Выбрать главу

— Знаеш, у эвангельлі сказана: не забі. Думаеш, чаму сказана — што, ворага шкада? Цябе, дурня, шкада. Таго, хто забівае. Куля яна ж забівае двух — аднаго прама, а другога рыкашэтам, пагадзя. Во ў чым загвоздка. Я ўжо нагледзеўся. Вунь у Менску аднаму жонка ізьмяніла. Гарачы быў, малады, ну і ўкокаў яе. Дарэчы, разам зь яе палюбоўнікам. І ўсё так тонка зрабіў, што не раскрылі: маўляў, пайшлі й зьніклі, я скуль ведаю? І што ж, думаеш, яму стала лягчэй? Высах, схуднеў, рак падключыўся. У кладоўцы павесіўся мужык. Без суда і сьледзтва.

— Ну вядома, — сказаў салдат. — «Праступленьне і наказаньне» Дастаеўскага…

— Дастаеўскі што! Дастаеўскаму таго й ня сьнілася, што ў нас робіцца. Сын бацьку забівае. Бацька дачку малалетнюю гвалціць. А ты — Дастаеўскі…

— Дык што ж тады гэтым злыдням? Рабі, што хочаш? Яны ж усё могуць.

— Яны могуць, ага. Але іхным спосабам супраць іх нельга. Нельга, нельга. Нізашто нельга!

— А якім жа тады спосабам?

— А супраць іх спосабаў няма, — глыбакадумна зазначыў бамж.

— Няўжо?

— Яны самі сябе павінны прыкончыць. Рана ці позна. Як павукі ў банцы. Калі ў банку да іх кінуць, напрыклад, шаршня, яны ўсе наваляцца на яго і заб'юць у момант. А калі іх там не чапаць — самі сябе пажруць. Бо нікога ня жраць яны ня могуць. Гэта точна, навукай даказана, — сказаў бамж і, мабыць задаволены сваім адказам, хітравата засьмяяўся.

Салдат маўчаў, задуменна калупаючы дубчыкам у пяску.

— Забойства — падвойная бяда. Нават калі й ня зловяць, не засудзяць. Цябе ж, мабыць, лавілі?

— Ня ведаю, — паціснуў плячыма салдат. — Можа, і цяпер ловяць.

— Тады табе нельга адсюль патыкацца. Сядзі. Тут яшчэ, можа, як пераседзіш.

— Чаго ж я тут дасяджуся? — нэрвова папытаўся салдат.

— А знаеш, усё можа быць. Уласьць зьменіцца — у нас жа таксама яна мяняецца. Ну, калі там памрэ хто. Ці амністыя. Ці дзе новы рэактар выбухне, — бамж зноў засьмяяўся.

— А радыяцыя? — узьняў галаву салдат.

— Во я й кажу: калі раней радыяцыя ня скруціць. Яна — паскудная сука, падбіраецца на каціных лапках, а хапае, як тыгра.

— Скуль вы ведаеце?

— Ведаю, — няпэўна адказаў бамж. — Па сабе адчуваю.

Такі паварот размовы быў не па нутры салдату, і ён моўчкі ўстаў. Памалу пайшоў па беразе, пазіраючы на раку, нібы тая магла чым суцешыць. Было крыўдна на сваю няўдалую долю — і чаму гэткая дасталася яму? Чаму ён трапіў да гэтага гада Дробышава, а не да якога лепшага сяржанта? І мала яму было бяды ў палку, дык яшчэ ўлез у гэтую страшную зону. Усё ж, мабыць, яна сапраўды страшная — дарма некаторыя кажуць, што такія страхі перабольшаныя. Мабыць, не перабольшаныя, калі ад яе ўцякаюць людзі. Людзі ведаюць ці адчуваюць небясьпеку, адкуль бы яна ні йшла — ад Бога ці д'ябла. Людзей не ашукаеш. А ён во, здаецца, ашукаўся — ня трэба было бегчы сюды. Хаця, а куды б ён пабег — бяз грошай і бяз зброі? Са зброяй, напэўна, усё магло б быць інакш. Хаця… Вунь бамж гаворыць пра рыкашэты. Можа, хопіць яму й аднаго рыкашэта, які ўжо ці ня трапіў у яго.

Шмат што ва ўласным лёсе салдата здавалася яму няпэўным ці зусім кепскім. Людзі, якіх ён сустракаў, таксама ня надта захаплялі яго. Да бамжа ён зь першага дня прыглядаўся з асаблівай увагай — усё ж ня так часта выпадала яму сустракаць бамжоў. Спосаб ягонага існаваньня і некаторыя словы часам зьдзіўлялі салдата, які зь дзяцінства прывык, можа быць, з празьмернай увагай ставіцца да словаў і ўчынкаў старэйшых. У старэйшых хлопцу перш за ўсё хацелася бачыць пэўнасьць і грунт, — якасьці, якіх, можа, не хапала самому. Але не нашмат болей ён знаходзіў іх у старэйшых, сярод якіх таксама панавалі зьменлівасьць і выпадковасьць. Пачынаючы ад дробных, асабістых падзеяў ды ўчынкаў і канчаючы Чарнобылем. Людзі яўна не разумелі, куды йшлі і куды трэба было йсьці. Часам ён думаў, што ўся гісторыя чалавецтва надта ж падобная на мітусьлівы рух згаладнелых мухаў па пустым стале. Ні законаў у тым руху, ні пэўнасьці, адно толькі памкненьне — знайсьці і зжэрці.

Во і бамж пра радыяцыю кажа то так, то гэтак. То яна для яго — не пагроза, то ён ужо штось адчувае. Хаця што бамж — нават вучоныя ня могуць дазнацца пра ступень яе небясьпекі. Адныя ўстанаўліваюць адныя нормы, другія — другія. Але ўсе вынаходзяць тэарэтычна, а тут даводзіцца выпрабоўваць гэтую халеру на сабе, сугуба практычна. Яны тут, нібы лябараторныя мышы зь нікому непатрэбнай лябараторыі, няплянавыя ахвяры заблытанай навукі. А заадно й гэткай жа тэхнікі. А можа, і абаронкі таксама. Салдат нідзе не чытаў, але чуў у размовах, што прычыны катастрофы — усё ж у абаронцы. Для ракет патрэбны ўзбагачаны плутоній, во абароншчыкі й гналі яго, каб выканаць і перавыканаць пляны да сьвята ўсіх працоўных — першага мая. Тэхніка й ня вытрымала. А за ёй і абаронка, ды й палітыка таксама. Але ж у гэтай дзяржаве палітыка — рэч сьвяшчэнная, у ёй ніколі ніхто не сумняваецца. Толькі чаму яна патрабуе столькі ахвяраў?