Трохі паляжаўшы на сугрэве, салдат зноў адчуў подых дыму і на гэты раз затрывожыўся не на жарты. Хутка падхапіўся, паўзіраўся ў бор, у алешнік унізе. Затым, памеркаваўшы, зноў паціху пайшоў да рэчкі. Здалося, дымам павеяла менавіта адтуль.
Дзе сьцежкай, а дзе наўпрост праз хмызьняк салдат выйшаў на нешырокі ўзьбярэжны лужок, абышоў яго па краі алешніку. Лужок быў пусты. Блізка да рэчкі зноў падступаў абрывісты бераг з хвоямі, і ён пайшоў паблізу над ім, каб бачыць бераг. Яшчэ зводдаль на рачным павароце згледзеў нейкае жытло ў абрыве — цёмны лаз у зямлянку-нару, прыкрыты зьверху жардзём. На канцы адной жардзіны матлялася-сохла нейкая ануча, і наводдаль, на самым беражку лена дыміў касьцярок, дым ад якога, мабыць, і патрывожыў салдата.
І тады трошкі далей на беразе ён убачыў чалавека.
То быў невялікі мужчына ў кухвайцы, у ссунутай на патыліцу зімовай шапцы, ён махнуў у паветры белым, мабыць самаробным вудзільнам, зьнерухомеў на колькі сэкундаў і дакладным рухам выкінуў на бераг бліскучую рыбіну. Рыбіна, як бачна было здаля, надарылася ладная, не якая там уклейчына, — салдат тое вызначыў пэўна. У гэты момант чалавек таксама ўбачыў салдата, які ад нечаканкі не пасьпеў куды захінуцца. Мусіць, трэба было бегчы адсюль, але тая ўдалая рыбіна ў чужых руках нібы зачаравала згаладнелага хлопца, і ён знарок паволі пайшоў да рыбака.
— Здрасьце…
Рыбак не адказаў і нават не памкнуўся да свае рыбіны, якая білася ў траве на беразе. Утаропіўшыся ў незнаёмца, той мусіць, вывучаў яго, таксама ня ведаючы, як паставіцца да ягонага тут зьяўленьня.
— Лешч? — запытаўся салдат, абы не маўчаць.
— Падлешчык, — скупа адказаў рыбак і рашуча ўскінуў да яго аброслае шчэцьцю падбародзьдзе. — А ты скуль тут узяўся?
— Усё адтуль, — няпэўна адказаў салдат і няўлад са сваёй асьцярогай сеў непадалёк у доле. Чалавек яшчэ паўзіраўся ў яго, штось мяркуючы.
— А ты гэта — не зь міліцыі?
— Не-а. З арміі.
— Дэмабілізаваны?
— Дэзэрцір, — раптам сказаў салдат і ўнутрана схамянуўся. Ніколі яшчэ ён не вымаўляў услых гэтага слова, якое цяпер неяк само зьляцела зь языка.
Рыбак, відаць было, шчыра зьдзівіўся, аж хакнуў.
— Во гэта дзела! Першы раз бачу дэзэрціра.
Ён спрытна зьдзеў з кручка трапяткога падлешчыка, кінуў у траву, дзе, як заўважыў салдат, ужо ляжала некалькі раней злоўленых рыбін. Чалавек гаварыў гучна, відаць, з намерам паставіцца да хлопца строга, можа нават сурова, — усё ж ён быў куды старэйшы. Але салдат цяпер ня дужа на тое зважаў, ён ужо адчуваў, што рыбак не такі й суровы, як хоча здавацца.
— А дайце я, — раптам прапанаваў хлопец, як чалавек узьдзеў на кручок новага белага чарвяка. Рыбак трохі змоўчаў, а затым рашуча сунуў у ягоныя рукі шурпатае ляшчынае вудзільна.
— На. Калі ўмееш.
— Некалі лавіў…
Чалавек адышоўся на сушэйшае і сеў на беразе.
У салдата адразу клюнула, і яшчэ празь дзьве паклёўкі ён выкінуў на бераг зноў такога ж, як ранейшы, ладнага падлешчыка. Рыбак ускочыў, зьняў рыбіну, пасунуў да яго бліжэй берасьцянку з чарвякамі.
За ня дужа даўгі час салдат выкінуў у траву яшчэ трох падлешчыкаў, і рыбак аж захваляваўся.
— Ну, дэзэрцір, ну малайчына! Значыць, рыбацкае шчасьце маеш. Я тут з раніцы тры штукі, а ты за пятнаццаць хвілін чатыры. Ну-ну! Давай лаві болей…
Салдат сам дзівіўся ў душы — не такі ўжо ён і рыбак. Як і ўсе, некалі вудзіў у дзяцінстве, а тут такая ўдача! Пасьля, добра, праўда, счакаўшы, зьняў з кручка яшчэ адну ўклейчыну. Але затым у рыбы, мабыць, настаў перапынак, і колькі ён ні кідаў паплавок у тое ды іншае месца — нічога не ўзялося.
— Ладна, — сказаў нарэшце рыбак. — Трэба гэту засмажыць.
— Дзе? — салдат праглынуў сьлінькі.
— На вогнішчы.
— А радыяцыя?
— Ну, і хрэн зь ёй, радыяцыяй. Смачней будзе, — сказаў рыбак і ўпершыню з прыязнасьцю засьмяяўся, паказаўшы шчарбатую сківіцу. Салдат зь цікаўнасьцю ўгледзеўся ў ягоны густа аброслы твар, — мабыць, чалавек быў яшчэ не стары, але ўжо моцна пакамечаны жыцьцём, можа нават хворы. Сабраўшы ў нейкую анучу рыбін, ён панёс іх да касьцярка, дымок ад якога ціха курэў над берагам. Салдат пабрыў сьледам — усё ж ён адчуваў нейкае сваё права на тых падлешчыкаў.
— Запалак няма? — запытаў на хадзе рыбак.