Выбрать главу

Колькі наступных дзён іхны найбольшы клопат стаў — жабы.

Зранку бамж ішоў у недалёкае балота, там разуваўся, зьнімаў порткі і, асьцярожна ступаючы, лез у балота. Жабы і ня дужа ўцякалі ад яго, ляніва скакалі з-пад ног, і ён хапаў іх за даўгія жылаватыя лапы, піхаў у шапку. Праўда, жаб рабілася ўсё меней, трэба было добра палазіць па багне, каб налавіць на вячэру.

Салдат тым часам падкладваў у цяпельца дроваў і лез на абрыў. Паблізу ў бары ён ужо падабраў усё, што магло гарэць, цяпер па дровы трэба было ісьці далей, у дробны сасоньнік за баравым пагоркам. Здалёку цягнуць іх да рэчкі рабілася цяжка (ці, можа, хлопец так зьнясілеў), некалькі разоў на шляху ён адпачываў у доле, дарэшты спатнелы ў сваім зашмальцаваным бушлаце. Бушлата ён не скідаў ніколі, як ніколі не зьдзяваў свае кухвайкі бамж. «Усё маё нашу з сабой», — сказаў той аднойчы, як салдат заўважыў, што трэба б распрануцца, бо стала горача. Бамж не сказаў болей нічога, а салдат падумаў, што той, зь яго немалым вопытам, мае на гэты конт і пэўную рацыю. Ён таксама ніколі тут не распранаўся.

Пра палітыку яны не гаварылі, быццам палітыка іх не датычыла. Падобна было, што ў атамнай зоне яны выйшлі з зоны палітыкі, як і ўлады таксама, і падпарадкоўваліся адно ня менш строгім законам прыроды, законам выжываньня. Толькі аднойчы, як бамж прачнуўся на сьвітаньні, каб падмяніць салдата ля касьцярка, сказаў нібы ў працяг колішняй гутаркі ці, можа, чаго ўбачанага ў сьне:

— Знаеш, салдат, увогуле я — за камунізм. Начарта мне гэты капіталізм…

— Мусіць, таму, што капіталаў бракуе? — з усьмешкай сказаў салдат.

— Не, не таму. Пры камунізме мяне, мабыць, даўно б у турму пасадзілі. А тут пакуль каго не заб'еш, не пасодзюць.

— А вам што — у турму хочацца?

— Ня тое, каб хацелася. Але ў турме, калі параўнаць, — рай. Асабліва зімой. А што? Цёпла, кормяць, кампанія нейкая. А паспрабуй перазімаваць у паддашшы. Ці ў каналізацыі. Ды паваяваць зь міліцыяй, з крыклівымі дворнічыхамі. А ў сьмецьцевых скрынях пры дамах цяпер што знойдзеш? Людзі самі ўсё жаруць, толькі цалафан выкідваюць, — мовіў ён зь нейкаю нават крыўдай. — Начарта мне гэты капіталізм, лепш быў сацыялізм.

— Каўбаса дзяшовая, — у тон яму зазначыў салдат.

— І каўбаса, і шмат што іншае. Вазьмі агароды. Можна было пайсьці і накапаць бульбы ці там нарэзаць капусты. Нікому не шкада — усё калгаснае. А цяпер цябе гатовы з ружжа застрэліць за адну маркоўку. Вунь старога бамжа ў Зялёным і стрэльнулі. За дзьве маркоўкі аддаў жыцьцё. Не аддаў на вайне за радзіму, дык за дзьве маркоўкі аддаў. Не, нашаму брату пры сацыялізме лепш.

— Мусіць, пры сацыялізме і бамжоў не было. Не дазвалялася.

— Не дазвалялася, ага, гэта праўда. Нават жабракоў вывелі.

— А жабракі і бамжы — гэта не адно й тое ж?

— Вялікая розьніца, — сказаў бамж. — Жабракі просяць, а бамжы — ніколі. Хіба, калі ім самі даюць. Бо гонар маюць.

— Во як! А я й ня ведаў.

— Бо малады і шмат чаго ня ведаеш. Але я цябе навучу. Раскажу пра сацыялізм як вышэйшую фармацыю… Чаго? Капіталізму ці камунізму — ужо й забыўся.

— Але некаторым і пры капіталізме няблага, — сказаў салдат. — Вунь якія катэджы набудавалі. Зноў жа іншамаркі…

— Набудавалі, ага. Жульлё рознае. Што яны зарабілі на тыя катэджы? Накралі і карыстаюцца. Была ўлада савецкая, а стала бандыцкая. Знаеш, аднойчы я не стрываў. Ну, у Менску. Бачу, у двары двое корпаюцца ў новенькім «БМВ». Знаеш, апошняя мадэль, усё ў ім блішчыць, бы ў люстэрку. І гэтыя пачынаюць у ім разьбірацца: дзе карбюратар, дзе турбанадуў, дзе шрус. А разьбіраюцца слаба, адразу відаць, усё зь нямецкай інструкцыяй зьвяраюцца. Я падышоў, аж душа мая зьнямела, кажу: дазвольце мне, хлопчыкі, толькі зірнуць, я ж аўтамэханік. Яны паднялі галовы, убачылі мае транты, і адзін са стрыжанай патыліцай хапае гаечны ключ — мабыць, памеру 28 на 30, і як гаркне: прэч адсюль, бомж ванючы! Ну, я ім паказаў бамжа ванючага. Я ім выдаў. На двары аж кучка пэнсіянэраў сабралася. І знаеш, мяне падтрымалі.

— Няўжо падтрымалі?

— Яй богу. Адзін сказаў: ноччу ім колы папраколваць, каб ведалі. Але гэта дарма. У такога прыгажуна колы папраколваць рука не паднімецца. Хай езьдзіць. Але я ўжо болей яго не пабачу.

— Хто ж вінаваты…

— Канешне, сам вінаваты, — азваўся бамж і перайначыў размову. — Ну, як там нашыя жабіны? Ці варушацца?

Пад той час яны зрабілі некаторы харчовы запас — налоўленых у балоце жабаў пасадзілі ў выкапаную на беразе ямку, напусьцілі туды вады, каб жабы пачуваліся лепей. А каб яны не вылазілі, бамж прыкрыў іх зьверху тонкімі жэрдкамі.