонкі і дачкі, якія даносіліся са спальні.

Дзверы у спальні адчыніліся, і паказаўся твар дачкі — дачка была ажыўленая, валасы раскіданыя, падаюць на плечы, як у русалкі. Яна скора зноў зачыніла дзверы, сказала мацеры прыглушана, як таямніцу:

— Бацька прыйшоў...

Павел Іванавіч пайшоў у ванную, доўга мыў рукі, твар, яму хацелася даўжэй забавіцца ў ваннай, пабыць яшчэ хоць крышку аднаму, каб нічога не гаварыць, не адказваць ні на якія пытанні жонкі, дачкі.

— Бацька! — гукнула яго дачка.

Ён выціраў рукі, твар, цёр іх, хоць яны былі ўжо сухія.

— Бацька, хадзі сюды,— зноў паклікала дачка.

Трэба было ісці, і ён пайшоў у спальню, дзверы ў якую былі ўжо адчыненыя і адкуль лілося ў калідор святло.

Ён зайшоў у спальню, палову якой займалі два драўляныя ложкі, засланыя аднолькавымі пакрываламі і раздзеленыя невялікаю паліраванаю тумбачкаю. Пры сцяне грувасціліся дзве вялікія шафы, а ў кутку месцілася люстэрка-трумо.

Жонка стаяла каля люстэрка, а дачка сядзела на ложку, абедзве глядзелі на Паўла Іванавіча, затаіўшы некую цікавасць, быццам нечага ад яго чакаючы.

Ён не адразу зразумеў, чаго яны ад яго чакаюць, і толькі калі твар жонкі пачаў мяняцца, калі на яго пачаў наплываць такі знаёмы яму выраз крыўды, здагадаўся.

На жонцы была новая сукенка, пашытая з бліскучай матэрыі, сукенка. была ні то сіняя, ні то ружовая, электрычнае святло пералівалася на ёй і хавала, мяняла колер. Худая жончына шыя была адкрытая, рукі голыя.

— А-а, новая сукенка,— сказаў ён.

— Мамачка,— засмяялася дачка,— бацька, здаецца, не адразу і заўважыў, што на табе новая сукенка, ці варта для гэтых мужчын апранацца, яны ж усё роўна нічога не бачаць.— Яна ўзлезла на ложак з нагамі, абхапіла калені рукамі, закінула назад галаву са сваімі распушчанымі валасамі і зноў засмяялася.

Твар жонкі зрабіўся абыякавы, відаць было, што жонка напускае на сябе абыякавасць.

— Нічога, не ўсе мужчыны такія,— адказала яна.— Некаторыя і заўважаюць...

Яна сказала гэта з падтэкстам, намякаючы, быццам нехта ёсць, не абыякавы і да яе. Апошнім часам яна давала мужу такія намёкі, але ён ведаў, што ў жонкі, канечне, нікога няма, яна проста хоча набіць сабе цану, выклікаць у мужа рэўнасць, каб ён сам больш звяртаў на яе ўвагу.

— Правільна, мамачка, калі тата не будзе звяртаць увагі на твае сукенкі, завядзі сабе ўхажора... Навошта ж і сукенкі шыць, калі іх ніхто не ацэніць.

— I завяду,— хаваючы за жартам крыўду, адказала жонка. Яна павярнулася да люстэрка, у якім адбівалася ўся яе постаць, агледзела сябе з ног да галавы, мусіць, сама сабе спадабалася, бо зноў сказала: — I завяду.

Паўлу Іванавічу была непрыемная гэта размова, ён хацеў папракнуць жонку, сказаць ёй: «Як ты выхоўваеш дачку, а яшчэ педагог, настаўніца»,— яму наогул не падабаліся вольныя размовы жонкі ў прысутнасці дачкі, але яму не хацелася спрачацца, і ён сказаў крыху збянтэжана:

— Не разумею, чым я вас пакрыўдзіў... Я адразу ўбачыў, што ў мамы новая сукенка... Прыгожая сукенка, яна табе да твару,— сказаў ён жонцы.

— Праўда, да твару? — памякчэла жонка, яе вочы пацяплелі, яна зноў павярнулася да мужа, каб ён як след агледзеў яе абнову.

— Прыгожая, праўда? — ні то пыталася, ні то сцвярджала яна.

— Ага, прыгожая.

— Гэта цяпер вельмі модны матэрыял, я сама сабе падарунак зрабіла, на дзень свайго нараджэння,— адпусціўшыся, загаварыла жонка.

— Ага, добра, прыгожа,— паўтарыў Павел Іванавіч.

Жонка пачала прымяраць да сукенкі пацеркі, прыклала да шыі, трымаючы ззаду рукамі, круглыя, чырвоныя, з празрыстых шарыкаў, паглядзелася ў люстэрка, павярнулася бокам і яшчэ раз паглядзелася, паклала пацеркі на драўляную тумбачку, узяла другія, жоўтыя, з бурштыну.

— Ідзі пераапраніся,— не азіраючыся на мужа, сказала яму,— і я зараз прыйду, пакармлю цябе.