Выбрать главу

— Запрашай, каго хочаш, твой дзень нараджэння.

Жонка паглядзела на яго здзіўлена, спыталася:

— У цябе непрыемнасці на рабоце?

Павел Іванавіч паклаў на стол відэлец, адсунуў талерку з недаедзенай вячэрай.

— Няма ніякіх непрыемнасцяў. Проста нага нешта разбалелася,— пацёр ён далоняй калена.

У Паўла Іванавіча была прастрэлена нага — паранілі ў час вайны ў партызанах. Часам, на кепскую пагоду, старая рана пачынала ныць. Ці балела нага сёння — Павел Іванавіч і не ведае, здаецца, не, але трэба было неяк растлумачыць жонцы кепскі настрой, і ён спаслаўся на нагу. Але як толькі сказаў, што нага забалела, пачуў, быццам яна і сапраўды ные, вярэдзіць калена.

Жонка загаварыла са спачуваннем:

— То вячэрай і ляж, паляжы, я натру табе нагу.

Павел Іванавіч ужо сам прыслухоўваўся — баліць нага ці не. Хвілінамі здавалася, што баліць, а потым болю не чулася.

— Не, не трэба націраць,— сказаў ён жонцы.— Само пройдзе.

Пасля вячэры, крыху накульгваючы, ён пайшоў у залю, узяў са століка свежыя газеты, пакіраваўся з імі ў спальню, лёг на свой ложак, запаліў лямпу, што стаяла на тумбачцы паміж ложкаў. Ён гартаў газеты, прабягаў вачыма загалоўкі, але не разумеў нават загалоўкаў. Перашкаджала музыка дачкі, якая сёння зноў іграла ў сваім пакоі. Вельмі захацелася закурыць, але ён ужо тры гады як кінуў курыць, ганарыўся сваёю вытрымкаю, у хаце не было цыгарэт, ды і наогул, каб ён закурыў, жонка спалохалася б, што ў яго нешта здарылася, пачала б пытацца. А пра тое, што здарылася, ён не мог расказаць нікому, трэба было самому ўсё перажыць, самому ўсё абдумаць і, калі можна, прыдумаць нешта такое, каб і самога не выдаць, і дапамагчы таму чалавеку, Зайчыку.

Ён глянуў на будзільнік — было толькі восем гадзін вечара, спаць так рана ён не клаўся, працаваць у такім настроі таксама не мог — а ён пачаў пісаць доктарскую дысертацыю,— і ён ляжаў, глядзеў у столь, думаў.

У спальню ўвайшла жонка — ужо без фартуха, праходзячы міма люстэрка, паглядзелася на сябе, паправіла валасы, падышла да ложка, на якім ляжаў муж, прысела каля яго.

— Ну, як твая нага? — спыталася са спачуваннем.— Можа ўсётакі натру? — яна паклала мяккую, яшчэ вільготную ад вады, далонь яму на шчаку. Рука ў жонкі была мяккая і голас добры, Паўлу Іванавічу раптам захацелася ёй усё расказаць і папрасіць парады, што яму рабіць. Ён паглядзеў жонцы ў твар. Усё на гэтым твары было яму вельмі знаёмае — і зеленаватыя вочы, і зморшчынкі каля іх, і крыху пукаты лоб з пасмачкаю пафарбаваных валасоў, тонкія, без памады губы, сухаватыя і бледныя. Здаецца, усё на гэтым твары было знаёмае і сваё, але недзе глыбока ў вачах у жонкі жыло і другое — халоднае і жорсткае. Павел Іванавіч ведаў гэта, яно выплывала і надоўга заставалася ў жончыных вачах, калі яны спрачаліся, і жонка рабілася як чужая. Ён тады думаў пра жонку — калі ты за дробязь можаш так злавацца, можаш днямі не гаварыць, можаш рабіцца такая чужая, то што было б, каб я правініўся перад табою па-сапраўднаму і ты даведалася б?..

І ён адвёў вочы ад жончынага твару, сказаў:

— Не, не трэба націраць, само пройдзе.

— Ну, глядзі,— зняла жонка руку з яго лба.

2

Яго быццам штурхнуў хто, і ён расплюшчыў вочы, прачнуўся.

Стаяла глыбокая ноч, яшчэ не пайшлі па вуліцах машыны, у доме насупраць свяцілася толькі адно акно. Павел Іванавіч перавярнуўся на другі бок, заплюшчыў вочы, каб зноў заснуць, ляжаў ціха, стараючыся ні пра што не думаць, прымушаючы сябе — спаць, спаць,— але перад вачыма ўсплыла стрыжаная галава Зайчыка, ён убачыў яго ўхмылачку і скалануўся. Зразумеў, што зноў не засне, зноў прамучыцца ўсю ноч да раніцы, а ўдзень будзе хадзіць, як п’яны, як хворы.

Каторую ноч прачынаецца ён гадзіны ў тры і не спіць — думае, успамінае,

Успамінае той гарадок у Беларусі, дзе ён апынуўся пасля расфарміравання партызанскага атрада. Гарадок быў зялёны, чысты, амаль цэлы, з брукаванымі вуліцамі і тратуарамі, зробленымі з каменных плітак, са скверыкам у цэнтры, з чырвоным касцёлам, абгароджаным узорыстаю агароджаю, з двухпавярховым будынкам школы, дзе пры паляках была гімназія.

Яму далі пакойчык метраў на дзесяць у драўляным доміку на ўскраіне мястэчка, цяпер ён ужо не помніць, дзе ўзяў ложак, стол і крэсла, адкуль у яго з’явіліся падушка і коўдра.

Сам ён быў тады яшчэ не Павел Іванавіч, а проста Павел, ці Паўлуша, худы, высокі дваццацідвухгадовы хлопец, хоць і абстраляны, але яшчэ дурны, наіўны.