Выбрать главу

Як пачало зьмяркацца, салдат вярнуўся на бераг. Ён думаў, што жанчына пайшла — што ёй тут рабіць зь імі? Але аказалася, што побач з бамжом яна сядзіць ля агню і пра штось ціха гутарыць. Штосьці расказвае. Каб не замінаць ім, салдат апусьціўся на абрыве зводдаль, пачаў азіраць затуманенае вечаровай смугой зарэчча. Там, між лугавога кустоўя, ужо паднімаўся туман, няроўным поцягам плыў-расплываўся ля рэчкі, мкнучыся да ўжо затуманенай лесавой далечыні. Як заўжды, сьвятло мкнула зьяднацца са сьветлым, цьма — зь цемнатой, мусіць, у тым і была іх таемная спрадвечная роднасьць. Як і яшчэ пацямнела, мужчына з жанчынаю ўсталі ад вогнішча й пайшлі ўгару, пад хвоі. Трохі счакаўшы, салдат спусьціўся да агню, падклаў палак і сеў на сваё звыклае месца — тварам да рэчкі. Ён пазіраў у агонь, але слых яго лавіў таемныя й яўныя гукі лесу. Сьпярша там чуўся наводдалі ціхманы гоман, пасьля быццам крык, які змусіў яго насьцярожыцца. А затым пасьля працяглага перапынку данёсься бесклапотны жаночы сьмех. Што б гэта ўсё азначала? — засяроджана думаў салдат, пра што-колечы, аднак, здагадваючыся. Але — толькі здагадваючыся. Самому ў такім становішчы апынацца не даводзілася, а з мужчынскіх размоваў можна было меркаваць аб розным.

Каля касьцярка ён і задрымаў пад ранак — як заўжды, паклаўшы галаву на калені, і прачнуўся, бо адчуў, што хтосьці падышоў побач. Гэта была жанчына, і яе голас аж спалохаў яго ў цішыні.

— Бедненькі, ён тут скорчыўся, бы сіротка, — казала жанчына, сядаючы побач. Яе лёгкая рука лягла на яго плячо, твар наблізіўся да ягонага твару, і ён адчуў яе незнаёмае дыханьне. — Напэўна, азяб?

— Ды не, нічога, — ціха адказаў ён, нечакана для сябе — амаль прыязна.

— Такі маладзенькі… Хочаш, я цябе пагрэю?

Салдат здрыгануўся ад настойлівага дотыку яе абедзьвюх рук, спрабаваў адхіліцца. Здаецца, ён спалохаўся і ўжо гатовы быў зьненавідзець сябе за той свой спалох. Але штось непадуладна калючае ўзьнялося ў ім знутры, і ён ваўкавата мовіў:

— Не нагрэліся… Там?

Жанчына ціхенька засьмяялася.

— Ды ну! Нагрэесься з вамі. Адзін стары, другі малы…

— Ну і хай, — сказаў ён. — Нашто ж тады вяжасься?

— Аташчалі, відаць. На жабах, — пасьля паўзы ўздыхнула жанчына і выразна з жалем сказала: — Што ж!

Пасьля, адхінуўшыся, скруціла цыгарку з «траўкай», прыпаліла ад дымнага дубчыка з вагню і ўстала.

— Думала, хоць парачку награжу. Дзеля помсты. Не атрымалася.

Салдат узьняў галаву — жорсткія словы жанчыны змусілі яго здрыгануцца.

— Чаго дзівісься? Кажу, наградзіць хацела. Сьпідзікам. Такім маленечкім, невылечным. Мяне ж таксама салдат наградзіў. Ну хай не салдат — афіцэр, якая розьніца. Так што табе пашэнціла, пацан! — жорстка паведаміла яна.

Салдат марудна спасьцігаў сэнс тых яе страшных словаў і ня ведаў, што адказаць. Дзякаваць або лаяцца. Хацелася запытаць: а як бамж? Але не запытаў. Хвіліну ён няўцямна пазіраў на жанчыну, якая, прысеўшы на кукішкі, са смакам зацягвалася «траўкай». Не дакурыўшы цыгарку, кінула яе ў вагонь і ўстала.

— Віднее. Пайду. На Ўкраіну ў які бок? Туды? — махнула яна рукой.

— Ну, — разгублена буркнуў ён.

— Я тут заплутала трошкі. Даўно не хадзіла. Іншыя справы былі, — наркота!

Наркота, наркота, — стукала ў ягонай галаве невыразная думка, і ён прыпамятаў яе ўчарашнія словы пра кілера.

— А кілер? — запытаў ён.

— Што? А, кілер! — спахапілася яна й засьмяялася, лёгка й шчыра. — А вы й паверылі!.. Ярунда ўсё. Гэта — па п'янцы…

Не разьвітаўшыся, яна хутка пайшла па сьцежцы да трысьняговай затокі, пасьля прыпынілася, і ў ранішняй цішыні сьвежа прагучэў яе недалёкі голас:

— І сьпід — ярунда! Схлусіла я вам. Так што ня бойцеся…

Салдат сьпярша падняўся, узіраючыся ў яе невялічкую на лесавым фоне постаць, затым апусьціўся зьбянтэжаны. І калі празь якіх паўгадзіны з абрыву да яго скочыў бамж, толькі сказаў:

— Пайшла.

— Хай ідзе, — абыякава азваўся бамж. — На Ўкраіне нарката дзешавей.

Салдат не хацеў яму ні пра што расказваць, ні тым болей — пытацца. Сам ён разумеў няшмат, але й таго, што ўцяміў, для яго хапіла…