Выбрать главу

— Няма.

— Гэта горш. У мяне таксама скончыліся. Так што дуй за суччом.

Чалавек пачаў разграбаць вугольле, а салдат узьлез на невысокі абрыў і пайшоў у бор. Паблізу, аднак, сучча ў доле было малавата, і ён змушаны быў адысьці далей, у хвойнік. Неяк ён быў нават рады, што натрапіў на гэтага рыбака, што злавіў падлешчыкаў і цяпер, можа, збольшага спатоліць голад.

Праз колькі часу салдат прывалок важкае бярэма сушняку, кінуў ля вогнішча. Рыбак ашчадна перагортваў прысак — пёк рыбіны. Нейкі час яны засяроджана маўчалі, напружана чакаючы самага жаданага моманту, які, аднак, трохі адкладваўся.

— Даўно тут? — запытаўся рыбак.

— Другі месяц.

— Ого! — рыбак уважліва паўзіраўся ў хлопца. — І цябе не скруціла?

— Ды быццам не…

— Тады й ня скруціць, — упэўнена аб'явіў рыбак. — Калі за месяц ня ўзяла, дык і ня возьме. Яна, ці ведаеш, ня кожнага бярэ.

— Хто ведае, — ціха мовіў хлопец.

— Я ведаю. Я тут ужо тры месяцы. І ні чарта: загартаваны арганізм!

— Як жа вы яго загартавалі?

— Гарэлку піў.

— Зразумела, — сказаў салдат.

— Столькі выпіў, што ніякая халера не бярэ. Так што й ты ня трусь.

Салдат не пярэчыў і не пагаджаўся — трошкі падзівіўся самаўпэўненасьці рыбака, але хто ведае. Можа, і праўда, што гарэлка загартоўвае — яму лепей відаць. Салдат жа гарэлкі выпіў няшмат і таму наўрад ці мог лічыць сябе загартаваным.

Яны сядзелі так — болей моўчкі ля гарачаватага цяпельца, якое то ўспыхвала невялікім полымем, то пачынала дымна курэць, абкурваючы іхныя твары. Салдат ніякавата адварочваўся, але ня зрушваў зь месца. Рыбак жа, амаль не рэагуючы на дым, дбайна паварочваў і агартаў прысакам рыбіны.

— Во гэтая ўжо, можа, і гатовая. Перакладзем яе сюды, а гэтага бліжэй да агню, во… Жару тут ня надта й патрэбна, каб не згарэла…

Нарэшце ён выграб адну і, абпякаючы запэцканыя пальцы, трохі абцёр зь яе попел.

— Ну во! Не падсмажылася — падгарэла. Але есьці можна.

Выграбшы яшчэ адну, не ўтрымаў і кінуў далей у траву.

— Частуйся. Лепшай ня будзе.

Рыбіна была дужа гарачая — ня ўзяць у рукі, салдат раскрышыў на траве рэшткі наліплага на ёй вугольля і пачаў аддзіраць касьцістыя кавалачкі. Увогуле было смачна, ён зжаваў усё, што можна было зжаваць, старанна абсмактаў калючы хрыбет. Але было да роспачы мала, і тое зразумеў рыбак.

— Бяры яшчэ адну. Болей ня дам, — строга абвясьціў ён.

Што ж, і за тое дзякуй, падумаў салдат, маючы, аднак, надзею, што рыбу яны ўсё ж падзеляць пароўну. Але рыбак і сам зьеў толькі дзьве і раздумна памарудзіў, штось вырашаючы.

— А ладна! Яшчэ па адной. Астатняе ўраньні.

Зьелі й яшчэ па адной і зноў не наеліся. У прысаку засталіся тры апошнія, і рыбак прыняў непазьбежнае рашэньне:

— А чорт зь ёй! Што пакідаць… Яшчэ да ранку не дажывеш — радыяцыя!

Менавіта такога рашэньня й чакаў салдат. Хіба што недарэчны напамінак пра радыяцыю непрыемна шкрабануў ягоныя адчуваньні, але ён хутка на тое забыўся. Не ўстаючы ад цяпельца, яны зьелі ўсе рыбіны; рыбак дбайна загарнуў вугалькі, пакідаў у іх недагаркі.

— Ты паначуеш ці пойдзеш? Хаця куды табе йсьці, праўда? — папытаўся ён проста, нібы даўні знаёмы. І салдат нечакана для сябе гэтак жа проста адказаў:

— Праўда.

— Ну і хай! Тут такая справа — трымаць агонь. Згасьне — будзем сырую рыбу жраць. Паняў?

— Ды ўжо ж, — болей бадзёра адказаў хлопец, адразу прыпамятаўшы зьмест адной кнігі, якую чытаў у школе. Кніга называлася «Барацьба за агонь». Тады яго надта ўразілі падзеі, што адбываліся ў першабытным племені, як у таго згас агонь. Цяпер ім двум пагражала нешта падобнае.

— Цябе як зваць? — крыху падабрэлым голасам запытаўся рыбак.

— Ды салдат проста, — падумаўшы, адказаў хлопец. Яму зусім не хацелася называць сябе, а хлусіць таксама ён ня меў вялікай ахвоты.

— А я бамж проста, — у тон яму адказаў рыбак і засьмяяўся.

Што ж, хай будзе так, падумаў салдат. Адзін дэзэрцір, другі бамж, — сышлася салодкая парачка, зьедліва падумаў ён.

— Такія справы, — няпэўна закругліў кароткую гутарку бамж і выцягся на траве. З-пад расшпіленай ватоўкі зь дзіравым подкладам агаліўся ягоны запалы жывот увесь у нейкіх сіняках і больках, і салдат зважліва адвёў позірк. Падумаў, аднак, што цяпер і ў яго ня лепшы. Паляжаўшы крыху, бамж зноў падняўся, сеў на траве.

— Не паелі — толькі жывот разгнявілі. Знаеш, салдат, бяры вуду і закідвай. Можа, і яшчэ возьмецца…

Салдат паслухмяна ўзяў з долу ня надта зграбнае вудзільна з накручанай на яго жылкай і пайшоў на ранейшае месца, дзе нядаўна клявала.