Падобна на тое, сам ён падаць духам усё не хацеў, усё чапляўся за нейкую прывідную надзею. Зрэшты, так, можа, і лепей, думаў салдат. Чым марнець ды стагнаць, лепш рабіць выгляд, што горшае не настала. Як настане, тады й паякочаш.
Але й як жыць з такім адчуваньнем?
Усё ж, мабыць, трэба б яму мець іншы характар, не рэагаваць так драматычна на нягоды жыцьця, — можа, так было б лепей. Навучыцца болей трываць, чаго ён ня ўмеў, хоць ужо й так натрываўся нямала. Калі б там, у казарме, ён неяк стрываў, перажыў сорам і абразу, як гэта зрабіў ягоны зямляк Пецюхоў, можа б усё й абышлося. А так нарабіў бяды і гэтаму сабаку Дробышаву, і сабе таксама. І калі Дробышаў заслужыў, што паймеў, дык завошта ён гэтак пакараў сябе?
Але й як было рэагаваць інакш ці не рэагаваць зусім? Ня мог ён ні скардзіцца начальству, ні дараваць крыўдзіцелям абразу. Колькі ён наслухаўся ў жыцьці ды начытаўся ў кніжках, што чалавек ёсьць стварэньне вышэйшае і павінны мець здольнасьць абараніць свой гонар. Дык вось ён і абараніў гэты гонар. І чаго тым дамогся?
Дамогся горшага, чым запэцканы гонар, — на гэты раз пагрозы жыцьцю. Што ўжо тут клапаціцца пра гонар, калі зьнікае магчымасьць жыць…
Во трапіў у ваўчыную яму. Колькі куды ні скачы — ня выскачыш.
Яшчэ не зусім сьцямнелася, як бамж лёг на калючую яловую кучу, падкорчыў ногі.
— Ну, а ты што? — гукнуў ён салдату. — Ідзі кладзіся. Удвох цяплей будзе…
Салдат доўга і моўчкі сядзеў поруч, думаў. І як зусім стала цёмна, таксама лёг плячмі да бамжа. Спакваля быцам зрабілася цяплей, памалу сунялася настылая дрыготка. І ён заснуў.
Бамж ляжаў ціха, стараўся лішні раз не варочацца, каб не трывожыць хлопца. Сну ў яго не было, пачуваўся ён блага, дарэчы, ня першы ўжо дзень. Сьпярша думаў, што, можа, прастудзіўся на балоце, як лавіў жабаў, але на прастуду было непадобна. Зноў жа да прастуды ён быў загартаваны, даўно ня кашляў і не смаркаўся, забыўся, калі хварэў на грып. Цяпер было такое адчуваньне, нібы ў яго зьліплася правае лёгкае, балела, што не ўдыхнуць; колькі дзён ён абыходзіўся частымі дробнымі ўздыхамі, рабіць хутка ня мог, мог толькі спакваля, памарудзіўшы; нават упраўляцца зь цяжкаватым вудзільнам яму было трудна. Не лягчэй было й нагінацца за порсткімі жабамі. Лацьвей, калі сьпярша іх было багата. Пасьля, аднак, паменшала, і ён, ганяючыся за кожнай, проста зьнемагаў да вечара.
Сярод самай начы ён, здаецца, заснуў, але праспаў зусім мала. Прачнуўся і ляжаў так, слухаючы лесавы шум. Таемныя гукі лесу даўно яго не трывожылі, нічога ён не баяўся ні ў лесе, ні ў горадзе. І нават тут, у зоне, здаеца, нішто яго не магло напалохаць. Салдат за плячыма роўна і глыбока дыхаў, ад яго мкнула добрае, густое цяпло, яно заспакойвала. Усё ж куды лепш за адзіноту было ўдвох, нават з дэзэрцірам, можа нават забойцам. Але з маладзейшым. Усё ж старому патрэбны малады побач. Са старым часам цікава, але не заўжды прыемна — малады ж абнадзейвае, быццам малодзіць нават. Нават такога застарэлага бамжа, як ён.
Зрэшты, бамж не заўсёды быў бамж, некалі меў уласнае імя й нават пагоны на плячах, — як служыў у войску намесьнікам камандзіра па тэхнічнай частцы. Апошнія пяць гадоў ягонай службы міналі ў далёкім прыпалярным гарнізоне, дзе ён мацаваў ракетны шчыт радзімы і жыў разам з жонкай, загадчыцай афіцэрскай сталовай, і маленькім сынком Дзяніскам.
Прыпалярны ракетны гарнізон па сутнасьці мала чым адрозьніваўся ад колішняга Гулагу; там далёка ня кожны мог стрываць нават год, а яны змушаныя былі трываць тры, чатыры, а то й пяць гадоў запар, — пакуль дачакаюцца замены. Суцэльная сьнежная ноч бяз дня, маразы і сьцюжы, гнятлівае пачуцьцё закінутасьці на край сьвету шмат каго даводзілі да канфлікту з начальствам, сям'ёй, нярэдка з самім сабой, што нават канчалася стрэлам у скроню. Міжволі вайскоўцы шукалі нейкае выйсьце, прадуху ў гнятлівым жыцьці і, вядома ж, знаходзілі яго ў бутэльцы ці, лепей сказаць, у бэнзынавай бочцы, у якіх «Ваенгандаль» завозіў на поўнач 95-градусны сьпірт. Гэты напой меў высакародны каньячны колер і за палярную ноч спажываўся дарэшты. А калі яго не хапала, тады ў мясцовай крамцы дужа павялічваўся попыт на адэкалёны, ласьёны ўсіх гатункаў, на розныя тэхнічныя вадкасьці.
Нампатэх тады і ў сьне ня бачыў сваю хуткую будучыню, быў, як усе, — у меру піў і ня надта цьвяліў начальства. Зусім не цьвяліць было нельга, таго б не зразумелі ні сябры-таварышы, ні падначаленыя, ні нават начальнікі. А галоўнае, не было такой магчымасьці, абставіны вымагалі. Даванаццаць і болей гадзін у боксах каля настылай на марозе тэхнікі, з даўно памарожанымі рукамі, на сьцюжы й скразьняках, у няспынных сутычках з начальствам — сваім штатным, штабным і правяраючым, — усё тое як мае быць выматвала сілы й нэрвы. Адзіным паратункам ад таго было выпіць, расслабіцца, абнавіць нэрвовыя сілы, каб заўтра зноў марнаваць іх у тых самых боксах і тых самых сутычках.