Выбрать главу

Праўда, магло так стацца, што ён сам пакараў сябе нават болей строга, чым гэта зрабіў бы вайсковы трыбунал. Усё ж зона — ня рай, калі адсюль усіх выселілі, калі сюды баіцца патыкацца міліцыя, калі ў газэтах не перастаюць пісаць пра цэзій ды стронцый, якімі засыпана навакольле. Увесь сьвет устрывожаны. Захад гоніць гуманітарную дапамогу, лякарствы, вывозіць дзяцей на аздараўленьне. Дык то з бліжніх да зоны паселішчаў і вёсак, а ён во ўлез у самае пекла. Праўда, і ён напачатку баяўся, думаў, захварэе. Але за паўтара месяцы нічога кепскага ў сабе не заўважыў, нават не прастудзіўся ні разу, пачуваўся быццам нармальна. Калі б толькі было што есьці. Ды й стары хутаранец Карп, які з хутара нікуды не патыкаўся, за ўсе гады пасьля аварыі пачуваўся, казаў, можа лепей за каго з маладых. Бо ня піў — гэта галоўнае. А гарэлка, яна горш за радыяцыю для здароўя і без пары губіць мужчынаў. Харчу ж у хутаранца хапала — была карова, сьвінчо, дзясятак курэй ды сабачка Кудлацік, — і ўсе жывыя, здаровыя. Карп сваім прыкладам здорава абнадзеіў салдата, асабліва як сказаў, што і па суседзтву, за шашой таксама нехта жыве (чутно, як брэша сабака), ды й за балотам у былой вёсцы таксама паявіліся самасёлы, — жывуць без электрычнасьці, крамы і ўлады. Што без улады — дужа спадабалася салдату, як Карпу — што без калгасаў. Ніхто, мабыць, ім не дакучае — не памагае, але й не замінае, гаспадар, як хочаш. Во, дажыліся мужыкі, век пра тое ня марылі.

Так, можа, яно й добра, думаў салдат, можа, і няблага старым. Але во маладыя, сыны і ўнукі таго ж Карпа, усе паразьехаліся, ніхто на хутары не застаўся. Значыць, чагосьці баяцца. Значыць, ёсьць чаго апасацца…

Гэткія думкі ня першы ўжо раз лезьлі ў затлумленую галаву салдата, можа, яны адтуль і не вылазілі. Ён і баяўся, і супакойваў сябе, і меркаваў і так, і гэтак. Але што ён мог зрабіць лепш, куды падацца? Без дакумэнтаў, бяз грошай. Пешшу ці далёка дойдзеш, а на першай жа аўтобуснай станцыі яго возьме міліцэйскі патруль. Дома яго ніхто не чакаў; мачаха, калі б дазналася пра яго, адразу б пабегла ў міліцыю ці ў ваенкамат — гэтая толькі й чакала, каб яго пасадзіць. Сябры? Пасьля таго, што здарылася, якія маглі быць сябры?

Крывулякай-сьцежкай у кустоўі салдат прайшоў уздоўж рэчкі, асьцярожна выглянуў з-за куста на бераг. Усюды было пуста, ды й дымам быццам перастала патыхаць, — можа, перамяніўся вецер? Тады ён зноў павярнуў ад рэчкі да хвояў і, узьлезшы на пагорак, апусьціўся на падушку мяккага белага моху. Было цёпла, нават угрэўна, але свой скарэлы бушлат салдат не зьнімаў ніколі — ні ўдзень, ні ўначы. Тут яго адразу апанавалі мурашкі — забегалі, замітусіліся па абдрыпаных халявах ботаў, мабыць, дзесь блізка быў іх мурашнік. Глядзі, якія порсткія, падумаў салдат, і ніякая радыяцыя іх не бярэ, прыстасаваліся за мільёны гадоў. Во, каб так чалавек! Але чалавек, мабыць, ніколі не прыстасуецца да гэтай атамнай пагібелі, — ня той арганізм. Добра гэта ці не, салдат ня ведаў. Можа, і добра, інакш чалавек можа ператварыцца ў мураша… А калі не ператворыцца і адкіне капыты — хіба так лепш? Вунь маманты не прыстасаваліся і ўсе пагінулі. Цяпер толькі косьці выкопваюць зь вечнай мерзлаты. Можа, такі лёс напаткае і людзей…

Але маманты ня самі сябе пагубілі, а нейкія аб'ектыўныя перамены ў сьвеце. А чалавек? Сам — сябе.

Во даў Бог чалавеку розум — на ўласную згубу.

Як салдат пераставаў думаць пра ежу, тады яго пачынала адольваць дрымота, і ён быў гатовы заснуць. Удзень спаць, аднак, баяўся. Хоць тут, у лесе, нікога яшчэ не спаткаў, апроч хіба якой дробнай жывёліны — вожыка ці зайца. Людзей тут не было. Сьпярша тое абнадзейвала салдата, але затым пачало нават палохаць — усё ж ці не дарма ён сюды прыдыбаў? Мусіць, людзі ўсё ж адчувалі нешта нядобрае. Зноў жа адзінота пачала яго прыгнятаць, і чым далей ён тут бадзяўся, тым больш. Ды што зробіш? Розумам ён даводзіў сабе, што інакш нельга, што тут ён не па ўласнай волі, што лепш быць аднаму. Але, здаецца, і аднаму было неяк, не трывала душа. Во ў чым загвоздка.