Выбрать главу

Мы прысунуліся да стала, і ён пачаў:

Дзед мой (царства яму нябеснае! Каб яму на тым свеце еліся адны толькі буханцы пшанічныя, ды макаўнікі ў мёдзе) умеў дзівосна расказваць. Бывала, павядзе гаворку — цэлы дзень не пасунуўся-б з месца, і ўсё слухаў. Ужо не раўня якому-небудзь цяперашняму балагуру, каторы як пачне маскаля вязці[17] ды яшчэ і моваю такою, быццам яму тры дні есці не давалі, дык хоць бярыся за шапку, ды з хаты. Як цяпер помню — нябожчыца старая, маці мая, была яшчэ жывая — як у доўгі зімовы вечар, калі на дварэ трашчаў мароз і замуроўваў наглуха вузенькія шыбы нашай хаты, сядзела яна перад грэбенем, выводзячы рукою даўгую нітку, гайдаючы нагою калыску і напяваючы песню, якая нібыта цяпер чуецца мне. Каганец, дрыжучы і ўспыхваючы, як быццам палохаючыся чаго, свяціў нам у хаце. Верацяно гудзела; а мы ўсе, дзеці, сабраўшыся ў кучку, слухалі дзеда, які не злазіў ад старасці, больш за пяць год, з свае печы. Але не дзіўныя размовы пра даўнюю старасветчыну, пра наезды запарожцаў, пра ляхаў, пра маладзецкія справы Падковы, Паўтара-Кажуха і Сагайдачнага не займалі нас так, як апавяданні пра якую-небудзь даўнейшую дзівосную справу, ад якіх заўсёды дрыжыкі праходзілі па целе і валасы натапырваліся на галаве. Іншы раз страх, бывала, такі забярэ ад іх, што ўсё з вечара здаецца бог ведае якім страшыдлам. Здарыцца, уночы выйдзеш чаго-небудзь з хаты, вось так і думаеш, што на пасцелю тваю паклаўся спаць выхадзец з таго свету. І, каб мне не давялося расказваць гэтага другі раз, калі не лічыў часта здалёк уласную пакладзеную ў галавах світку за д'ябла, які скруціўся там. Але галоўным у дзедавых апавяданнях было тое, што ў жыцці сваім ён ніколі не маніў, і што, бывала, ні скажа, дык іменна так і было.

Адну з яго дзівосных гісторый перакажу цяпер вам. Ведаю, што шмат знойдзецца такіх разумнікаў, што папісваюць па судах і чытаюць нават грамадзянскую грамату, якія, калі даць ім у рукі звычайны часаслоў, не разабралі-б ні аза ў ім, а скаліць напаказ свае зубы — ёсць умельства. Ім усё, што ні раскажаш, на смех. Гэтакае нявер'е разышлося па свеце! Ды чаго, — вось, не любі мяне бог і прачыстая! вы, можа, нават не дасце веры: аднойчы неяк заікнуўся пра вядзьмарак — што-ж! знайшоўся сарвігалава, вядзьмаркам не верыць! Ды, дзякуй богу, вось я колькі жыву ўжо на свеце, бачыў такіх інаверцаў, якім правозіць папа ў рэшаце[18] было лягчэй, як нашаму брату панюхаць табакі, дый тыя адхрышчваліся ад вядзьмарак. Але прысніся ім, не хочацца толькі вымавіць, што такое, няма чаго і меркаваць пра іх.

Год, куды больш як за сто, гаварыў нябожчык дзед мой, нашага сяла і не пазнаў-бы ніхто: хутар, самы бедны хутар! Хацінак з дзесяць, не абмазаных, не накрытых, тырчала то там, то сям пасярод поля. Ні плоту, ні хлява прыстойнага, дзе-б паставіць жывёлу або воз. Гэта-ж яшчэ багатыры так жылі; а зірнулі-б на нашую брацію, на галечу: выкапаная ў зямлі яма — вось вам і хата! Толькі па дыме і можна было пазнаць, што жыве там чалавек божы. Вы запытаеце, чаму-ж яны жылі так? беднасць не беднасць; таму што тады казакаваў амаль кожны і набіраў у чужых землях не мала дабра; а больш таму, што не было патрэбы прыдабываць прыстойную хату. Які народ тады ні швэндаўся па ўсіх месцах: крымцы, ляхі, літвінства! Бывала тое, што і свае прыедуць кучамі ды абдзіраюць сваіх-жа.

Усяго бывала.

У гэтым вось хутары паказваўся часта чалавек, ці лепш д'ябал у чалавечым абліччы. Адкуль ён, чаго прыходзіў, ніхто не ведаў. Гуляе, п'янствуе і раптам знікае, як у ваду, і погаласкі няма. Там, зірк — зноў быццам з неба ўпаў, сланяецца па вуліцах сяла, якога цяпер і следу няма і якое было, можа, не далей за сто крокаў ад Дзіканькі. Назбірае сустрэчных казакаў: рогат, песні, грошы сыплюцца, гарэлка, як вада… прычэпіцца, бывала, да прыгожых дзяўчат: надарыць істужак, завушніц, маністаў — падзець няма куды! Праўда, што прыгожыя дзяўчаты крыху задумваліся, прымаючы падарункі: бог ведае, можа, сапраўды перайшлі яны цераз нячыстыя рукі. Родная цётка майго дзеда, якая трымала ў той час карчму на цяперашняй Апошнянскай дарозе, у якой часта гуляў Басаўрук, так называлі гэтага чартоўскага чалавека, іменна казала, што ні за якія выгоды не згадзілася-б прыняць ад яго падарункаў. Ізноў, як-жа не ўзяць: кожнага ахопіць страх, калі нахмурыць ён, бывала, свае шчаціністыя бровы і пусціць спадылба такі позірк, што, здаецца, збег-бы бог ведае куды; а возьмеш, дык на другую-ж ноч і цягнецца ў госці які-небудзь прыяцель з балота, з рагамі на галаве, і давай душыць за шыю, калі на шыі маністы, кусаць за палец, калі на ім пярсцёнак, або цягнуць за касу, калі ўплецена ў яе істужка. Бог з імі тады, з гэтымі падарункамі! Але вось бяда — і адчапіцца нельга: кінеш у ваду — плыве чартоўскі пярсцёнак або маністы паўзверх вады, і да цябе-ж у рукі.

вернуться

17

Маніць.

вернуться

18

Зманіць на споведзі.