Выбрать главу

У сяле была царква, бадай ці яшчэ, як успамяну, не святога Панцялея. Жыў тады пры ёй іерэй, блажэннай памяці айцец Афанасій. Заўважыўшы, што Басаўрук і на Вялікдзень не бываў у царкве, надумаўся быў ушчуць яго, пакласці царкоўнае пакаянне. Куды! насілу адкараскаўся. «Слухай, паноча!» загрымеў ён яму ў адказ: «ведай лепей сваю справу, чым лезці ў чужыя, калі не хочаш, каб казлячае горла тваё было залеплена гарачаю куццёю!» Што рабіць з акаянным? Айцец Афанасій абвясціў толькі, што кожнага, хто будзе знацца з Басаўруком, будзе лічыць за католіка, ворага Хрыстовай царквы і ўсяго чалавечага роду. У тым сяле быў у аднаго казака, прозвішчам Каржа, работнік, якога людзі звалі Пятром Бязродным; можа, таму, што ніхто не помніў ні бацькі яго, ні маці. Стараста царквы гаварыў, праўда, што яны на другі-ж год паўміралі ад чумы; але цётка майго дзеда ведаць гэтага не хацела і з усяе сілы старалася надзяліць яго раднёю, хоць беднаму Пятру ў ёй было столькі патрэбы, колькі нам у леташнім снезе. Яна казала, што бацька яго і цяпер на Запарожжы, быў у палоне ў турак, нацярпеўся пакуты бог ведае якой і нейкім цудам, пераапрануўшыся за еўнуха, даў ходу. Чорнабровым дзяўчатам і маладзіцам мала было справы да радні яго. Яны гаварылі толькі, што калі-б апрануць яго ў новы жупан[19], зацягнуць чырвоным поясам, надзець на галаву шапку з чорных смушак з шыкоўным сінім верхам, прывесіць з боку турэцкую шаблю, даць у адну руку малахай[20], у другую люльку ў прыгожай аправе, дык заткнуў-бы ён за пояс усіх парубкаў тутэйшых. Але вось бяда, што ў беднага Петруся ўсяго толькі і была адна шэрая світка, у якой было больш дзірак, як у некаторага жыда ў кішэні злотых. І гэта-б яшчэ невялікая бяда; а вось бяда: у старога Каржа была дачка красуня, якой, я мяркую, наўрад ці прыпадала вам бачыць. Цётка нябожчыка дзеда расказвала, — а жанчыне, самі ведаеце, лягчэй пацалавацца з чортам, не ў гнеў будзь сказана, чымся назваць каго красуняю, — што поўненькія шчокі казачкі былі свежыя і яркія, як мак самага тонкага ружовага колеру, калі, умыўшыся божаю расою, гарыць ён, распроствае лісцінкі і ахарошваецца перад толькі што ўзышоўшым сонейкам; што бровы нібы чорныя шнурочкі, якія купляюць цяпер для крыжыкаў і дукатаў дзяўчаты нашы ў праходзячых па сёлах з каробкамі маскалёў, роўна нагнуўшыся, як быццам глядзеліся ў ясныя вочы; што раток, пазіраючы на які аблізвалася тагачасная моладзь, здаецца, на тое і створаны быў, каб выводзіць салаўіныя песні; што валасы яе, чорныя, як крылле ворана, і мяккія, як малады лён (тады яшчэ дзяўчаты нашы не запляталі іх у дрыбушкі[21], перавіваючы прыгожымі, яркіх колераў, сіндзячкамі[22]), падалі кучаравымі кудзерамі на шыты золатам кунтуш[23]. Эх, не давядзі божа аглошваць мне на крыласе алілуя, калі-б, вось тут-жа, не пацалаваў яе, не зважаючы на тое, што сівізна прабіраецца па ўсім старым лесе, што ўкрывае маю макавінку, і пад бокам мая старая, як бяльмо на воку. Ну, калі дзе парубак і дзеўка жывуць блізка адзін ад другога… самі ведаеце, што выходзіць. Бывала, ні свет, ні зара, падковы чырвоных ботаў і прыкметны на тым месцы, дзе прастарэквала Підорка з сваім Петрусём. Але ўсё-б Каржу і на думку не прышло што-небудзь нядобрае, ды аднойчы, ну, гэта ўжо і відаць, што ніхто іншы, як нячысцік падвёў, надумаўся Пятрусь, не агледзеўшыся добра ў сенцах, заляпіць пацалунак, як кажуць, ад шчырага сэрца, у ружовыя губкі казачкі, і той самы нячысцік, каб яму, сабачаму сыну, прысніўся крыж святы, настроіў здуру старога хрэна адчыніць дзверы хаты. Здзеравянеў Корж, разявіўшы рот і ўхапіўшыся рукою за дзверы. Пракляты пацалунак, здавалася, аглушыў яго зусім. Яму здаўся ён гучней, чым удар макагона[24] аб сцяну, якім звычайна ў наш час мужык праганяе куццю, за адсутнасцю фузеі[25] і пораху.

Ачнуўшыся, зняў ён са сцяны дзедаўскі гарапнік і ўжо хацеў быў пакрапіць ім спіну беднага Пятра, як, адкуль ні вазьміся, шасцігадовы брат Підорчын, Івась, прыбег і ў спалоху схапіў ручкамі яго за ногі, закрычаўшы: «тата, тата! не бі Петруся». Што загадаеш рабіць? у бацькі сэрца не каменнае: павесіўшы гарапнік на сцяну, вывеў ён яго паціху з хаты: «Калі ты мне калі-небудзь з'явішся ў хаце, або хоць толькі пад вокнамі, дык слухай, Пятро, дальбог, прападуць твае чорныя вусы, дый асяледзец[26] твой, вось ужо ён два разы абматваецца вакол вуха, не будзь я Цярэнцій Корж, калі не развітаецца з тваёю макавінай!» Сказаўшы гэта, даў ён яму лёгенька рукою стусана[27] у патыліцу, так што Пятрусь, не згледзеўшы зямлі, паляцеў стрымгалоў. Вось табе і дацалаваліся! Ахапіла маркота нашых галубкоў; а тут яшчэ пагалоска па сяле, што да Каржа ўнадзіўся хадзіць нейкі лях, абшыты золатам, з вусамі, з шабляю, з шпорамі, з кішэнямі, што бражджалі як званок ад торбачкі, з якой панамар наш, Тарас, ходзіць кожны дзень па царкве. Ну, вядома, чаго ходзяць да бацькі, калі ў яго водзіцца чорнабровая дачка. Вось, аднойчы Підорка схапіла, заліваючыся слязамі, на рукі Івася свайго: «Івасю мой любы, Івасю мой мілы! бяжы да Петруся, маё залатое дзіця, як страла з лука; раскажы яму ўсё: любіла-б яго карыя вочы, цалавала-б яго белы тварык, ды не судзіў лёс мой. Не адзін ручнік вымачыла гаручымі слязамі. Мутарна мне. Цяжка на сэрцы. І родны бацька — вораг мой: змушае ісці за нялюбага ляха. Скажы яму, што і вяселле рыхтуюць, толькі не будзе музыкі на нашым вяселлі; будуць дзякі спяваць, замест кобз і сапілак[28]. Не пайду я танцаваць з жаніхом сваім; панясуць мяне. Цёмная, цёмная мая будзе хата! з кляновага дрэва, і, замест коміна, крыж будзе стаяць на страсе!»

вернуться

19

Род каптана. (Слоўн. Гогаля.)

вернуться

20

Гарапнік. (Слоўн. Гогаля.)

вернуться

21

Дробныя косы. (Слоўн. Гогаля.)

вернуться

22

Вузкія істужкі. (Слоўн. Гогаля.)

вернуться

23

Верхняе старасвецкае адзенне. (Слоўн. Гогаля.)

вернуться

24

Мяла. (Слоўн. Гогаля.)

вернуться

25

Крэмневая стрэльба.

вернуться

26

Доўгая пасма валасоў на галаве, якая заматваецца на вуха. (Слоўн. Гогаля.)

вернуться

27

Кулак. (Слоўн. Гогаля.)

вернуться

28

Музычны інструмент. (Слоўн. Гогаля.)