Выбрать главу

Цішыня.

(Выпусціла вядро з рук, загаласіла.) А мой жа ты Васі-ілька! А нашто ж я цябе аднаго пакі-і-інула? А табе ж, можа, што-небудзь трэ-ба было, а можа ж, я б табе чым дапамагла-а-а… Анічога ж ты мне не сказаў, не развіта-а-аўся…

Васіль (нечакана расплюшчыў вочы, павярнуў галаву). Ты што, ашалела?

Ганна (спалохана). Ай!

Васіль. Чаго скуголіш?

Ганна (цяжка дыхаючы). Каб ты праваліўся! Чаго ляжыш, як чурбан?! Я думала, што ты ўжо гатоў… І рукі сашчапіў!

Васіль. Трэніроўку рабіў. Прымерваўся, як буду ляжаць на покуці…

Ганна. Ну і як?

Васіль. Паскудства… Асабліва калі галосяць… Адным словам, калі што якое, каб каля мяне ніхто не скавытаў… І ты таксама.

Ганна. От гэта ўжо ў цябе не спытаем… Як захочам…

Васіль. Устану з труны і выганю ўсіх к чортавай матары… Ціха пражыў — ціха і на Сонца пайду. Прыспічыць — бяжы ў хлеў і над казой паплач, а ля мяне каб моўчкі. Без слёз і без слоў. А то яшчэ Гастрыт жалобную прамову засабачыць…

Ганна. Забралі яго…

Васіль. Куды?

Ганна. У бальніцу. Машына прыязджала. І ён занядужаў. Доктарка пытае, дзе баліць, а ён: п'яўка ў грудзях, кажа, сэрца смокча… У цябе дык хоць проста лопнула, а ў яго п'яўка… І што гэта такое? Усе нешта хварэюць у гэтым годзе…

Васіль. Цяжка яму будзе…

Ганна. Што?

Васіль. Нічога… Сонца і сёння няма?

Ганна. Няма. Снег круціць, неба нізкае…

Васіль. І сцяжынку ў Вежкі замяло?

Ганна. Дык а каму ж па ёй хадзіць? Адна я на нагах… Замяло.

Васіль. Не дачакаюся. Каб хоць каліўца Сонца — дальбог, устаў бы з ложка…

Ганна. Каб у бальніцу лёг, дык даўно б ужо ўстаў са сваім інхварктам…

Васіль. Ніякага ў мяне інфаркту няма! Проста сэрца лопнула, і ўсё…

Ганна (бубніць). І прасілі, і малілі — упёрся, як бык, ні ў якую… Пеўня, бачыце, яму ў палату трэба, каб кукарэкаў зранку…

Васіль. Я без пеўня не магу! Баюся… Заснуць засну, а калі раніцой не закукарэкае — магу не прачнуцца…

Ганна. Дык хто ж гэтага пеўня ў палату пусціць?! А калі я захварэю, дык што мне — казу з сабой браць? (Бубніць.) Ляжыць сабе, калодзежную ваду сёрбае… Лечыцца!

Васіль. Хопіць квахтаць! Хадзіла на пошту?

Ганна. Хадзіла… Паслалі ўсё. Хутка знойдуць, казалі… Прывязуць твайго Грышку.

Васіль. Як гэта прывязуць? Што ён, злодзей, ці што, каб яго прывозіць? Сам прыедзе… (Паўза.) І чаго яны так жывуць? Ні ўва што не вераць, ні да чаго сэрцам не прывязаны, смяюцца над усім… Рэдка на Сонца глядзяць…

Ганна. Зноў Сонца!

Васіль. А ты маўчы!

Паўза. Старая тупае каля печы. Дзед слухае завею. Гаворыць радыё.

(Раптам роспачна засмяяўся.) Ну, людзі!

Ганна. Чаго й та ты?

Васіль (паказаў рукой на дынамік). Ваююць!

Старая паслухала.

Ганна. У-у-у, знайшоў, з чаго дзівіцца. Заўжды ваююць. Не там, дык там…

Васіль. Дурні. Як быццам рабіць больш няма чаго…

Ганна. Чаго ты разбубніўся? Сам жа ваяваў.

Васіль. То не раўняй… То трэба было… То за Радзіму…

Ганна. А мо і ім прыспічыла. Сказалі «ваяваць» — і ваююць… (Падышла, прысела каля палка.) Як табе сёння?

Васіль. А нічога… Палягчэла неяк, ды і баліць, здаецца, слабей… (Маўчыць.)

Слухаюць завею.

Ганна. Васіль, а чаго й та мы жылі?

Васіль. А што было рабіць? Нашай згоды бацькі не пыталі… Нарадзілі, і ўсё… Хочаш не хочаш, а жыць трэба… Жыць і чалавекам застацца. Цяжка…

Ганна (уздыхнула). У цябе хоць Грышка недзе ёсць… Ну хай сабе і не піша… Але ж жыве па-людску… А мой Віцёк… І ў каго толькі такі ўрадзіўся? І хто вінаваты? (Паўза.) А якім яму яшчэ радзіцца было? Вунь дактары па радзіву на жанок цяжарных сварацца: піць няможна, курыць няможна, хвалявацца няможна… А то дзіцёнак дрэнны родзіцца… А пад бомбамі ляжаць можна? А жыўцом гарэць у сваёй хаце можна? А сядзець во з такім жыватом у сцюдзёнай балотнай твані можна? А ўвесь час калаціцца ад страху, што цябе во-во схопяць і заб'юць, — можна? А галадаць можна? А самой у людзей страляць можна? (Паўза.) Ён, мой Віцёк, яшчэ там, у мяне пад сэрцам, на ўвесь свет абазліўся. Якім жа яму было яшчэ нарадзіцца? Толькі няўдачным… Бабе трэба ласкавай быць, на Сонца, як ты кажаш, часцей глядзець, тады і дзіцёнак цёплым родзіцца і ласкавым… А я… Толькі ваявала ды вайны баялася… Толькі дзетак нараджала ды хавала… Рабіла, рабіла, рабіла… а на гэтым свеце няма чаго пакінуць… І нашто нарадзілася?