Выбрать главу

Як быццам укамянеўшы, не зрушыўшыся з месца, слухаў Пятро, калі невялікае дзіця лепятала яму Підоркіны словы. «А я думаў, няшчасны, ісці ў Крым і Турэччыну, наваяваць золата і з дабром прыехаць да цябе, мая красуня! Ды не быць таму. Нядобрае вока зірнула на нас. Будзе-ж, мая дарагая рыбка! будзе і ў мяне вяселле: толькі дзякоў не будзе на тым вяселлі; воран чорны пакрача, замест папа, нада мною; чыстае поле будзе мая хата; шызая хмара — мая страха; арол выклюе мае карыя вочы; вымыюць дажджы казацкія костачкі, і віхура высушыць іх. Але што я? на каго? каму скардзіцца? Так ужо, відаць, бог загадаў — гінуць, дык гінуць!» — Ды просценька і пацягнуўся ў карчму.

Цётка нябожчыка дзеда крыху здзівілася, убачыўшы Петруся ў карчме, ды яшчэ ў такую пару, калі добры чалавек ідзе на завутраню, і вылупіла на яго вочы, нібы спрасонку, калі загадаў ён падаць кухаль сівухі, амаль не з поўвядра. Толькі дарэмна думаў небарака заліць сваё гора. Гарэлка шчыпала за язык, быццам крапіва, і здавалася яму гарчэй за палын. Кінуў ад сябе кухаль на зямлю. «Досыць гараваць табе, казак!» загрымела штосьці басам над ім. Азірнуўся: Басаўрук! у! якая пачвара! Валасы — шчаціна, вочы — як у вала! «Ведаю, чаго нехапае ў цябе: вось чаго!» Тут бразнуў ён з чартоўскаю ўсмешкаю скураным кашальком, што вісеў у яго каля пояса. Здрыгануўся Пятро. «Ге, ге, ге! ды як гарыць!» зароў ён, перасыпаючы на руку чырвонцы. «Ге, ге, ге! ды як звініць! А і справы толькі аднае буду патрабаваць за цэлую гару такіх цацак». «Д'ябал!» закрычаў Пятро. «Давай яго, на ўсё гатоў!» Ударылі па руках. «Глядзі, Пятро, ты паспеў якраз у пару: заўтра Івана Купала. Адну толькі гэтую ноч у годзе і цвіце папараць. Не праваронь! Я цябе буду чакаць, апаўночы, у Мядзвежым яры».

Я мяркую, што куры так не чакаюць той пары, калі баба вынесе ім хлебных зярнят, як чакаў Пятрусь вечара. Раз-поразу глядзеў, ці не робіцца цень ад дрэў даўжэй, ці не румяніцца, знізіўшыся, сонейка, і што далей, то нецярплівей, Такая-ж вось даўжыня! мусібыць дзень божы згубіў дзе-небудзь канец свой. Вось ужо і сонца няма. Неба толькі чырванее на адным баку. І яно ўжо цьмянее. У полі робіцца халадней. Сутунее, сутунее і — змерклася. Насілу! З сэрцам, што ледзь-ледзь не выскоквала з грудзей, сабраўся ён у дарогу і асцярожна спусціўся густым лесам у глыбокі яр, які называлі Мядзвежым. Басаўрук ужо чакаў там. Цёмна, хоць у вока стрэль. Рука пры руцэ, прабіраліся яны па грузкіх балотах, чапляючыся за густую цярніну і спатыкаючыся амаль на кожным кроку. Вось і роўнае месца. Агледзеўся Пятро: ніколі яшчэ не здаралася яму заходзіць сюды. Тут спыніўся і Басаўрук.

«Ці бачыш ты, стаяць перад табою тры пагоркі. Шмат будзе на іх кветак розных; але, хавай цябе нетутэйшая сіла, вырваць хоць адну. Толькі як зацвіце папараць, хапай яе і не азірайся, што-б табе ззаду ні здавалася».

Пятро хацеў быў запытацца… зірк — і няма ўжо яго. Падышоў да трох пагоркаў, дзе-ж кветкі? Нічога не відаць. Дзікі быльнік чарнеў наўкола і глушыў усё сваёю гушчынёю. Але вось бліснула на небе бліскавіца, і перад ім паказалася цэлая града кветак, усё дзівосных, усё нябачаных; тут-жа і простае лісце папараці. Але не даў веры Пятро і ў роздуме стаў перад імі, падпёршыся абодвума рукамі ў бакі.

«Што тут за дзіўната? дзесяць разоў на дзень здараецца бачыць гэтае зелле; якое-ж тут дзіва? Ці не надумалася пасмяяцца д'ябальская храпа?»

Зірк — чырванее маленькая наквець і, як быццам жывая, рушыцца. Сапраўды, дзіўна! Рушыцца і робіцца ўсё больш, больш і чырванее, як гарачы вугаль. Успыхнула зорачка, нешта ціха затрашчала, і кветка разгарнулася перад яго вачыма, быццам полымя, асвятліўшы і іншыя каля сябе.