Выбрать главу

За сталом Павел Іванавіч калупаўся відэльцам у белай з сінім беражком талерцы, на якую жонка паклала кавалак смажанай рыбы і тры свежа звараныя бульбіны, еў неахвотна. Жонка, ужо ў паркалёвай сукенцы і ў фартушку, бразгала на пліце сваімі каструлямі, чайнікам і гаварыла:

— Трэба нам з табою яшчэ раз перабраць наш спісачак, сёння я ўспомніла, што мы не запрасілі Хадасевічаў, ужо два чалавекі туды ці сюды, але трэба і іх запрасіць, бо пакрыўдзяцца.

Жонка даўно варажыла над спісачкам — каго запрасіць на свой дзень нараджэння. Прозвішчы людзей яна запісвала на лістку старой нотнай паперы, якую ўзяла ў дачкі, прозвішчы дапісваліся і выкрэсліваліся, і Павел Іванавіч жартаваў, што жонка стварае сваю сімфонію, што дзень нараджэння ў яе будзе разыграны, як па нотах.

Было некалькі пар, якіх яны запрашалі заўсёды — дэкана і намесніка дэкана з жонкамі, адну старшую выкладчыцу са сваім мужам — гэта па лініі Паўла Іванавіча, з інстытута. Людміла Макараўна заўсёды запрашала дырэктара сваёй школы і завуча, таксама з жонкамі. Іншыя госці мяняліся, запрашалі тых, хто ў гэты час быў бліжэй да сям’і — настаўніцу музыкі, якая вучыла дачку, даўнюю прыяцельку з мужам-паэтам, пляменніка-мастака. 3 такімі гасцямі, лічыла жонка, застолле робіцца цікавае, можна пагаварыць і пра музыку, і пра мастацтва, а калі ў паэта будзе настрой, дык і вершы пачытае.

Павел Іванавіч не ўмешваўся ў гэту жончыну «сімфонію», ён любіў пасядзець за прыгожа накрытым сталом, выпіць чарку, пагаварыць з разумнымі людзьмі і быў удзячны жонцы, што яна ўмее ўсё зрабіць, як трэба, умее здзівіць гасцей сваім кулінарным умельствам, сабраць прыемную кампанію.

Але сёння ён глянуў на ўсё гэта як бы вачыма старонняга чалавека, вачыма таго ж Хадасевіча, якога жонка забылася ўключыць у свой спісачак.

Хадасевіч быў яго даўні знаёмы, яны некалі разам вучыліся ў аспірантуры і нават сябравалі, але Павел Іванавіч абараніў дысертацыю і цяпер чытае лекцыі ў інстытуце, а Хадасевіч не абараніў і вось ужо некалькі гадоў працуе ў выдавецтве звычайным рэдактарам. Хто яго ведае, чаму Хадасевіч не абараніў дысертацыі, у інстытуце ж вучыўся на выдатна, меў павышаную стыпендыю, і студэнты, і выкладчыкі прарочылі яму вялікую будучыню, прарочылі, што з яго выйдзе добры вучоны, а гэты «вучоны» нават кандыдацкай дысертацыі не абараніў і жыве цяпер куды больш сціпла, як тыя, што ў інстытуце ледзь перапаўзалі з курса на курс.

Праўда, вінаваты тут быў і нораў Хадасевіча, гэты хлопец ніколі не ўмеў лавіраваць, заўсёды ішоў напралом, не ведаў, як гэта кажуць, дзе трэба лізнуць, а дзе гаўкнуць, лізаць то ён наогул, здаецца, нікога не лізаў, а гаўкаў часта, ды не на таго, на каго трэба.

Як бы там ні было, дысертацыю Хадасевіча на вучоным савеце забракавалі, на абарону не паставілі, тэрмін аспірантуры скончыўся, і яму прыйшлося шукаць работы. Каб ён пайшоў да дырэктара інстытута ды хораша папрасіў, каб яго пакінулі ў інстытуце, то, можа, дырэктар і згадзіўся б, і пакінуў бы, а там, памаленьку, ён давёў бы да ладу дысертацыю і абараніўся б, так шмат хто рабіў, але Хадасевіч да дырэктара не пайшоў, не захацеў нікому пакланіцца, а ўладзіўся працаваць рэдактарам у выдавецтве і там, кажуць, часта бунтуе.

Павел Іванавіч лічыў Хадасевіча няўдачнікам і, як да ўсякага няўдачніка, адчуваў да яго крышку пагарды, крышку спачування, аднак адносін з ім не парываў. Глыбока ў душы жыла ў ім быццам і павага да Хадасевіча, які, здавалася яму, пагарджае тым, чым вельмі даражыць ён, Павел Іванавіч. У душы ён мусіў сабе прызнацца, што спалохаўся сённяшняга суда, спалохаўся Зайчыка не толькі таму, што ўся гэта гісторыя клалася чорнаю плямаю на яго сумленне, але і таму, што гэта гісторыя, калі б пра яе даведаліся, магла выбіць яго з ладу прывычнага жыцця, пазбавіць таго, што з такою цяжкасцю набывалася і чым ён так даражыў — службаю, аўтарытэтам і, урэшце, дабрабытам, дастаткам. I цяпер, калі жонка ўспомніла Хадасевіча, ён упершыню таму пазайздросціў, пазайздросціў яго прынцыповасці, яго сіле і цвёрдасці. I яшчэ ён падумаў, што ўвесь гэты час не толькі ён, Павел Іванавіч, мог паціху пагарджаць Хадасевічам, але і той мог пагарджаць Паўлам Іванавічам. Хадасевіч разумны, ён не мог не бачыць гэтых днёў нараджэння, распісаных, як па нотах, калі запрашаюцца ў асноўным патрэбныя людзі, і, напэўна, ён часта ў сваім, быццам няўдачлівым, жыцці адчуваў сябе больш упэўнена і незалежна, чым Павел Іванавіч са сваімі ўдачамі і поспехам.

I наогул гэты дзень нараджэння, якому сёлета жонка аддавала так шмат увагі, здаўся Паўлу Іванавічу непатрэбным. Ці такая вялікая радасць, што табе прыбавіўся яшчэ адзін год, асабліва жонцы, якая гэтых гадоў баіцца, як чорт ладану? I ў адказ на жончыну турботу, што трэба яшчэ раз перагледзець спісачак, каго запрашаць на дзень нараджэння, ён адказаў хмура: